3 траўня 2024, Пятніца, 16:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міклаш Харашці: Мая задача - збіраць факты

9
Міклаш Харашці: Мая задача - збіраць факты

Афіцыйны Менск не збіраецца супрацоўнічаць са спецдакладчыкам Савета ААН па Беларусі Міклашам Харашці.

Пра гэта заявіў на днях пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях Міхаіл Хвастоў.

Ён сказаў, што з улікам свайго «палітычнага мінулага» Харашці не зможа бесстаронне і аб'ектыўна ажыццяўляць свае функцыі.

Міклаш Харашці адказаў на пытанні «Радыё Свабода».

- Як вы бачыце сваю ролю спецдакладчыка па Беларусі?

- Мая роля вельмі выразна вызначана ў мандаце: галоўная задача - збіраць факты. Спадарыня Пілэй, Вярхоўны камісар ААН па пытаннях праў чалавека, у чэрвені падрыхтавала для Савета ААН па правах чалавека ў Жэневе вельмі дэталёвую справаздачу аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Дакладчык павінен дапамагчы ўраду Беларусі выканаць рэкамендацыі з гэтай справаздачы і сабраць на месцы факты пра змены, праўдзіва перадаць пазіцыі ўсіх удзельнікаў працэсу - праваабаронцаў, урада...

- Чаго, на вашу думку, можа зараз дасягнуць міжнародная супольнасць у Беларусі?

- Я лічу, што толькі нацыянальная супольнасць любой краіны можа дасягнуць сапраўднага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў сваёй краіне. Роля міжнароднай супольнасці ў тым, каб дапамагаць праваабаронцам і ўрадам выканаць міжнародна прызнаныя абавязацельствы кожнай краіны ў сферы праў чалавека. У сучасным свеце, пасля Другой сусветнай вайны, краіны дамовіліся адносна асноўных праў чалавека. Усе гэтыя краіны падпісалі міжнародныя дамовы ў галіне праў чалавека і абавязаліся супрацоўнічаць з міжнароднай супольнасцю ў гэтай справе. Таму я яшчэ раз падкрэсліваю, што роля міжнароднай супольнасці ў тым, каб не дыктаваць, а дапамагаць праваабаронцам і ўрадам ажыццяўляць агульнапрызнаныя правілы, агульную скарбніцу міжнародных стандартаў у сферы праў чалавека. Я спадзяюся, што мне ўдасца гэтага дасягнуць у супрацоўніцтве з усімі зацікаўленымі бакамі.

З асабістага вопыту магу сказаць, што мая надзея грунтуецца на тым факце, што ў мінулым у мяне атрымалася супрацоўнічаць з усімі зацікаўленымі бакамі ў Беларусі. Напрыклад, у 2005 годзе, менш чым за год працы ў якасці прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды прэсы, я атрымаў запрашэнне ад урада Беларусі прыехаць з місіяй збору фактаў, і я меў магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі ўрада на вельмі высокім узроўні. Міністр замежных спраў Мартынаў быў у той час не ў Беларусі, але ён патэлефанаваў мне, каб падкрэсліць важнасць супрацоўніцтва. Я меў магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, прэсы. Гэта даказвае, што супрацоўніцтва магчыма, што мая асоба прызнаецца ўрадавымі коламі гэтак жа, як і грамадзянскай супольнасцю. І гэта напаўняе мяне надзеяй, што мы зможам зноў супрацоўнічаць з удзелам усіх зацікаўленых бакоў.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках