13 траўня 2024, панядзелак, 19:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы забіраюць уклады з банкаў

49
Беларусы забіраюць уклады з банкаў

Шэраг буйных беларускіх банкаў канстатаваў адток тэрміновых рублёвых дэпазітаў насельніцтва ў апошні тыдзень мая.

Дадзеную тэндэнцыю агенцтву «Інтэрфакс-Захад» пацвердзілі ў некалькіх банках на ўмовах ананімнасці.

«На працягу апошняга тыдня мая адзначалася дастаткова актыўнае зняцце беларускіх рублёў з тэрміновых дэпазітаў, у асноўным гэта было непрацягненне раней заключаных дэпазітных дамоваў», - сказаў прадстаўнік аднаго з банкаў. Ён дадаў, што па выніках мая захаваўся прырост рублёвых дэпазітаў фізічных асоб, хоць ягоныя тэмпы значна замарудзіліся. Суразмоўца таксама адзначыў, што па выніках месяца павялічваецца доля капіталізацыі ў тэмпах агульнага прыросту ўкладаў.

Між тым, ён канстатаваў амаль прапарцыйны рост тэрміновых дэпазітаў фізічных асоб у замежнай валюце, у прыватнасці, у расейскіх рублях.

«Галоўнай прычынай сітуацыі, якая складваецца на дэпазітным рынку, з'яўляецца заканчэнне тэрміну дзеяння раней заключаных дэпазітных дамоваў на фоне зніжэння ставак па новых дэпазітах. У выніку частка ўкладчыкаў аддае перавагу фіксаванню прыбыткаў. На іхнія паводзіны таксама аказвае ўплыў набліжэнне адпускнога сезону, многія людзі аднавілі прыватнае будаўніцтва, разлікі за якое ў нас, як правіла, ажыццяўляюцца ў далярах», - растлумачыў прадстаўнік банка.

На ягоную думку, суму дэпазітаў насельніцтва, якая склалася ў банках на 1 чэрвеня, можна будзе лічыць адносна стабільнай на кароткатэрміновую перспектыву. «Частка найбольш спекулятыўна наладжаных укладчыкаў прагназуема сыходзіць з рублёвых дэпазітаў, астатнія наладжаныя на больш доўгатэрміновыя ўклады, хоць паніжэнне ставак працягнецца і далей», - мяркуе эксперт.

Між тым, адток рублёвых укладаў насельніцтва супаў з паслабленнем беларускага рубля ў канцы мая. Як паведамлялася, з 28 мая па 1 чэрвеня кошт кошыка валют вырас з Br2802,62 да Br2819,4, што адпавядае паслабленню беларускага рубля за тыдзень на 0,6%. Тым не менш, у цэлым за мінулы месяц беларускі рубель умацаваўся да кошыка валют на 1,6%. У параўнанні з 31 снежня 2011 года ўмацаванне нацвалюты склала 1,66%.

У сувязі з паслабленнем беларускага рубля, у прыватнасці, да даляра ЗША, беларускія банкі адзначалі мацнейшы попыт насельніцтва на замежную валюту, што выклікала неабходнасць падмацавання пунктаў абмену валют за кошт набыцця СКВ на біржы.

Напісаць каментар 49

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках