4 траўня 2024, Субота, 12:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Здзелка года: прададзеная найбуйнейшая птушкафабрыка Беларусі

17
Здзелка года: прададзеная найбуйнейшая птушкафабрыка Беларусі

У выніку самай гучнай пакуль прыватызацыйнай здзелкі гэтага года другі ў Беларусі вытворца бройлераў прыватызаваў першага.

Магілёўская кампанія «Сервалюкс» стала ўласнікам дзяржаўнай Смалявіцкай бройлернай птушкафабрыкі, піша «Ежедневник».

Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў Менскім аблвыканкаме і на Смалявіцкай фабрыцы. Кампанія «Сервалюкс» стала акцыянерам Смалявіцкай бройлернай птушкафабрыкі праз дадэмісію і ўжо прыступіла да рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы на фабрыцы, растлумачыла крыніца ў аблвыканкаме. У яе рамках, у прыватнасці, будзе пабудаваны новы цэх забою птушкі, птушнікі для ўтрымання бацькоўскага статка і вырошчвання бройлераў, а таксама мадэрнізаваны іншыя аб'екты. Праўда, і чыноўнікі, і ўдзельнікі здзелкі адмовіліся раскрываць яе падрабязнасці.

Новы ўласнік актыўна шукае персанал для рэалізацыі сваіх планаў. Сярод вакансій, размешчаных на працягу апошняга месяца на адпаведных інтэрнэт-рэсурсах, значацца начальнік вытворчасці малочнага філіяла, загадчык складам, сістэмны адміністратар.

Пра тое, што магілёўская група «Сервалюкс» нацэлілася на найбуйнейшага ў краіне вытворцу мяса бройлераў, пісалі яшчэ ў снежні 2011 года. У пачатку 2012 года з'явілася, праўда, інфармацыя, што паўсталі некаторыя праблемы ў перамовах інвестара і дзяржавы. Але ў канчатковым выніку Яўгену Баскіну, які з'яўляецца асноўным уладальнікам «Сервалюкса», усё ж удалося ўзяць пад кантроль Смалявіцкую фабрыку.

Гэтая здзелка прывяла да стварэння найбуйнейшага бройлернага бізнесу на рынку Беларусі і аднаго з найбуйнейшых - у рамках Адзінай эканамічнай прасторы. Па дадзеных Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі, па выніках першага паўгоддзя 2012 года Смалявіцкая бройлерная птушкафабрыка займае першае месца па аб'ёмах вытворчасці мяса бройлераў у жывой вазе. На яе магутнасцях было выраблена 25,5 тыс. тон мяса бройлераў, а тэмп росту ў параўнанні з 1 паўгоддзем 2011 года склаў 106%.

Філіял «Сервалюкс-Агра», створаны Баскіным на базе прыватызаванай ў сярэдзіне 2000-х гадоў Магілёўскай бройлернай птушкафабрыкі, за гэты ж перыяд вырабіў больш за 25 тыс. тон мяса, а тэмп росту склаў 148%. За гэтымі двума фабрыкамі размясціліся баранавіцкая птушкафабрыка «Дружба» (24,8 тыс. тон), «Агракамбінат «Дзяржынскі» (23, 9 тыс. тон) і Віцебская бройлерная птушкафабрыка (21, 9 тыс. тон).

Такім чынам, ужо зараз створаны Баскіным холдынг вырабляе ў два разы больш мяса, чым бліжэйшы канкурэнт. Пры гэтым магутнасці як магілёўскай, так і смалявіцкай фабрык будуць нарошчвацца. У мінулым годзе «Сервалюкс» вырабіў 36 тыс. тон мяса бройлераў. За першае паўгоддзе бягучага года магілёўская фабрыка выпусціла ўжо 25 тыс. тон, а план да канца года складае - 50 тыс. тон мяса.

Сам «Сервалюкс» і да прыватызацыі Смалявіцкай фабрыкі з'яўляўся найбуйнейшым прыватным вертыкальна-інтэграваным холдынгам ў аграпрамысловым комплексе Беларусі. Акрамя галаўной вытворчай пляцоўкі пад Магілёвам у яго структуру ўваходзяць фабрыка бацькоўскага статка ў Быхаве, камбікормавы завод у Аршанскім раёне, а таксама гандлёвая сетка (звыш 30 магазінаў) і брэнд «Пятруха». Разам з бройлернай фабрыкай ў Смалявіцкім раёне пад кантроль «Сервалюкса» патрапілі і філіял у Пухавічах, тры сельскагаспадарчых аддзялення, Красназнаменскі камбікормавы і Смалявіцкі малочны заводы, фірмовая сетка з больш як 30 крам (брэнд «Братья Грилль»).

Баскін не абмяжоўваецца тэрыторыяй Беларусі і мае актыў ва Украіне (племянная свінаферма) і будуе трэццю бройлерную фабрыку ў Смаленскай вобласці. Яе магутнасць складзе 50 тыс. тон мяса бройлераў у год, а пуск у эксплуатацыю павінен адбыцца ў 2013 годзе.

На ўнутраным рынку ўваходжанне «Сервалюкса» у Смалявіцкую бройлерную птушкафабрыку можа прэтэндаваць на здзелку года. На фоне абмежавання дзейнасці наглядальных саветаў беларускіх ААТ, нацыяналізацыі «Камунаркі» і «Спартака» і праблем акцыянераў «Луча», яна выглядае неадназначнай. Адназначна ў дадзеным выпадку толькі тое, што Яўген Баскін апынуўся ў ліку невялікага кола шчасліўчыкаў, якія дапушчаныя да прыватызацыі дзяржуласнасці. Іх на самай справе няшмат, але ўчасткі працы ім дастаюцца вельмі адказныя: у 2012 годзе гэта Мікалай Варабей, які стаў уласнікам Наваполацкага завода БВК і «Вескі-Эмульбіт», Аляксандр Садавой, які атрымаў долю ў Аршанскім авіярамонтным заводзе, Юрый Чыж, які купляе пакет у  «Крыніцы», і пакуль невядомы шырокаму колу інвестар, які цяпер вядзе перамовы аб куплі цэхаў «Інтэграла».

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках