2 траўня 2024, Чацвер, 4:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Трусаў: Беларусам пагражае выраджэнне нацыі

34
Алег Трусаў: Беларусам пагражае выраджэнне нацыі

Скарачэнне беларускамоўных школ нясе прамую пагрозу для існавання дзяржавы.

Набліжаецца пачатак навучальнага года, але, як вядома, сітуацыя з беларускамоўнымі школамі пастаянна пагаршаецца. Чаму так адбываецца? Што чакае нас далей? Аб гэтым карэспандэнт euramost.org размаўляе са старшынёй Таварыства беларускай мовы (ТБМ) Алегам Трусавым.

Увесну гэтага года стала вядома, што ў Беларусі зачыняюцца яшчэ 114 школ. У пераважнай большасці - беларускамоўныя у сельскай мясцовасці.

Напрыклад, у двух адміністрацыйных раёнах Гродна ёсць толькі дзве школы, куды бацькам рэкамендавалі падаваць заявы, калі яны хочуць, каб іх дзеці вучыліся на беларускай мове. На Магілёўшчыне школьнікаў, якія вучацца па-беларуску, у пяць разоў менш, чым тых, якія вучацца на рускай мове.

Па словах старшыні грамадскага аб'яднання «Таварыства беларускай школы» Алеся Лозкі, «скарачэнне школ у Беларусі, сапраўды, стала сумнай сацыяльнай з'явай».

«Фактычна штогод каля 100 школ зачыняецца, - кажа ён. - Прычым большасць гэтых школ - беларускамоўныя. Калі ў самім далучэнні малакамплектных школ да больш буйных няма праблем для дзяцей, то ў іншым яна праяўляецца. Справа ў тым, што дзеці з беларускамоўных школ пераводзяцца ў рускамоўныя і губляюць магчымасць навучання па-беларуску. Губляецца пераемнасць».

«Дакладныя лічбы па беларускамоўным школам і класам мы будзем мець толькі 1 верасня, таму што інфармацыя альбо хаваецца, альбо яе ніхто не збірае, так як людзі яшчэ ў адпачынках, - кажа Алег Трусаў. - Але спробы ствараць беларускамоўныя класы ТБМ працягвае. Друкуем адпаведныя абвесткі. У гэтым плане на Гродзеншчыне вельмі актыўна працуюць, у Менску. Будзем у хуткім часе збіраць Беларускі бацькоўскі камітэт перад навучальным годам».

- Ёсць тэндэнцыя скарачэння беларускамоўных школ. Як вы гэта можаце пракаментаваць?

- Натуральна, ідзе скарачэнне - асабліва на вёсцы. Самае страшнае, што няма дзяцей. Беларусь выраджаецца, каго вучыць? Давайце паглядзім на пачатак 90-х гадоў, калі ў некаторых гарадах большасць першых класаў школ сталі беларускімі. І пытанняў не было. Але для гэтага трэба, каб бацькі ведалі, што і ва ўніверсітэтах будзе навучанне на беларускай мове, і начальства будзе ведаць беларускую мову. Тут, як гаворыцца, палітычнае пытанне. Калі б кіруючыя асобы ў Беларусі загаварылі б па-беларуску, у беларускія школы пайшлі б тысячы людзей.

- Да чаго ўвогуле можа прывесці пастаяннае скарачэнне беларускамоўных школ?

- Да ліквідацыі нацыі і дзяржавы.

- На гэтай Алімпіядзе спартыўныя беларускія каментатары Павел Баранаў і Дзмітрый Герчыкаў пачалі весці рэпартажы на беларускай мове, але потым кіраўніцтва БТ загадала перайсці ім на рускую мову. Ці ведаеце вы пра такі факт?

- Не толькі ведаю. ТБМ даслала ў Белтэлерадыёкампанію адпаведны ліст з просьбай патлумачыць сітуацыю. На жаль, адказу да гэтага часу няма. А чаму забаранілі? Разумееце, у апошнія гады ў кіруючых элітах ідзе барацьба паміж тымі, хто выступае за мову, культуру і незалежнасць, і маскоўскай «пятай калонай». Нягледзячы на тое, што гэтая барацьба, як кажуць, ідзе «пад дываном», але яна пастаянна праяўляецца. То нешта з'яўляецца беларускае, то знішчаецца.

- Дарэчы, на сайце «Прэсбола» ідзе апытанне, каго лічыць лепшым каментатарам на Алімпіядзе, і там у лідэрах менавіта Баранаў і Герчыкаў. Моладзь галасуе за мову?

- Ды і не толькі моладзь - многія падтрымліваюць. Тут спрацоўвае фактар незалежнасці. 25 жніўня будзе 21 год, як існуе незалежная беларускі дзяржава. А фактар незалежнасці заўсёды прыводзіць да таго, што ў народзе ўмацоўваюцца нацыянальныя фактары - мова, культура, гісторыя. Вось, напрыклад, нядаўна была прэзентацыя кнігі Уладзіміра Арлова пра Вялікае княства Літоўскае, якую праводзіла бібліятэка Акадэміі навук. Дык там было няма дзе стаць. Зайсці ў залу было немагчыма - столькі прыйшло людзей. Ад моладзі да пажылых людзей. І ўсё куплялі кніжку, якая каштавала 350 тысяч. Вось вам і адказ. Кніга па-беларуску напісана, і яна пра Беларусь.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках