3 траўня 2024, Пятніца, 15:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мецэнатам» дазволена ўсё?

98
«Мецэнатам» дазволена ўсё?

У сярэдняй школе вёскі Чэрні, што далучаная да Берасця, у канцы восені меў месца інцыдэнт, які скончыўся збіваннем 13-гадовага падлетка.

Як распавялі charter97.org бацькі Уладзіслава Палукошкі, падчас гадзіны фізікі з дазволу настаўніка яго забраў бацька аднаго з аднакласнікаў - Сяргей Афанасьеў - і прымусова вывез на асабістым аўтамабілі за межы паселішча ў лясны масіў, дзе збіў школьніка і запалохаў. Пасля гэтага Афанасьеў пасадзіў скрываўленага Ўладзіслава назад у самаход і адвёз у навучальную ўстанову, дзе перадаў дырэктару школы, заявіўшы, што з гэтым падлеткам трэба разабрацца. Бо ён тэрарызуе сына Афанасьева.

Як растлумачылі бацькі Палукошкі, сям'я Афанасьева надае фінансавую падтрымку школе і карыстаецца прыхільнасцю адміністрацыі навучальнай установы. Таму рэакцыя дырэктара была неадкладная: пільна скліканая педагагічная рада жорстка раскрытыкавала дзеянні збітага і псіхалагічна прыгнечанага дзіцяці і падтрымала выяўленую ініцыятыву «мецэната» Афанасьева.

Паводле факту падзей медыкамі былі засведчаныя нанесеныя пабоі, а ў Берасцейскім РАУС была пададзеная адпаведная заява. Аднак, са слоў Палукошкі, з кантактаў з работнікам міліцыі, якія праводзілі праверку, стала ясна, што Сяргей Афанасьеў можа панесці толькі дробную адміністрацыйную адказнасць.

«Аддаючы ў школу свайго сына, мы зыходзім з таго, што ён знаходзіцца ў бяспецы і пад наглядам адукаваных педагогаў, спецыяльна навучаных выхоўваць дзяцей і мець стасункі з імі, - распавялі бацькі Уладзіслава. - Мяркуем, недапушчальна, калі даходзіць да рукапрыкладства пры шчырым патуранні з боку работнікаў адукацыі».

Сям'я Палукошкі наважыла апублікаваць гэтую гісторыю, бо мяркуе, што праваахоўныя органы не далі адпаведную прававую ацэнку дзеянням адміністрацыі школы, якая адначасова мела свае карыслівыя мэты, улічваючы дапамогу, якую надаваў Афанасьеў. «Вынікае, што гісторыя, якая здарылася з нашым сынам, можа мець працяг і паўтарыцца з кожным вучнем, які прыйдзецца не даспадобы такім вось мецэнатам», - перакананыя бацькі збітага школьніка.

Напісаць каментар 98

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках