МТС парушае ўказ № 60
18- 3.02.2012, 10:30
Беларуская «дачка» МТС размяшчае серверы ў Расеі і гандлюе VoIP.
Беларуская «дачка» МТС вырашыла не звяртаць увагі на «сярэднявечнае» беларускае заканадаўства і прапануе кліентам паслугі на аснове сучасных рашэнняў, піша electroname.com.
Бізнес-рашэнні аператара сувязі (www.br.mts.by) выходзяць за межы магчымасцяў беларускай інфраструктуры і адзіным прымальным выхадам стала размяшчэнне сэрвісаў на расейскім хостынгу мацярынскай кампаніі. Гэта супярэчыць указу № 60, які абавязвае беларускі бізнес «выкарыстоўваць інфармацыйныя сеткі, сістэмы і рэсурсы нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт, размешчаныя на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і зарэгістраваныя ва ўсталяваным парадку».
Больш за тое, кампанія прапануе паслугі VoIP «відэамост».
«Відэамост падтрымлівае групавыя канферэнцыі і прагляд дакументаў, з'яўляецца кантралюемай, бяспечнай і надзейнай сістэмай для карпарацый, у адрозненне ад Skype», - паведамляе карпаратыўны сайт МТС.
Нагадаем, IP-тэлефанія ў Беларусі жорстка абмежаваная: для яе выкарыстання патрабуецца адмысловая ліцэнзія. Існуюць таксама тэрытарыяльныя абмежаванні (у межах аднаго населенага пункта - указ № 450) і тэхнічныя (увесь VoIP-трафік павінен ісці па ўласных каналах сувязі ўладальніка ліцэнзіі - тлумачэнні Мінсувязі). Гэтыя абмежаванні стрымліваюць развіццё IP-тэлефаніі прыватнымі правайдэрамі і даўно з'яўляюцца аб'ектам крытыкі грамадства. Але бар'еры да гэтага часу захоўваюцца; не адзін дзясятак бізнесмэнаў адправіліся за краты за спробу скласці канкурэнцыю дзяржаве.
Магчыма, такое выбарачнае ўжыванне «драконаўскіх законаў» звязанае з тым, што 51% СТАА «Мабільныя тэлесістэмы» пакуль належыць РУП «Белтэлекам». Не будзе ж дзяржава караць сама сябе.
У СТАА МТС адмовіліся каментаваць гэтую сітуацыю.