5 траўня 2024, Нядзеля, 1:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Антону Сурапіну перадалі зубную пасту і прадукты

2
Антону Сурапіну перадалі зубную пасту і прадукты

Ніякіх кніг, газет і нават крыжаванак у КДБ для журналіста не бяруць.

17 жніўня маці Антона Алена Сурапіна аднесла асабістыя рэчы і сродкі гігіены ў турму КДБ, перадае «Радыё Свабода».

«Зубную пасту ён прасіў. Нейкія прадукты. Ніякіх кніг, газет і нават крыжаванак туды перадаваць нельга», - распавяла Алена Сурапіна.

17 жніўня - роўна год, як Антон запусціў свой сайт Belarusian News Photos.

«Антон у другім лісце да нас перадаваў шмат слоў падзякі тым, хто дапамагае зараз з сайтам, таксама калегам за падтрымку», - дадала Алена Сурапіна.

З 13 ліпеня 2012 года фатограф Антон Сурапін знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ па абвінавачванні ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню дзяржаўнай мяжы. Віна Сурапіна заключаецца толькі ў тым, што ён размясціў на сайце bnp.by фатаграфіі плюшавых медзведзянятаў, скінутых з самалёта, які парушыў дзяржаўную мяжу Беларусі.

Аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам і плюшавымі мішкамі на борце перасёк паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Прыкладна паўтары гадзіны ён правёў у паветранай прасторы краіны. За гэты час шведы з самалёта скінулі над Івянцом і ўскраінамі Менска больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку ваенныя і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэння мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадскі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў баяздольнасці не толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створана камісія пры Лукашэнке, якая занялася праверкай ўсіх злучэнняў і воінскіх часцей Ваенна-паветраных сіл і Войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.

31 ліпеня Лукашэнка вызваліў ад пасад старшыню Дзяржаўнага памежнага камітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл генерал-маёра Зміцера Пахмелкінa. Падставай для звальненьня стала «неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнню нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь».

Аб няпоўнай службовай адпаведнасці папярэджаны міністр абароны Юрый Жадобін і начальнік Генштаба Узброеных сіл - першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Пётр Ціханоўскі. Абвешчаная вымова дзяржсакратару Савета бяспекі Леаніду Мальцаву і старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках