26 красавiка 2024, Пятніца, 4:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ганна Шапуцька: «Бульбаш-хол» павінен стаць музеем ахвяр таталітарызму

10
Ганна Шапуцька: «Бульбаш-хол» павінен стаць музеем ахвяр таталітарызму

Арганізатар мерапрыемства «Абаронім Курапаты» кажа, што грамадскасць выйграла час, але да поўнага спынення будаўніцтва забаўляльнага комплексу яшчэ далёка.

«Я ўпэўненая, што на прыпыненне будаўніцтва забаўляльнай установы ў Курапатах падзейнічала тое, што грамадскасць так актыўна выступіла супраць гэтай забудовы, актыўна пратэставала і падпісвала зварот у Генпракуратуру», - распавяла сайту charter97.org арганізатар круглага стала «Абаронім Курапаты» Ганна Шапуцька.

Па словах грамадскай актывісткі, будаўнікі «Бульбаш-хола» выйшлі за мяжу той зямлі, на якой Мінкульт дазволіў ім будаўніцтва:

«Міністэрства культуры ведала пра будаўніцтва, яны не хаваюць гэтага ў сваім адказе на наш зварот. У 2003, 2005 і 2006 гадах гэты праект быў узгоднены, яны далі дазвол на будаўніцтва. Але будаўнікі выйшлі за межы дазволенай тэрыторыі. І калі прадстаўнікі Менрайвыканкама і Мінкульта выехалі на месца забудовы, яны замерылі, што будаўнікі выйшлі за тэрыторыю, якую ім прапаноўвалі для забудовы. І забудоўшчык вымушаны быў спыніць будаўніцтва на гэтай зоне».

Як толькі забудоўшчык прывядзе дакументы ў парадак, ён зможа прадоўжыць работы ў ахоўнай зоне, адзначыла Ганна Шапуцька:

«Вядома, гэта толькі першы крок. Мы разумеем, што сам аб'ект ёсць, ён стаіць і ніхто не памяняў яго забаўляльнае прызначэнне, ён застаецца рэстаранам. Згодна з адказам з Мінкульта, «аднаўленне прац будзе магчыма пасля забеспячэння адпаведнасці праектнай дакументацыі прававым нормам». Гэта значыць, як толькі яны прывядуць у парадак дакументы або дамовяцца, што тую частку забудовы, якая знаходзіцца ў ахоўнай зоне, яны ўбяруць, яны змогуць працягнуць будаўніцтва. Мы проста трохі выйгралі часу. Старанні грамадзян павінны быць яшчэ больш актыўнымі і не павінны спыняцца да таго часу, пакуль гэтая забудова не будзе перададзеная дзяржаве і выкарыстаная як музей ахвяр таталітарных рэпрэсій. Калі яе нельга проста знесці, яна павінна быць выкарыстаная такім чынам.

Будзе зроблена ўсё, каб спыніць будаўніцтва «Бульбаш-хола», запэўніла арганізатар круглага стала «Абаронім Курапаты»:

«Мы будзем рабіць усё, каб спыніць будаўніцтва ў Курапатах. Яшчэ раз накіруем зварот, будзем прасіць аб сустрэчы і запісвацца на прыём - у міністэрства культуры, Менаблвыканкам, Менрайвыканкам. Будзем пісаць у Генпракуратуру, патрабаваць, каб быў прыняты закон аб ахоўных зонах. Цяпер такога закону няма, ёсць толькі інструкцыя, за парушэнне якой нікога прыцягнуць да адказнасці нельга».

Ганна Шапуцька заклікае неабыякавых беларусаў падпісваць звароты і распавядаць сваім знаёмым пра Курапаты:

«Падпішыце петыцыю хаця б у Інтэрнэце. А лепш прыязджайце на офіс БНФ (працуе з 10:00 да 20:00 па буднях) па адрасе Чарнышэўскага, 3-39, там знаходзіцца зварот у Генпракуратуру, пад якім вы можаце паставіць свой подпіс. Самае важнае - не быць абыякавымі, распаўсюджваць інфармацыю сярод сваіх знаёмых. Паводле нядаўняга апытання, многія людзі нават не ведаюць, што такое Курапаты. Важна быць салідарнымі, разам мы зможам спыніць такія гвалтоўныя дзеянні супраць нашай памяці».

Нагадаем, на тэрыторыі ўрочышча Курапаты «Наша рэстаранная група» ўзводзіць забаўляльны комплекс «Бульбаш-хол» з відам на крыжы. Забудова на тэрыторыі ахоўнай зоны забаўляльнай установы з абразлівай для беларусаў назвай абурыла грамадскасць і выклікала шырокі рэзананс.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках