19 красавiка 2024, Пятніца, 23:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія будаўнікі масава з'язджаюць у Расею

27
Беларускія будаўнікі масава з'язджаюць у Расею

Даследнікі прадстаўленага на днях беларускага Індэкса дзелавога аптымізму адзначаюць, што ў апошні час асабліва пагоршылася становішча бізнесу ў будаўнічай сферы.

Гэта звязваюць з тым, што асноўнымі заказчыкамі ў краіне з'яўляюцца дзяржаўныя арганізацыі і прадпрыемствы. Затое на расейскім рынку шмат гадоў паспяхова працуюць некалькі буйных прыватных будаўнічых кампаній, створаных беларускімі бізнесменамі. І працуюць у іх беларускія спецыялісты.

Кваліфікаваныя беларускія будаўнікі, недахоп якіх на мясцовых аб'ектах становіцца ўсё больш адчувальным, часта адпраўляюцца на заробкі ў Расею. «Завтра твоей страны» склала топ-5 беларускіх будаўнічых кампаній-экспарцёраў паслуг і іх знакавыя аб'екты на тэрыторыі Расеі.

ІМО

На базе заснаванай у Дзяржынску кампаніі ІМО ўжо некалькі гадоў у Расеі дзейнічае магутны будаўнічы холдынг. У яго ўваходзяць каля дзесятка кампаній, якія займаюцца будаўніцтвам прамысловых і грамадзянскіх аб'ектаў на расейскім крайнім Поўначы.

Адзін з самых значных праектаў, на якім і цяпер задзейнічаны беларускія брыгады, - стварэнне інфраструктуры на найбуйнейшым радовішчы Усходняй Сібіры - Ванкоры. Ванкорскае радовішча належыць кампаніі «Раснафта», якая ажыццяўляе тут здабычу нафты з 2009 года.

«Стромінвест-М»

Пік актыўнасці гэтай кампаніі на расейскім рынку прыходзіўся на сярэдзіну 1990-х і пачатак 2000-х гадоў. У якасці падрадчыка кампанія фігуравала ва ўзвядзенні штаб-кватэры «Ітэры-груп», катэджнага пасёлка «Архангельскае» у Горках-6, офіса «Ланта-банка», гандлёва-забаўляльных цэнтраў «Залатая краіна», «Квадра», «Глобал Сіці».

Будаўнікі «Стромінвеста-М» удзельнічалі ў 1995-1996 гадах у аздабленні будынка цэнтральнага офіса Ашчаднага банка Расеі, а ў 1996-1998 гадах кампанія ў якасці субпадрадчыка была занята на аднаўленні Храма Хрыста Збавіцеля ў Маскве.

Цяпер галоўныя аб'екты кампаніі знаходзяцца ў Беларусі.

«Фелікс»

У кампаніі першапачаткова было два раўназначных офіса - у Менску і Маскве. Нядаўна «Фелікс» адкрыў даччыную кампанію ў горадзе Сочы, які перажывае будаўнічы бум з-за падрыхтоўкі да зімовай Алімпіяды -2014.

У расейскім партфоліо групы каля дзесятка аб'ектаў для газавікоў і нафтавікоў у Наябрску, Губкінскам, Мураўленка і Новым Урэнгоі. У Падмаскоўі кампанія пабудавала ў 2006 годзе ўласны буйны лагістычны комплекс.

«Веста»

У Беларусі ўладальніку «Весты» належаць найбуйнейшая частка сеткі АЗС і аздараўленчы комплекс, у Расеі - будаўнічая кампанія. Яна з'яўляецца генпадрадчыкам «Алросы» - аднаго з найбуйнейшых сусветных здабытчыкаў дыяментаў.

«Гласбел»

У 2009 годзе кампанія «Трайпл» выйграла тэндэр на будаўніцтва біятлоннага комплексу ў Чырвонай Паляне для Алімпіяды-2014. Але праз некаторы час па невядомых прычынах адмовілася ад гэтага праекта.

Цяпер самы вядомы аб'ект сочынскай Алімпіяды, ва ўзвядзенні якога прымаюць удзел беларускія кампаніі, - Вялікая лядовая арэна, галоўная спартыўная пляцоўка зімовых алімпійскіх гульняў-2014. У яе шкленні прыняла ўдзел беларуская кампанія «Гласбел», заводы і офісы якой размешчаны ў Беларусі, Расеі, Украіне і Літве, а партфоліо налічвае некалькі дзесяткаў знакавых праектаў.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках