2 траўня 2024, Чацвер, 19:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зэльцэр падаў у суд на «Белнафтахім»

35
Зэльцэр падаў у суд на «Белнафтахім»

Амерыканскі адвакат абвінаваціў кампанію ў датычнасці да свайго арышту ў Беларусі.

Пазоў пададзены ў Вярхоўны суд Кінгс Каўнці ў Нью-Йорку (ЗША). Прычынай яго падачы стала незаконнае выкраданне і ўтрыманне пад вартай беларускімі спецслужбамі амерыканскіх грамадзян Эмануіла Зэльцэра і Уладлены Функ. Як сцвярджаецца ў пазоўнай заяве, іх выкарыстоўвалі ў якасці заложнікаў. Эмануіл Зэльцэр і Уладлена Функ кажуць аб тым, што беларускія ўлады хацелі абмяняць іх вызваленне на зняцце амерыканскіх санкцый, уведзеных супраць кампаніі «Белнафтахім», паведамляе амерыканскі юрыдычны партал courthousenews.com (пераклад - charter97.org).

Пазоўнікі кажуць аб тым, што яны былі затрыманы беларускім КДБ у сакавіку 2008 года. Таксама яны згадваюць аб тым, што ў дачыненні да іх ужываліся катаванні і садысцкае абыходжанне з боку спецслужбаў. Амерыканскіх грамадзян жорстка збівалі, пазбаўлялі сну і неабходных лекаў.

Эмануіл Зэльцэр правёў у беларускай турме 16 месяцаў, а Уладлена Функ - 12. Іх вызвалілі з-за шырокага рэзанансу, які набыла справа, і ўмяшання амерыканскіх чыноўнікаў.

Пазоўнікі сцвярджаюць, што спецслужбы і дзяржаўныя органы дзейнічалі ў змове з кампаніяй «Белнафтахім», якая кантралюецца «злачыннай клікай Аляксандра Лукашэнкі». Сувязь з рэжымам, які праводзіць рэпрэсіі супраць уласнага народа і стала прычынай увядзення санкцый, якія беларускія ўлады паспрабавалі адмяніць, выкарыстаўшы для гэтага іх арышт, кажуць аўтары пазову.

Эмануіл Зэльцэр і Уладлена Функ патрабуюць ад беларускай кампаніі па 20 мільёнаў даляраў у якасці пакрыцця нанесенай шкоды і па 50 мільёнаў даляраў за незаконныя затрыманне і абвінавачванні.

Як паведамляў сайт charter97.org, Эмануіл Зэльцэр з'яўляецца адвакатам грамадзяніна ЗША Джозэфа Кея - далёкага сваяка грузінскага бізнэсмэна Бадры Патаркацішвілі. Пасля смерці 12 лютага 2008 года Патаркацішвілі Кей прад'явіў дакументы, паводле якіх ён прызначаны выканаўцам завяшчання памерлага. Дакументы былі складзены Зэльцэрам, аднак сваякі Патаркацішвілі абвясцілі іх падробкай, пасля чаго Зэльцэр быў затрыманы ў Менску.

Арышт Зельцэра ў Менску звязвалі з тым, што ён адстойваў інтарэсы Джозэфа Кея. На спадчыну Патаркацішвілі таксама прэтэндаваў расейскі алігарх Барыс Беразоўскі, якога звязваюць з Аляксандрам Лукашэнкам даўнія адносіны.

Бадры Патаркацішвілі лічыўся самым багатым чалавекам Грузіі. Па дадзеных СМІ, яго багацце складае 12 мільярдаў даляраў.

Зэльцэр і яго сакратар Уладлена Функ былі затрыманыя 12 сакавіка 2008 года. 11 жніўня за выкарыстанне загадзя ілжывых дакументаў і замах на камерцыйны шпіянаж Зэльцэр быў прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі, Функ - да аднаго. Сваёй віны яны не прызналі.

31 кастрычніка Вярхоўны суд Беларусі пакінуў прысуд у сіле. Усе судовыя працэсы прайшлі ў закрытым рэжыме.

ЗША неаднаразова заклікалі беларускія ўлады вызваліць Зэльцэра з меркаванняў гуманнасці, паколькі ў зняволенні яго здароўе сур'ёзна пагоршылася.

30 чэрвеня ў Менску адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з амерыканскімі кангрэсменамі. У той жа дзень беларускі кіраўнік паабяцаў кангрэсменам вызваліць Зэльцэра і падпісаў указ аб памілаванні. Увечары 30 чэрвеня Эмануіл Зэльцэр быў вызвалены з магілёўскай калоніі.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках