20 красавiка 2024, Субота, 16:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Скачкі з боку ў бок

12
Скачкі з боку ў бок

Калі б з куратарамі знешняй палітыкі разбіраліся, як са спартсменамі, сядзець бы Максіму Рыжанкову ў распранальні. А ён стаў памочнікам Лукашэнкі.

Сам прызначэнец прызнаўся, што такі паварот у кар'еры стаў для яго нечаканым, піша «Народная воля».

«Вельмі нечаканая для мяне прапанова. Разглядаю яе як знак высокага даверу з боку кіраўніка дзяржавы, а для сябе асабіста - як вельмі сур'ёзны жыццёвы выклік. Што тычыцца роду маіх ранейшых заняткаў, то я - прафесійны дыпламат. Больш за 18 гадоў працаваў у сістэме дыпламатычнай службы, з іх апошнія 6 гадоў - на пасадзе начальніка ўпраўлення знешняй палітыкі Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», - цытуе Рыжанкова БелТА.

Экс-міністр спорту і турызму Беларусі Аляксандр Грыгараў падзяліўся сваім меркаваннем аб новых прызначэннях у беларускім спорце.

«Максіма я ведаю яшчэ з тых часоў, калі ён вучыўся ў інстытуце. Гэта сын першага міністра спорту - Уладзіміра Рыжанкова. Ён вельмі прыемны чалавек, адукаваны. Я з задавальненнем успрыняў яго прызначэнне. Што тычыцца Рачкоўскага (магчымы віцэ-прэзідэнт НАК), то мы з ім, натуральна, узаемадзейнічалі, бо ён і па гэты дзень кіруе федэрацыяй паруснага спорту. Усе пытанні, якія нам даводзілася вырашаць, вырашаліся аператыўна, так бы мовіць, па-генеральску. А вось аб новым міністры нічога не магу сказаць, я з ім не знаёмы».

Імклівая кар'ера Максіма Рыжанкова наўрад ці выпадковая. Па-першае, сын былога міністра. Па-другое, па неафіцыйнай інфармацыі, вучыўся з Віктарам Лукашэнкам. Аднак яго дыпламатычная кар'ера пачыналася не вельмі ўдала. У 2005 годзе, падчас беларуска-польскага дыпламатычнага скандалу Максім Рыжанкоў быў высланы з Польшчы (ён знаходзіўся там у амбасадзе ў якасці дарадцы-пасланца). Магчыма, ад гэтага ідзе адмысловая нелюбоў да Польшчы ў знешнепалітычнага ўпраўлення Адміністрацыі Лукашэнкі, якое да пазаўчорашняга дня ўзначальваў Рыжанкоў, і далей па вертыкалі.

Гэты хлопец вельмі спрытны. З яго імем быў звязаны вось які інцыдэнт. У 2002 годзе (Максім Рыжанкоў тады быў яшчэ зусім юным) у Варшаве пад эгідай АБСЕ праходзілі слуханні па праблеме свабоды друку ў Беларусі. У іх прынялі ўдзел члены як афіцыйнай, так і няўрадавай дэлегацыі. Беларускі МЗС прадстаўляў менавіта Рыжанкоў. У ходзе мерапрыемства было вырашана падпісаць петыцыю за вызваленне журналістаў Мікалая Маркевіча і Паўла Мажэйкі, якія тады адбывалі свае тэрміны ў беларускіх калоніях за паклёп на беларускага кіраўніка. Зварот пусцілі па шэрагах для збору подпісаў. Аднак калі зварот апынулася ў той частцы залы, дзе сядзела афіцыйная беларуская дэлегацыя, то дзесьці ў раёне Рыжанкова ён знік. Такога спрыту ад маладога дыпламата проста ніхто не чакаў. І яго запомнілі.

Пасля высылкі з Польшчы ён працаваў у беларускай амбасадзе ў Ізраілі, быў начальнікам упраўлення Амерыкі МЗС, потым перайшоў у Адміністрацыю прэзідэнта.

Зрэшты, у спартыўныя разборкі яго даўно спрабавалі ўцягнуць. У свой час здарылася гучная гісторыя, калі ваявалі НДІ спорту і газета «Прессбол» (у часы міністра Грыгарава). У ход пайшлі самыя брудныя метады. Вось як апісваў сітуацыю галоўны рэдактар газеты Уладзімір Беражкоў. «Заўтра ў тым жа судзе мы сустрэнемся з рэальным стаўленікам Грыгарава - тым жа прафесарам Бондарам, які ў рамках той жа кампаніі па алімпійскай дыскрымінацыі нашай газеты праз орган Мінспорту абвінаваціў мяне ў смерці першага прэзідэнта НАКа і міністра спорту Рыжанкова. Я падаў пазоў, і тады адказчык дадумаўся звярнуцца да сям'і Уладзіміра Мікалаевіча, канкрэтна да яго сына - з прапановай расказаць ў судзе пра тое, чаго на самай справе не было, то ёсць ілжэсведчыць. Але Максім Уладзіміравіч Рыжанкоў выхаваны прыстойнымі бацькамі, Бондар атрымаў адмову».

Магчыма, што спартыўная кар'ера Рыжанкова будзе складацца ўдалей дыпламатычнай. Па крайняй меры, магчыма, ён хоць бы паспрабуе, каб спартсмены не трапілі ў спісы невыязных. Паколькі, каб у яго трапілі чыноўнікі, на пасадзе кіраўніка знешнепалітычнага ўпраўлення адміністрацыі Лукашэнкі ён добра папрацаваў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках