7 траўня 2024, aўторак, 1:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Актывісту антыядзернай кампаніі 4 месяцы не аддаюць канфіскаваныя рэчы

Актывісту антыядзернай кампаніі 4 месяцы не аддаюць канфіскаваныя рэчы

У Ашмянах прайшоў суд па разглядзе скаргі грамадскага актывіста і праваабаронцы Міколы Уласевіча.

Скарга была пададзена на неправамерныя дзеянні Ашмянскай рэгіянальнай мытні. Разгляд скаргі быў настолькі фармальным, што заняў усяго 15 хвілін. Уласевічу ў задавальненні скаргі адмовілі, піша ПЦ «Вясна».

Прадстаўнік Ашмянскай мытні, які быў на судзе, сцвярджаў, што Уласевіч нібыта прапусціў працэсуальны тэрмін для падачы скаргі, спасылаючыся пры тым на пункт 7 артыкула 264 Грамадзянска-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Мікалай Уласевіч катэгарычна з гэтым не згодны, паколькі раней мінула два пазасудовых абскарджання і пасля другога абскарджвання ён падаў скаргу ўжо ў суд у адпаведны тэрмін. Суд жа палічыў, што Уласевіч павінен падаваць сваю скаргу ў гэтую інстанцыю ў месячны тэрмін з часу правапарушэння, то ёсць з 10 красавіка бягучага года, калі ў актывіста забралі на мяжы асабістыя рэчы. Суд указаў, што ў дадзеным выпадку ў адпаведнасці з артыкулам 33 Мытнага кодэкса Рэспублікі Беларусь пазасудовае абскарджанне неабавязковае, а таму працэсуальны тэрмін ідзе з моманту парушэння, а не з моманту атрымання адказу на пазасудовую скаргу.

Мікалай Уласевіч мае намер абскардзіць рашэнне Ашмянскага суда ў касацыйным парадку. Трэба дадаць, што беспадстаўна канфіскаваныя асабістыя рэчы актывіста Ашмянская рэгіянальная мытня да гэтага часу не вярнула.

Нагадаем, 10 красавіка актывіста антыядзернай кампаніі з Астравецкага раёна спынілі на мяжы на падставе таго, што ён ехаў на ўласным аўтамабілі не на восьмыя суткі, як дазволена, а на сёмыя.

Звычайна ў такіх выпадках памежнікі папросту разгортваюць людзей назад. Мікалая Уласевіча ўзялі на асабісты кантроль, канфіскавалі асабістыя рэчы і толькі праз тры гадзіны ён змог вярнуцца.

Па словах Уласевіча, у яго канфіскавалі дыктафон, кампакт-дыск «Назад у будучыню», дыск беларускіх бардаў, каля 80 стыкераў «Фукусіма» і адзін «Народжаныя ня поўзаць», навучальны дапаможнік «Чарнобыльскія ўрокі» і альтэрнатыўны даклад па ўздзеянні будучай Астравецкай АЭС на навакольнае асяроддзе.

Уласевіч кажа, што ехаў у Літву на сустрэчу з літоўскімі калегамі, якія таксама выступаюць супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках