19 траўня 2024, Нядзеля, 14:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Белтрансгаз» стаў аператарам газаправода «Ямал-Еўропа»

«Белтрансгаз» стаў аператарам газаправода «Ямал-Еўропа»

Акцыянеры «Газпрома» ухвалілі перадачу «Белтрансгазу» у часовае валоданне і карыстанне (на 3 гады) беларускага ўчастка магістральнага газаправода «Ямал-Еўропа».

За манаполію на прапампоўку газу па тэрыторыі Беларусі «Белтрансгаз» заплаціць галаўной структуры 270 млн даляраў, піша «Ежедневник».

Акрамя аб'ектаў сістэмы «Ямал-Еўропа» «Белтрансгаз» атрымаў і ўсю абслуговую тэхніку, якая раней лічылася непасрэдна за «Газпромам».

Экспартны магістральны газаправод «Ямал-Еўропа», які быў пабудаваны ў 1994-2006 гадах, бярэ свой пачатак у расейскім Таржку і, праходзячы праз тэрыторыі Беларусі і Польшчы, заканчваецца на кампрэсарнай станцыі «Мальнаў» у раёне Франкфурта-на-Одэры. Яго агульная працягласць складае больш за 2 тыс. км, на газаправодзе дзейнічаюць 14 кампрэсарных станцый, прапускная здольнасць складае 32,9 млрд куб.м газу ў год.

На беларускую частку экспартнай трубы прыходзіцца 575 км, тут пабудаваны 5 кампрэсарных станцый: «Нясвіжская», «Крупская», «Слонімская», «Менская» і «Аршанская». Будаўніцтва пачалося ў 1996 годзе, а апошнія акты аб прыёмке ў эксплуатацыю кампрэсарных станцый былі падпісаны ў 2006 годзе.

Згодна з міждзяржаўнымі дамоўленасцямі «Газпром» увесь гэты час з'яўляўся адзіным уладальнікам беларускага ўчастка газаправода (у Польшчы, напрыклад, газаправодам валодае EuRoPol Gaz, сумеснае прадпрыемства «Газпрома» і польскай PGNiG). «Белтрансгаз» пры гэтым займаўся абслугоўваннем трубы, атрымліваючы адпаведную плату з Масквы за свае паслугі. Пераход у мінулым годзе беларускага аператара ў поўную ўласнасць «Газпрома» прымусіў змяніць схему эксплуатацыі і аператыўнага кіравання як газаправодам «Ямал-Еўропа», так і сеткамі самога «Белтрансгаза». У выніку цяпер кіраванне ўсімі магістральнымі газаправодамі на правах валодання на тэрыторыі Беларусі перададзена «Белтрансгазу».

Што да выдаткаў «Белтрансгаза» за карыстанне газаправодам «Ямал-Еўропа» (270 млн даляраў на працягу 3 гадоў), а таксама выкарыстанне таварных знакаў «Газпрома» (каля 4,5 млн. расейскіх рублёў), то яны акупляюцца за кошт сустрэчных выплат з боку галаўной структуры за транзіт. Паслугі транзіту 60 млрд куб.м газу праз Беларусь у 2013 годзе абыдуцца «Газпрому» у 570 млн даляраў. Таксама прадугледжана, што ў 2013 годзе кампанія Gazprom Germania Gmbh заплаціць за прапампоўку 2 млрд куб. м газу па тэрыторыях Казахстана, Узбекістана, Расеі і Беларусі 55 млн даляраў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках