9 траўня 2024, Чацвер, 5:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Працаўнікі працягваюць бунтаваць

49
Працаўнікі працягваюць бунтаваць

50 працаўнікоў Аршанскага філіяла «Электрасетак» выйшлі з афіцыйнага прафсаюзу.

Каля двух тыдняў таму працаўнікі атрымалі разліковыя за студзень 2011 года. У іх адсутнічалі налічэнні за шкодныя ўмовы працы. У выніку кожны з працаўнікоў недалічыўся каля 100 тысяч рублёў, піша ПЦ «Вясна».

«Пасля таго, як мы ўбачылі, што па незразумелых прычынах нам недаплацілі грошы за шкоднасць, то запатрабавалі, каб нам патлумачыў начальнік планавага аддзела і кіраўнік дзяржаўнага прафсаюзу, на якой падставе гэта зроблена. Іх мы запрасілі ў актавую залу, - распавядае Юрый, адзін з кіроўцаў. - На наступны дзень каля 50 працаўнікоў, якія атрымлівалі выплаты за шкоднасць, а гэта кіроўцы, слесары, токары, матарысты і іншыя, сабраліся ў актавай зале аршанскіх электрасетак, каб атрымаць тлумачэнні, на падставе чаго і па якой прычыне ім недаплацілі грошы. Спачатку начальства сказала, што ніхто з працаўнікамі размаўляць не будзе і каб усе разыходзіліся па працоўных месцах, аднак працаўнікі не падпарадкаваліся гэтаму загаду. Каля гадзіны яны чакалі прадстаўнікоў адміністрацыі. За гэты час мы склалі калектыўную заяву аб выхадзе з дзяржаўнага прафсаюзу, якую падпісалі ўсе прысутныя. Хтосьці з прысутных паведаміў кіраўніцтву, што ўсе пачалі выходзіць з прафсаюзу, і толькі тады маментальна прыбеглі кіраўнік прафсаюзнай арганізацыі Аляксандр Іваноў, начальнік планавага аддзела Алешын, галоўны бухгалтар, намеснік дырэктара прадпрыемства і начальнік аддзела па ахове працы Салянік», - працягвае Юрый.

«Падчас размовы нам паведамілі, што ёсць загад, згодна з якім нам не будуць рабіць выплаты. Прычыну гэтага яны не назвалі, як і паказаць гэты загад таксама адмовіліся. Фактычна на ўсе пытанні яны адказвалі, што некампетэнтныя на іх нешта адказваць. Яны хацелі, каб сустрэчу перанеслі на тыдзень пазней. На пытанне, чаму працаўнікам аршанскага філіяла гэтыя выплаты адмянілі, а віцебскаму і полацкаму і іншым філіялам не, яны адказалі, што праводзіцца нешта кшталту эксперыменту, і наш філіял першы», - кажа кіроўца.

«Праз тыдзень мы зноў сабраліся, і нам ужо паведамілі, што выплаты за шкоднасць будуць вернутыя за студзень, і іх будуць плаціць надалей. Загад нам так і не паказалі, верагодна, яго проста і няма ў прыродзе. Проста такім чынам на нас хацелі зэканоміць», - кажа Юрый.

Працоўныя адзначаюць, што пасля іх спантанага выхаду з прафсаюза адміністрацыя прадпрыемства пайшла на шэраг саступак - абяцалі падняць заробак, пагадзіліся выдаваць камандзіровачныя наперад, уключаць каларыферы ў гаражах для ацяплення памяшканняў, а таксама абяцалі своечасова выдаваць мыла і працоўныя пальчаткі. Дырэктар загадаў начальнікам не павышаць голас на сваіх працаўнікоў, маўляў, што толькі ён мае права гэта рабіць.

Юрый таксама адзначае, што дырэктар прасіў перагледзець пытанне аб выхадзе з дзяржаўнага прафсаюза пасля таго, як будзе выкананы шэраг патрабаванняў працаўнікоў. Заява аб калектыўным выхадзе з прафсаюза занесеная ў прафкам і зарэгістраваная. Працаўнікі не ведаюць, за што яны плацяць прафсаюзныя ўнёскі, паколькі карысці ад прафсаюза ніякай - ён не абараняе іхнія правы, а толькі праводзіць культурныя паездкі і адпачынак для адміністрацыі прадпрыемства.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках