Нацбанк прапанаваў банкам «скінуцца», каб набыць Статут ВКЛ
21- 29.05.2012, 11:04
Статут выстаўлены на продаж на электронным аўкцыёне і ацэнены ў 45 тысяч даляраў.
Нацыянальны банк Беларусі (НББ) накіраваў у камерцыйныя банкі краіны прапанову аб зборы сродкаў на набыццё ў маскоўскага прыватнага калекцыянера унікальнага, арыгінальнага выдання на старабеларускай мове Статута Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) 1588 года, піша «Інтэрфакс».
У цяперашні час на тэрыторыі сучаснай Беларусі няма ні аднаго асобніка арыгінальнага выдання Статута ВКЛ на старабеларускай мове.
Статут выстаўлены на продаж на электронным аўкцыёне і ацэнены ў $45 тыс. Унікальнае выданне можа быць выкупленае ў выпадку своечасовага (на працягу двух тыдняў) унясення закладу ў памеры 10% ад заяўленага кошту.
У лісце НББ на адрас банкаў за подпісам намесніка старшыні праўлення Сяргея Дубкова падкрэсліваецца, што «дзеля беларусаў гэта рэальная магчымасць вярнуць у краіну значную гісторыка-культурную каштоўнасць».
Намеснік кіраўніка НББ просіць банкі «разгледзець пытанне аказання бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі установе культуры «Музей гісторыі Магілёва» дзеля выкупу унікальнага выдання кнігі ад імя банка, ягоных супрацоўнікаў і інфармаваць кліентаў банка аб гэтай дабрачыннай акцыі».
Як растлумачылі ў НББ, за падтрымкай і садзейнічаннем у зборы сродкаў на выкуп Статута ВКЛ да кіраўніцы НББ Надзеі Ермаковай звярнуўся «Музей гісторыі Магілёва».
Гісторыкі канстатуюць, што Статут ВКЛ 1588 года - гэта найвышэйшае цывілізацыйнае дасягненне старабеларускай прававой думкі, аснова ўсёй юрыдычнай сістэмы Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Статут уяўляе сабой сярэднявечную Канстытуцыю, якая дзейнічала на ўсіх землях сучаснай Беларусі і з'яўлялася адной з самых прагрэсіўных ў Еўропе. Статут паўплываў на ўсталяванне нацыянальнай прававой думкі, а таксама на юрыдычныя традыцыі суседніх краін. Статут выдадзены на старабеларускай мове, якая была дзяржаўнай мовай у ВКЛ.
У цяперашні час вядома аб трох выданнях Статута на старабеларускай мове - у 1588, 1592-93 і 1594-95 гадах. Усе яны мелі сілу заканадаўчага акту на тэрыторыі ВКЛ. Усяго ў свеце вядома аб існаванні 29 асобнікаў Статута 1588 года і Статута 1594-95 года выдання. Кнігі знаходзяцца ў Літве, Расеі, Украіне, Польшчы, Вялікабрытаніі і пераважна захоўваюцца ў Нацыянальных бібліятэках гэтых краін.
Рэквізіты дабрачыннага рахунку музея: УК «Музей гісторыі Магілёва», 212030 г.Магілёў, вул.Ленінская, 1 А. УНП 790203960, філіял 700 МАУ ААТ «АСБ Беларусбанк» МФА 153801536, р/р 3642014673147, г.Магілёў, вул.Першамайская , 71. У прызначэнні плацяжу паказаць: «На развіццё музейнай справы і ахову гісторыка-культурнай спадчыны (дзеля набыцця Статута ВКЛ 1588 г.)».