27 красавiка 2024, Субота, 20:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лабковіч: Будаўніцтва «Бульбаш-хола» - парушэнне заканадаўства

14
Лабковіч: Будаўніцтва «Бульбаш-хола» - парушэнне заканадаўства

Пракуратура павінна прыняць меры неадкладнага пракурорскага рэагавання, лічыць праваабаронца.

«Калі аналізаваць сустрэчу забудоўшчыка «Бульбаш-хола» з навуковым кіраўніком мемарыяльнай зоны Курапаты Маяй Кляшторнай, якая не паставіла свайго подпісу ў праекце будаўніцтва, відаць, што забудоўшчык парушыў парадак пабудовы аб'ектаў у ахоўнай зоне. Паўтараецца гісторыя з будоўляй кальцавой дарогі праз Курапаты ў 2001 годзе», - распавёў сайту charter97.org сябра Савета праваабарончага цэнтра «Вясна» Уладзімір Лабковіч.

Па словах праваабаронцы, пракуратура павінна адрэагаваць на парушэнне заканадаўства аб ахове гістарычна-культурных каштоўнасцей. «На жаль, грамадскасць даволі позна звярнула ўвагу на гэта будаўніцтва. Рэстаранны комплекс амаль дабудаваны і хутка ён можа быць уведзены ў эксплуатацыю. Але ўсё роўна ёсць прычыны для звароту ў пракуратуру, якая павінна прыняць меры неадкладнага пракурорскага рэагавання. Тут відавочна парушэнне беларускага заканадаўства аб ахове гістарычна-культурных каштоўнасцей».

Любая актыўнасць грамадскіх арганізацый і актывістаў дапаможа спыніць будаўніцтва на костках, адзначыў Уладзімір Лабковіч. «Любая грамадская дзейнасць хоць нейкім чынам дапаможа спыніць такія недапушчальныя акцыі, як будаўніцтва на касцях ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Любая грамадская актыўнасць будзе ўплываць на тое, каб такое будаўніцтва было спынена», - кажа праваабаронца.

Нагадаем, на ўскраіне Курапатаў амаль скончана будаўніцтва рэстараннага комплексу «Бульбаш-Хол». Забаўляльны комплекс будуецца ў месцы, дзе пахаваныя дзесяткі тысяч чалавек, расстраляных сталінскімі камуністамі ў 1930-я. Гэта будаўніцтва абурыла грамадскасць сваёй абразлівай для беларускай нацыі назвай і абраным месцам будаўніцтва, якое знаходзіцца ў ахоўнай зоне мемарыяла са статусам гістарычна-культурнай каштоўнасці.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках