11 траўня 2024, Субота, 19:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МВФ не будзе крэдытаваць калгасную дыктатуру (Відэа)

33
МВФ не будзе крэдытаваць калгасную дыктатуру (Відэа)

Беларускія ўлады не змогуць дамовіцца з МВФ аб новых крэдытах.

Адбылося гэта нібы з-за тактычных супярэчнасцяў на шляху дасягнення агульнай мэты - макраэканамічнай і фінансавай стабільнасці ў Беларусі, заявіла агенцтву «Інтэрфакс-Захад» блізкая да ўрадавых колаў крыніца, каментуючы выказванні прэм'ер-міністра краіны Міхала Мясніковіча аб зацікаўленасці беларускага ўрада ў падрыхтоўке новай праграмы супрацоўніцтва з МВФ.

«Новай праграмы з МВФ і крэдытаў фонду не будзе, таму што канцэпцыя сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі і рэкамендацыі фонду тактычна супярэчаць адно аднаму па шэрагу ключавых момантаў, хоць стратэгічная мэта ў іх адна - забеспячэнне макраэканамічнай стабільнасці і ўстойлівага развіцця», - сказала крыніца.

У ліку асноўных супярэчнасцяў суразмоўца вылучыў рознасць пазіцый беларускіх улад і МВФ адносна  прыбыткаў насельніцтва, механізмаў цэнаўтварэння, маштабаў дзяржпраграм і прыватызацыі.

Пры гэтым ён падкрэсліў характэрнае для беларускага грамадства ўтрыманства, чаканні сацыяльнай падтрымкі ад дзяржавы, якія так і захоўваюцца. «Рэкамендацыі МВФ - гэта сацыяльны шок. Для практычнай рэалізацыі гэтых рэкамендацый трэба наяўнасць кансенсусу паміж уладай і шырокімі пластамі насельніцтва, якое абвыкла да сацыяльнага ўтрыманства. Відавочна, што беларускае грамадства не хоча і не падрыхтавана прымаць чарговы шок і ўлада адпаведным чынам рэагуе на гэтыя выклікі. Гэта пытанне ўнутранай палітыкі, вонкавыя фактары другасныя», - растлумачыў суразмоўца.

На яго думку, рэалізацыя ключавых рэкамендацый МВФ, у прыватнасці, пераходу да свабоднага цэнаўтварэння і ліквідацыі дзяржпраграм, прывядзе да росту сацыяльнай напружанасці і стагнацыі ў эканоміцы. «Сацыяльная палітыка, якую рэалізуюць улады, абмяжоўвае ўрадоўцаў у тэмпах і тактыцы структурных рэформаў, дыктуючы пазіцыю дзяржавы ў дыялогу з МВФ», - рэзюмаваў ён.

Пры гэтым крыніца таксама падкрэсліла негатовасць беларускіх улад браць на сябе адказнасць за правядзенне неабходных структурных рэформаў. «Мы самі рабіць нічога не хочам і не ўмеем».

«Мы па-ранейшаму спадзяемся, што прыйдзе знешні кіраўнік, напіша праграму рэформаў, дасць грошай на яе рэалізацыю. А мы потым будзем абвінавачваць яго ў сацыяльных выдатках», - выказаў ён пазіцыю большасці беларускіх чыноўнікаў. «Пакуль ва ўлад не будзе выразнага разумення неабходнасці правядзення рэформаў, да таго часу не будзе і праграмы з МВФ», - дадаў ён.

Акрамя таго, ён нагадаў пра існаванне стабілізацыйнай праграмы Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, якую беларускія ўлады павінны рэалізаваць да канца 2013 года. «Праграма з АКФ досыць няпростая і адначасовае з'яўленне новай праграмы з МВФ прывядзе да блытаніны, паўстануць чыста тэхнічныя складанасці, крытэрыі праграм могуць не супадаць», - мяркуе крыніца.

З улікам гэтых фактараў «няма рэальных перадумоў для рэалізацыі новай праграмы з МВФ у кароткатэрміновай перспектыве», - падкрэсліў суразмоўца.

Беларускія ўлады ў канцы траўня 2011 года звярнуліся ў МВФ за новым стабілізацыйным крэдытам, разлічваючы такім чынам рэфінансаваць ранейшыя запазычанні на $3,6 млрд, якія былі прыцягнуты ў перыяд дзеяння праграмы stand-by са студзеня 2009 года па красавік 2010 года. У красавіку-траўні ўлады пацвярджалі актуальнасць сваёй заяўкі, аднак падкрэслівалі перашкоды ў выглядзе палітычнага аспекту ў дыялогу з Радай дырэктараў МВФ, асноўная частка ў якім належыць ЗША і Еўразвязу. МВФ, у сваю чаргу, канстатуе неабходнасць падрыхтоўкі беларускімі ўладамі аўтарскай праграмы рэформаў і гатоўнасць усёй Рады дырэктараў прагаласаваць за вылучэнне Беларусі новых рэсурсаў.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках