Праваабарончы цэнтр «Вясна» выганяюць з офіса
16- 28.05.2012, 16:58
(абноўлена) Судовыя выканаўцы прыйшлі высяляць праваабаронцаў, але, калі ўбачылі журналістаў, сышлі.
Пасля з'яўлення інфармацыі аб тым, што судовыя выканаўцы збіраюцца сёння выселіць праваабаронцаў з офіса «Вясны», каля кватэры сабралася каля 15 чалавек - праваабаронцы і журналісты, паведамляе «Еўрарадыё». Крыху пазней да пад'езда падышлі два чалавекі, верагодна, судовыя выканаўцы. Аднак, калі пабачылі журналістаў, у пад'езд яны так і не ўвайшлі. У 18.00 жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук, не дачакаўшыся прыходу судовых выканаўцаў, сыйшла. Таму сёння высялення дакладна не будзе - без яе прысутнасці гэта немагчыма.
Нагадаем, кватэра, у якой з 2000 года размяшчаецца офіс «Вясны», належыць арыштаванаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, які быў прысуджаны да 4,5 гадоў з канфіскацыяй маёмасці нібыта за няплату падаткаў.
Пры гэтым праваабаронцы аплацілі нібыта нанесеную Алесем Бяляцкім «шкоду» ў памеры 90 тысяч даляраў. Яны спадзяваліся, што гэта дазволіць скараціць турэмны тэрмін праваабаронцу і пакіне ў іхняй уласнасці офіс. Аднак улады, атрымаўшы грошы, адмовіліся ісці на саступкі.