29 красавiка 2024, панядзелак, 20:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

За кантрабанду расплацяцца «Магілёўхімвалакном»

111
За кантрабанду расплацяцца «Магілёўхімвалакном»

Страты расейскага бюджэту могуць быць кампенсаваныя беларускімі прамысловымі актывамі.

Расея запатрабавала ад Беларусі кампенсацыю $1,5 млрд. У такую суму ацэньваюцца страты расейскага бюджэту ад экспарту з Беларусі бензіну пад выглядам растваральнікаў і змазак, піша gazeta.ru.

Памер прэтэнзій складае каля 20% фінансавых рэзерваў Менска: іх прыйдзецца канвертаваць у прамысловыя актывы.

Масква прапанавала Менску кампенсаваць расейскаму бюджэту страты ад «растваральнікавага» бізнэсу. Сума прэтэнзій - прыкладна $1,5 млрд.

Улетку бягучага года высветлілася, што Беларусь рээкспартуе нафтапрадукты, атрыманыя з расейскай нафты, пад выглядам растваральнікаў, што дазваляе ёй пазбягаць выплат у расейскі бюджэт пошлін за пастаўкі паліва за межы Мытнага саюза.

Беларусь з 2011 года атрымлівае расейскую нафту і нафтапрадукты без мытнай пошліны. Але Менск абавязаны пералічваць у расейскі бюджэт экспартную пошліну на тыя нафтапрадукты, якія выраблены з расейскай нафты і пастаўляюцца за межы Мытнага саюза.

У пералік нафтапрадуктаў, што абкладаюцца пошлінай, не ўвайшлі растваральнікі. Гэтай акалічнасцю скарысталася Беларусь.

Рэспубліка імпартуе нафты больш, чым трэба для ўнутранага спажывання, пры гэтым у справаздачнасці Мытнага саюза з'явіліся растваральнікі, паведаміў у чэрвені амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў. «Толькі ў мінулым годзе іх было 2 мільёны тон», - удакладніў ён.

Па дадзеных беларускіх экспертаў, у 2011 годзе экспарт беларускіх растваральнікаў перавысіў $1,9 млрд супраць $160 млн у 2010 годзе. Раней крыніцы, блізкія да перамоў паміж Менскам і Масквой, ацэньвалі страты расейскага бюджэту прыкладна ў $2 млрд.

У кастрычніку Расея і Беларусь праводзілі перамовы па пастаўках расейскай нафты ў Беларусь у 2013 годзе. Маскоўская дэлегацыя заявіла, што, пакуль не будзе вырашана пытанне з пастаўкамі «растваральнікаў», паліўны баланс падпісаны не будзе. Каб сітуацыя не паўтарылася, разглядалася магчымасць увядзення экспартных пошлін на растваральнікі, роўных пошліне на светлыя нафтапрадукты (66% ад пошліны на сырую нафту), альбо пошліне на бензін (90% ад нафтавай).

Па словах загадчыка сектара эканамічнага дэпартамента Інстытута энергетыкі і фінансаў Сяргея Агібалава, атрымаць кампенсацыю ў сітуацыі, якая склалася, будзе цяжка. «Аб выкарыстанні схемы продажу высокаактанавых бензінаў пад выглядам растваральнікаў стала вядома яшчэ ў канцы 2011 года. З самага пачатку было зразумела, што наносіцца шкода расейскаму бюджэту , але Расея чамусьці чакала да лета 2012 года, - распавядае эксперт. - Беларусь, для якой патрэбная сума з'яўляецца адчувальнай (каля 18,5% фінансавых рэзерваў краіны), можа апеляваць менавіта да таго, што Расея не зрэагавала своечасова».

Агібалаў мяркуе, што заяўленыя страты Расеі могуць быць улічаны пры прыватызацыі беларускіх актываў. «Магчымая канвертацыя патрабаванняў расейскага ўрада ў прыватызацыйную праграму», - лічыць эксперт.

Беларускі эканаміст Антон Платаў таксама адзначае, што Беларусь ці ледзь выплаціць патрэбную суму. «Пастаўкі ў Еўропу бензіну пад выглядам растваральнікаў і змазак без выплаты пошлін у расейскі бюджэт далі Беларусі некалькі мільярдаў даляраў, якія дазволілі ў першым паўгоддзі выйсці на дадатнае сальда знешняга гандлю, - распавядае Платаў. - У выніку гэта дазволіла падняць зарплаты бюджэтнікам і правесці ў верасні парламенцкія выбары».

Цяпер лішніх $1,5 млрд у Менска няма - ні ў бюджэце, ні ў пазабюджэтных фондах, кажа эканаміст.

Але адмова плаціць павышае рызыку росту коштаў на расейскія энерганосьбіты і прыпынення крэдытавання праз Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС.

«Прыйдзецца расплочвацца прамысловымі актывамі», - мяркуе Платаў, называючы сярод магчымых аб'ектаў прыватызацыі на карысць расейскіх кампаній «Магілёўхімвалакно», дзе ў цяперашні час працуе каманда мэнэджараў з «Сібура».

Напісаць каментар 111

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках