Супрацоўнік ДФР у Гродне пагарэў на хабары
20- 29.08.2012, 13:59
У Гродне распачата крымінальная справа за хабар у дачыненні да супрацоўніка ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю па Гродзенскай вобласці.
Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БелТА ў прэс-службе УКДБ па Гродзенскай вобласці.
У ходзе выканання даручэння кіраўніка дзяржавы аб узмацненні мер па барацьбе з карупцыяй і службовымі злачынствамі, у тым ліку ў праваахоўных і кантралюючых органах, Камітэтам дзяржбяспекі ў выніку правядзення комплексу аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў у ліпені была спынена супрацьпраўная дзейнасць старэйшага інспектара па асабліва важных справах УДФР КДК па Гродзенскай вобласці. Ён быў затрыманы пры атрыманні незаконнага грашовага ўзнагароджання ў памеры $570.
Устаноўлена, што на працягу 2011-2012 гадоў супрацоўнік фінансавай міліцыі неаднаразова атрымліваў у якасці хабару ад аднаго з жыхароў Гродна розныя тавараматэрыяльныя каштоўнасці і грашовыя сродкі за вырашэнне пытання аб зацягванні следства і спыненне расследавання распачатай у дачыненні да яго крымінальнай справы.
Упраўленнем Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці ў дачыненні да старэйшага інспектара распачата крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.5 арт.16 і ч.1 арт.431 (падбухторванне і дача хабару) КК Беларусі.
У выніку далейшых аператыўна-следчых дзеянняў былі выкрытыя іншыя эпізоды супрацьпраўнай дзейнасці супрацоўніка фінансавай міліцыі, у выніку чаго ў дачыненні да яго распачата яшчэ адна крымінальная справа па ч.3 арт.209 (махлярства) КК.