26 красавiка 2024, Пятніца, 20:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ, Японія і ЗША падалі скаргу на Расею ў СГА

26
ЕЗ, Японія і ЗША падалі скаргу на Расею ў СГА

Расею абвінавачваюць у пратэкцыянізме, што парушае правілы міжнароднага гандлю.

Эксперты спрачаюцца - ці будзе гэта мець наступствы?

На пасяджэнні Рады гандлю таварамі СГА прадстаўнік Еўрапейскага Звязу выступіў са скаргай, што Расея выкарыстоўвае «пратэкцыянісцкія захады», якія парушаюць правілы міжнароднага гандлю. Скарга паступіла ў афіцыйным, але пакуль толькі вусным парадку. Аб гэтым паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на стэнаграму пасяджэння Рады.

Восьмым пунктам парадку дня пасяджэння стаяла пытанне «Аб выкананні Расеяй пагадненняў СГА: заява Еўразвязу, Японіі і ЗША». Гаворка ідзе аб забароне на імпарт жывой жывёлы з Еўрапейскага Звязу і утылізацыйнага збору на імпартаваныя аўтамабілі. Менавіта ў апошняй прэтэнзіі Еўрапейскі Звяз падтрымліваюць ЗША і Японія, паведамляе «Голас Амерыкі».

Надоечы Расея адмовілася зняць забарону на імпарт свіней з ЕЗ, уведзеную 20 сакавіка. Прадстаўнік ЕЗ сказаў, што гэта «неапраўдана», «выклікае дыспрапорцыі», а захады назваў «непрапарцыйнымі». Пасля вуснага папярэджання магчымая падача фармальнай скаргі ў судовую інстанцыю СГА.

Як вядома, з 1 верасня ў Расеі дзейнічае утылізацыйны збор за ўвоз аўтамабіляў замежнай вытворчасці. Прадстаўнік ЕЗ адзначыў, што падатак ад 420 еўра на малыя і сярэднегабарытныя імпартныя аўтамабілі, і да 150 тыс. еўра на цяжкую будаўнічую тэхніку і грузавікі з'яўляецца проста дыскрымінацыяй імпарцёраў. «Ёсць шэраг і іншых абсягоў, дзе ў ЕЗ ёсць пытанні або сумненні з нагоды сумленнага выканання абавязанняў Расеі ў дачыненні да правілаў СГА», - цытуе Reuters канец выступу.

Усяго тыдзень таму Уладзімір Пуцін правёў пасяджэнне Рада бяспекі ў пашыраным складзе, на якім абмяркоўвалася «выпрацоўка захадаў гарантавання нацыянальнай бяспекі і абароны расейскіх эканамічных інтарэсаў на пачатковым этапе функцыянавання эканомікі Расеі ў рамках Сусветнай гандлёвай арганізацыі".

Як заявіў тады прэзідэнт, Расеі варта распрацаваць план адаптацыі асобных галін яе эканомікі да ўмоў сяброўства ў СГА. У кароткатэрміновай перспектыве, адзначыў ён, магчымыя пэўныя складанасці, і праз крызіс на глабальных рынках узмацніліся рызыкі, якія, напрыклад, закранаюць «абавязанні аб зніжэнні імпартных мытаў на шэраг тавараў». Тады ж Пуцін пералічыў асноўныя праблемныя галіны, згадаўшы і сектар жывёлагадоўлі, і аўтамабілебудаванне.

У нядаўнім інтэрв'ю газеце «Коммерсант» віцэ-прэм'ер Аркадзій Дварковіч выказаў меркаванне, што дзеянні, накіраваныя на абарону расейскага рынку ў асобных галінах, супярэчаць правілам СГА не больш, чым захады, прынятыя ў іншых краінах.

«Усе чальцы СГА парушаюць правілы. Гэта акурат звычайная сітуацыя, што ўсе імкнуцца рабіць тое, што знаходзіцца на мяжы ці нават часам за мяжой, судзяцца паміж сабой. Гэта нармальна», - заявіў у інтэрв'ю Дварковіч.

«Не мінула і месяца»

Намеснік кіраўніка незалежнага аналітычнага цэнтра «ВТО-Информ» у размове з карэспандэнтам Рускай службы «Голоса Америки» выказаў меркаванне, што вусныя скаргі, хутчэй за ўсё, перарастуць у афіцыйныя скаргі ў судовыя інстанцыі СГА. «Усякія пытанні, якія нясуць простую выгаду нацыянальным вытворцам гэтых краін, будуць даводзіцца да ўсіх інстанцый, калі не атрымаецца дамагчыся кампрамісу ці саступак ад Расеі вусна або падчас дзвюхстаронніх перамоў» - мяркуе эксперт.

Пронін адзначыў, як хутка пасля ўступу ў СГА ў Расеі ўзніклі першыя праблемы: «Наш Цэнтр не раз менавіта пра гэта папярэджваў. Але я думаў, што, пакуль разгайдаецца бюракратычнае кола, міне каля года. А тут не прамінула й месяца. Здаецца, для Расеі гэта ўжо некіраваная сітуацыя. Бо нават з забаронай на ўвоз свініны з ЕЗ яе імпарт вырас на 16% за апошні час».

«Утылізацыйны збор на аўтамабілі напраўду - яскравы прыклад. Уладзімір Пуцін сам выказаўся на пасяджэнні, што гэта не больш чым кампенсацыя зніжаных мытаў і дапамога айчынным аўтамабілебудаўнікам. Але цяпер у судзе СГА змогуць выкарыстоўваць гэтыя словы, простую мову кіраўніка дзяржавы, пра тое, што Расея прыхавана ўжывае абмежаванні на імпарт і вызнае гэта», - каментуе Пронін. - «Гэты збор яшчэ не пачаў дзейнічаць, а партнёры ўжо кажуць, што гэта супярэчыць правілам. Улічваючы ўзровень падрыхтоўкі іхных юрыстаў і спецыялістаў, абараніць інтарэсы Расеі будзе цяжка».

«Дварковіч, вядома, мае рацыю, правілы СГА парушаюць усе. Але гэта як у «Ферме» Оруэла - хтосьці мае рацыю, а хтосьці яшчэ больш мае». «Гэта, напэўна, папераджальны стрэл» - падсумаваў эксперт.

Крыс Уіфер, галоўны стратэгіст Sberbank Investment Research, наадварот, мяркуе, што вусныя скаргі ў Радзе СГА пакуль не пяройдуць у судовыя інстанцыі. Уіфер адзначыў, што Еўрапейскі Звяз, мабыць, папярэджвае Расею, нагадваючы ёй, што цяпер дзейнічаць трэба ў адпаведнасці з правіламі СГА. «Калі Расея будзе надалей парушаць правілы або больш сур'ёзна парушаць правілы, ЕЗ можа, сапраўды, перадаць справу ў суд».

«Выпадкі, на якія паказаў Еўрапейскі Звяз, мне здаецца, з'яўляюцца нагодай, каб папярэдзіць Расею», - кажа Уіфер. - «Ніхто не верыць, што гэтыя парушэнні досыць сур'ёзныя, каб нешта прадпрымаць. Я думаю, у ЕЗ спадзяюцца, што справу, напрыклад, з забаронай на ўвоз можна лёгка развязаць ».

«Расея не раз ускладала забарону на ўвоз, напрыклад, кураціны з ЗША. Але праз пэўны час забарону здымалі», - згадвае эксперт. - «Тым больш, надоечы Расея заявіла, што будзе рабіць пратэкцыянісцкія захады для абароны свайго вытворцы, і СГА чула і прыняла гэта. Таму нядаўнія вусныя скаргі - гэта, мусіць, папераджальны стрэл, сапраўдныя справы могуць пачацца прыкладна праз тры гады, калі будзе ясна, як расейская вытворчасць адаптавалася да сяброўства ў СГА ».

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках