24 красавiка 2024, Серада, 12:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грошай на войска няма

112
Грошай на войска няма

Эканамісты прааналізавалі дзяржаўны бюджэт і прыйшлі да высновы, што ў 2013 году Беларусь не зможа прахарчаваць войска.

Аляксандр Лукашэнка 13 лістапада прыняў з дакладам міністра абароны Юрыя Жадобіна, паведамляе прэс-служба дыктатара.

«Мы дамаўляліся пра тое, што нам трэба яшчэ раз паглядзець на наша войска і прыняць пастанову ў кірунку ягонай, можа быць, не мадэрнізацыі, а ўдасканалення, каб мы не пайшлі не тым шляхам (таму што гэта вялікія выдаткі), а стваралі войска адпаведна тым выклікам, якія сёння існуюць, – сказаў Лукашэнка. – Да прыкладу, навошта нам утрымліваць ці закупляць старыя ўзбраенні, калі ў сучаснай вайне яны не могуць быць ужытыя. Тое ж самае магу сказаць і пра колькасць, і пра асобы, і пра структуру Узброеных сіл».

«Таму мы прынялі пастанову пра тое, што збяруцца разумныя людзі, у нас іх досыць у войску, і з улікам апошніх падзей у розных рэгіёнах свету мы яшчэ раз паглядзім на нашыя Узброеныя сілы. Гэта – галоўнае пытанне», – дадаў ён.

Напраўду кіраўнік дзяржавы нездарма схамянуўся, што ў войску шмат старога і непатрэбнага.

Аналізуючы закон аб дзяржаўным бюджэце на 2013 год для партала «Беларускі бізнэс», кіраўнік аналітычнага праекта «Belarus Security Blog» Андрэй Паротнікаў менавіта на вайсковыя выдаткі звярнуў асаблівую ўвагу. «Бюджэт наступнага года прадоўжыў тэндэнцыю апошніх 20 гадоў у частцы хранічнага недафінансавання нацыянальнага войска. Беларуская абаронная ўстанова атрымае трохі больш за $680 млн пры мінімальна патрэбным $1 млрд. Падкрэсліваю: мінімальна патрэбным! Што дазволіць падтрымліваць у баяздольным стане тое, што ёсць, і ажыццяўляць дробнасерыйныя закупы самых неабходных узбраенняў. Праўда, з прычыны гэтай дробнасерыйнасці такія закупы істотнага ўплыву на ўзровень абароназдольнасці зрабіць не змогуць. Калі ж гаварыць пра перспектывы нарошчвання нацыянальнага абароннага патэнцыялу, то з улікам пільнай патрэбы пераўзбраення гаворка павінна весціся пра $1,6-1,8 млрд у год, г.зн. пра стандарт вайсковых выдаткаў NATO у 3% ВУП».

На беларускае войска такіх грошай ніхто не выдасць. Больш за тое, выдаткі на праваахоўныя органы перасягаюць выдаткі на нацыянальную абарону, што толькі пацвярджае даўняе назіранне палітолагаў пра тое, што механізмы кантролю над уласным народам для ўлады важнейшыя за абарона ад вонкавага ворага, піша «Народная воля».

Такім чынам, сённяшнюю сустрэчу Аляксандра Лукашэнкі з міністрам абароны можна рэзюмаваць сцісла: грошай нямашака.

Напісаць каментар 112

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках