11 траўня 2024, Субота, 0:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сейм Літвы сёння абмяркуе «плюшавае бамбаванне»

2
Сейм Літвы сёння абмяркуе «плюшавае бамбаванне»

Сёння на пазачарговым пасяджэнні камітэт па нацыянальнай бяспецы і абароне Сейма Літвы абмяркуе сітуацыю з «плюшавым бамбаваннем» Беларусі самалётам са Швецыі.

Пасяджэнне пачнецца ў 14.00, паведамілі БелаПАН у офісе кіраўніка камітэта Арвідаса Анушаўскаса.

На мінулым тыдні ў інтэрв'ю радыёстанцыі Ziniu radijas Анушаўскас выказаў меркаванне, што шведскі самалёт перасёк мяжу 4 ліпеня «з-за адной невялікай памылкі», дапушчанай дзяжурнай зменай.

«Адна невялікая памылка многае вызначае. Думаю, у дадзеным выпадку высветліцца, што была дапушчана памылка: радары бачаць самалёты, іх хуткасць устанаўліваецца тэхнічна. Паколькі не было апазнавання, не было радыёсувязі са шведскім самалётам, аўтаматычна пазначылі: з Пацюная вылецеў - «неапазнаны» , у паветраную прастору Літвы зніклы самалёт вярнуўся, трэба было пазначыць яго як неапазнаны, а пазначылі як апазнаны?» - сказаў Анушаўскас. «Што я магу сказаць? Дзяжурыла эстонская змена. У Кармелаве ёсць і літоўцы, і эстонцы, і латышы. Дзяжурыла эстонская змена. Мы нічога не зробім з эстонскімі служачымі», - дадаў кіраўнік камітэта сейма.

У той жа час, лічыць Анушаўскас, літоўскія ведамствы няправільна адрэагавалі на інцыдэнт і абавязаны прызнаць сваю памылку.

Аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total з плюшавымі мішкамі на борце перасёк паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны каля паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ускраінай Менска больш за 800 цацак з цыдулкамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

Да таго часу, пакуль арганізатары акцыі не выклалі ў інтэрнэт відэа, якое пацвярджае факт іх палёту над Беларуссю, беларускія вайскоўцы і памежнікі катэгарычна абвяргалі інфармацыю аб незаконным перасячэнні мяжы. Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадскі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў баяздольнасці не толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА.

Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад займаных пасад старшыню Дзяржпамежкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Узброеных сіл генерал-маёра Зміцера Пахмелкіна.

8 жніўня беларускія ўлады звярнуліся да Літвы і Швецыі з просьбай аказаць прававую дапамогу ў расследаванні справы аб парушэнні беларускай мяжы шведскім самалётам.

9 жніўня Лукашэнка ў ходзе наведвання будаўнічай пляцоўкі АЭС у Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці заклікаў Літву не сядзець «як мышы пад венікам». «Яны нам павінны адказаць, чаму далі сваю тэрыторыю для парушэння дзяржаўнай мяжы. Каму-каму, а Літве ў гэтым плане мала не пакажацца», - заявіў Лукашэнка.

16 жніўня літоўскі бок паведаміў, што Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы пачала расследаванне.

У Беларусі па факце парушэння дзяржмяжы была заведзеная крымінальная справа, яе расследуе КДБ. У ліпені ў рамках расследавання былі затрыманыя і змешчаныя ў следчы ізалятар КДБ 20-гадовы фатограф Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў, а таксама рыэлтар Сяргей Башарымаў - ён займаецца здачай кватэр на кароткі тэрмін і у якога шведы маглі або планавалі здымаць жыллё. Маладыя людзі абвінавачваюцца ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы па справе аб «плюшавым дэсанце».

17 жніўня Башарымава і Сурапіна вызвалілі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе. Пры гэтым яны застаюцца ў статусе абвінавачаных. «Паколькі неабходныя следчыя дзеянні, у тым ліку правядзенне вочнай стаўкі, не праведзеныя ў сувязі з адмовай падданых Швецыі з'явіцца ў следчае ўпраўленне», - растлумачылі ў КДБ. «Канчатковыя працэсуальныя рашэнні ў дачыненні да грамадзян Беларусі, якія праходзяць па крымінальнай справе, будуць прынятыя толькі пасля ўнясення поўнай яснасці ў абставіны расследуемага злачынства», - сказана ў паведамленні КДБ.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках