29 красавiка 2024, панядзелак, 14:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БНФ патрабуе спыніць пераслед гуманітарыяў

6
БНФ патрабуе спыніць пераслед гуманітарыяў

Партыя БНФ выступіла ў абарону гродзенскіх гуманітарыяў, якія падвяргаюцца пераследу за свае погляды і перакананні.

У заяве Партыі БНФ ідзе гаворка пра Валерыя Булгакава, былога рэдактара недзяржаўнага літаратурна-публіцыстычнага часопіса ARCHE, а таксама пра двух звольненых выкладчыках Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы - кандыдата гістарычных навук Андрэя Чарнякевіча і старэйшага выкладчыка кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права Ігара Кузьмініча, піша БелаПАН.

Чарнякевіч - адзін з аўтараў нядаўна выдадзенай кнігі «Гродназнаўства», якая змяшчае гістарычныя сімвалы Беларусі - герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг, фактычна забароненыя цяперашнімі ўладамі. Кузьмініч нядаўна апублікаваў у інтэрнэце две казкі, прысвечаныя гэтым сімвалам: «Хто такі белы рыцар на белым кані з белым мячом» (пра герб «Пагоня») і «Як паўстаў беларускі сцяг» (пра бел-чырвона-белы сцяг).

Як адзначаецца ў заяве, апошнія два месяцы ў Беларусі «назіраюцца небяспечныя праявы ўзмацнення рэпрэсій і пераследу ў гуманітарнай сферы», прычым усе яны мелі месца ў Гродне. Партыя БНФ заклікае міністра адукацыі Беларусі Сяргея Маскевіча ініцыяваць аднаўленне на працы Андрэя Чарнякевіча і Ігара Кузьмініча. У адваротным выпадку універсітэт «страціць маральнае права насіць імя беларускага нацыянальнага паэта Янкі Купалы», падкрэсліваецца ў заяве.

Акрамя таго, адзначае Партыя БНФ, улады ўчынілі ў Гродне «пагром творчага і навукова-выдавецкага асяроддзя, якое аб'ядналася вакол часопіса ARCHE». «Гэтая акцыя пачалася з арышту кніг і часопісаў прама падчас прэзентацыі выданняў», - адзначаецца ў заяве.

На думку яго аўтараў, падобныя «праявы цемрашальства аб'ядноўваюць палітыку цяперашняй улады з тымі часамі, калі на беларускай зямлі панавалі іншыя дзяржавы, якія вынішчалі беларускія школы і забаранялі беларускае друкаванае слова».

«У выпадку звальнення гродзенскіх выкладчыкаў на падставе іх публікацый маюць месца прыкметы парушэння артыкула 14 Працоўнага кодэкса, які забараняе дыскрымінацыю ў сферы працоўных адносін у сувязі з перакананнямі. Прыкры выпадак звальнення гісторыка Андрэя Чарнякевіча можа перакрэсліць навуковыя дасягненні гродзенскай гістарычнай школы, а звальненне Ігара Кузьмініча «за казкі» стане плямай на іміджы універсітэта, які носіць імя беларускага паэта Янкі Купалы», - заяўляе Партыя БНФ.

Палітыкі заклікаюць кіраўніцтва краіны «спыніць агрэсіўны пераслед беларускіх гуманітарыяў, у тым ліку пераслед кандыдата філасофскіх навук Валерыя Булгакава, і зняць забарону на распаўсюджванне выданняў творчага асяроддзя ARCHE (часопіс і кнігі) праз дзяржаўныя і прыватныя сеткі масавага продажу ў розніцу».

Пераслед выкладчыкаў і навукоўцаў Гродзенскага дзяржуніверсітэта, а таксама выдавецкага асяроддзя ARCHE з'яўляецца «пагрозай падмурку беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці», заяўляе Партыя БНФ. «Ва ўмовах, калі беларуская дзяржаўнасць знаходзіцца пад сталым ціскам з Усходу, а дзяржаўная ўлада пакутуе аўтарытарызмам і недахопам адчування нацыянальных інтарэсаў, адукацыя і культура з'яўляюцца тымі сферамі, на якіх грунтуецца ідэнтычнасць беларусаў як еўрапейскай нацыі. Выкараненне беларускай адукацыі і друку пагражае дэградацыяй беларусаў ад статусу нацыі да стану этнічнай супольнасці», - падкрэсліваецца ў заяве.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках