21 траўня 2024, aўторак, 9:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марэк Мігальскі: Польшча павінна гарантаваць бяспеку беларусаў

Марэк Мігальскі: Польшча павінна гарантаваць бяспеку беларусаў

Дэпутат Еўрапарламента звярнуўся да міністра ўнутраных спраў Польшчы.

Зварот да кіраўніка МУС Польшчы звязаны са збіццём польскімі хуліганамі прадстаўнікоў беларускай эміграцыі ў Варшаве. Падобныя лісты будуць таксама адпраўленыя міністру юстыцыі і мэру Варшавы.

Прыводзім тэкст звароту Марэка Мігальскага (пераклад - charter97.org).

«У мінулую нядзелю, 12 жніўня, адбылася вельмі непрыемная сітуацыя на футбольным полі гімназіі № 23 на вуліцы Тарнавецкай у Варшаве. Група хуліганаў напала на грамадзян Беларусі, якія хацелі правесці футбольны турнір для дыяспары, якая жыве ў Польшчы. Нягледзячы на тое, што галоўны арганізатар турніру, Беларускі Дом у Варшаве, зарэзерваваў футбольнае поле на 12 гадзін дня, дзве польскія каманды, якія гулялі на стадыёне, не хацелі пакінуць поле і на адпаведныя просьбы адрэагавалі агрэсіўна. У час гэтай ганебнай для палякаў падзеі былі збітыя Зміцер Бародка, адзін з кіраўнікоў Беларускага Дома ў Варшаве, і фотарэпарцёр партала «Хартыя'97» Іван Межуй. Акрамя таго, у журналіста быў скрадзены дарагі фотаапарат. Варта таксама адзначыць, што сведкамі гэтага выпадку былі дзеці.

Спадар міністр, як былы супрацоўнік Цэнтра ўсходніх даследаванняў, Вы ўсведамляеце цяжкую сітуацыю беларускіх грамадзян, якія вымушаны пражываць у Польшчы па палітычных прычынах. Асноўнай задачай палякаў як нацыі, якая таксама карысталася гасціннасцю іншых краін у час барацьбы за суверэнітэт, павінна быць гарантаванне бяспекі беларускіх эмігрантаў, аказанне ім дапамогі ў самаарганізацыі і падтрымка іх ініцыятыў. Тое, што адбылося ў мінулую нядзелю, з'яўляецца абсалютнай супрацьлегласцю нашым абавязальніцтвам перад суседнім народам і падрывае веру ў тое, што Польшча з'яўляецца бяспечным прытулкам для беларускай апазіцыі.

У сувязі з гэтым звяртаюся да Вас як да міністра з просьбай зрабіць усё магчымае, каб усе вінаватыя ў гэтым бессэнсоўным і жорсткім нападзе былі знойдзены і перададзены польскаму правасуддзю, а выкрадзенае абсталяванне было вернута ўладальнікам. Трывожнымі з'яўляюцца паведамленні аб ходзе расследавання - арыштавана толькі некалькі злачынцаў, не ўдалося затрымаць найбольш агрэсіўных хуліганаў (хоць былі сфатаграфаваныя нумарныя знакі аўтамабіляў, на якіх яны з'ехалі). Сведкі з Беларусі скардзяцца, што адвакаты асоб, якія здзейснілі злачынства, удзельнічаюць у допыце, а ў калідорах ахвяры могуць сустрэць злачынцаў.

Таму я звяртаюся да Вас, каб гэты выпадак не даказаў ў чарговы раз (як, напрыклад, інцыдэнт з Алесем Бяляцкім) чэрствасць і абмежаванасць польскіх устаноў і чыноўнікаў. Бандыты, якія жорстка збілі нашых гасцей з Беларусі, павінны панесці заслужанае пакаранне - гэта апраўдана як з чалавечага, так і з палітычнага пункту гледжання. Я ўпэўнены, што Вы гэта ўсведамляеце. Таму прашу Вас дзейнічаць як мага больш рашуча ў гэтым пытанні.

З павагай

Марэк Мігальскі, дэпутат Еўрапарламента, намеснік члена дэлегацыі па Беларусі»

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках