Пенсіянеры стаяць у чэргах за бясплатнымі газетамі
73- 27.12.2012, 11:24
Дзесяткі пенсіянераў дзяжураць у менскім метро, каб атрымаць бясплатны выпуск газеты з праграмай ТБ.
Год таму газету «Вечерний Минск» вырашылі зрабіць бясплатнай - выданне распаўсюджваюць у метро. Нічога новага ў гэтым няма, такая практыка існуе ў большасці краін свету. У Беларусі, праўда, свае асаблівасці: за бясплатнай прэсай адразу ж пачалі выбудоўвацца чэргі са старых, якія бяруць яе пачкамі.
Ажыятаж вакол бясплатнай газеты не спадае. Як паведамляюць чытачы onliner.by, раніцай па чацвяргах на некаторых станцыях метро па-ранейшаму дзяжураць натоўпы пенсіянераў, якія прыязджаюць сюды ў любое надвор'е. Не праштурхнуцца! Працэс «раздачы» зафіксавалі сёння на станцыі метро «Маскоўская».
«Газету бяру, таму што там праграма тэлебачання добрая. І бясплатная, - распавёў 75-гадовы Валерый Канстанцінавіч, які жыве на вуліцы Валгаградскай. - Што яшчэ дома рабіць? Дзеці выраслі, унукі раз'ехаліся... Толькі «скрыня» і застаецца».
Па словах людзей, у асобныя дні ў метро прыходзіць да 100 чалавек. Каб не дапусціць таўкатні, тут дзяжураць супрацоўнікі міліцыі.