29 красавiка 2024, панядзелак, 16:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Катаванні ў Ленінскім РУУС засталіся беспакаранымі

126
Катаванні ў Ленінскім РУУС засталіся беспакаранымі

Крымінальная справа супраць супрацоўнікаў міліцыі, якія збілі вартаўніка менскай аўтастаянкі Васіля Сарочыка, спыненая.

Пра гэта паведаміў афіцыйны прадстаўнік управы Следчага камітэта Менска Аляксандр Герасімаў, паведамляе БелТА.

«Управай Следчага камітэта горада Менска на падставе аналізу сабраных довадаў, атрыманых падчас комплексу следчых дзеянняў, накіраваных на выяўленне абставін знаходжання грамадзяніна Сарочыка В.Н. у адміністрацыйным будынку Ленінскага РУУС сталіцы, прынятая пастанова аб спыненні папярэдняга расследавання ў гэтай крымінальнай справе», - паведаміў прадстаўнік УСК.

У той жа час ён адзначыў, што ў дзеяннях супрацоўнікаў Ленінскага РУУС выяўленыя парушэнні крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, якія датычацца парадку затрымання Васіля Сарочыка, у сувязі з чым яны прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасці.

Нагадаем, Васіль Сарочык быў збіты пры допыце супрацоўнікамі Ленінскага РУУС сталіцы.

Інцыдэнт адбыўся 14 лістапада. Са слоў Сарочыка, у пункт аховы аўтастаянкі прыйшлі два супрацоўнікі праваахоўных органаў, адзін з якіх быў у цывільным. Не паказваючы дакументаў і нічога не тлумачачы, яны загадалі вартаўніку кіравацца ў Ленінскае РУУС. Амаль гадзіну Сарочык знаходзіўся ў памяшканні дзяжурнай частцы УУС, а затым яго адвялі на допыт. Пазней высветлілася, што допыт праводзіла оперупаўнаважаная Ленінскага РУУС Багданоўская Ж.П.

Са слоў Сарочыка, оперупаўнаважаная надзела на яго кайданкі і стала збіваць, патрабуючы прызнацца ў крадзяжы надмагільных пліт, якія захоўваліся на тэрыторыі аўтастаянкі, а таксама саляркі і акумулятараў з аўтамабіляў. Акрамя таго, ад вартаўніка спрабавалі дамагчыся прызнання ў тым, што ён перыядычна рабаваў кіёскі на рынку «Свелта».

Пенсіянер паспрабаваў растлумачыць, што не ведае, пра што ідзе гаворка, але пасля гэтага пабоі толькі ўзмацніліся. Як сцвярджае Сарочык, яго білі нагамі і дубінкамі па галаве і целе, да збіцця перыядычна далучаліся іншыя супрацоўнікі РУУС. Катаванні суправаджаліся нецэнзурнай лаянкай і пагрозамі забойства. Калі паджылы чалавек губляў прытомнасць, яго прыводзілі ў прытомнасць, абліваючы халоднай вадой.

Усё гэта доўжылася прыкладна шэсць гадзін, але ніякага прызнання ад Сарочыка міліцыянты не атрымалі. У выніку ў дачыненні да яго склалі нейкі дакумент, які пенсіянер падпісаў, будучы ўжо не ў змозе яго прачытаць, і адпусцілі дадому.

З міліцыі Сарочык адправіўся ў 10-ю гарадскую клінічную лякарню, каб зняць пабоі, але там ад яго запатрабавалі накіраванне з РУУС. Тады збіты вартаўнік звярнуўся з заявай у пракуратуру Ленінскага раёна Менска і ў ІПУ «Платформа» з просьбай аб дапамозе. «Платформа», у сваю чаргу, праінфармавала аб здарэнні Генпракуратуру, МУС і Следчы камітэт. Пракуратура накіравала матэрыялы ў Ленінскі раённы аддзел СК, які праводзіў праверку, затым працу прадоўжыла ўправа Следчага камітэта Менска.

У канцы лістапада з'явілася інфармацыя, што на Сарочыка пачаўся ціск з боку міліцыі. Яму тэлефанавалі прадстаўнікі Ленінскага РУУС, на аўтастаянцы, дзе ён працуе, спрабавалі пабываць некалькі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Праваабаронцы мяркуюць, што міліцыянты хацелі замірыцца з пенсіянерам.

12 снежня МУС і СК афіцыйна заявілі, што асноўная задача следства ў справе аб перавышэнні ўлады супрацоўнікамі Ленінскага РУУС - «правядзенне незалежнага расследавання і выяўленне праўды».

13 снежня было абвешчана: следства прызнала падазраванымі ва ўчыненні злачынства паводле ч.3 арт.426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае службовай асобай, якое відавочна выходзіць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных службай) чатырох службовых асоб Ленінскага РУУС сталіцы.

На падставе артыкула 223 і 224 КПК з удзелам пацярпелага 11 снежня былі праведзеныя працэдуры апазнання. Паводле іх вынікаў, а таксама на падставе іншых матэрыялаў крымінальнай справы следствам былі прынятыя працэсуальныя пастановы аб прызнанні супрацоўнікаў міліцыі падазраванымі. Мера стрымання ў дачыненні да іх не абіралася.

У статусе падазраваных знаходзіліся оперупаўнаважаная Жанна Багданоўская і трое супрацоўнікаў-мужчын, якіх апазнаў Сарочык.

Напісаць каментар 126

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках