3 траўня 2024, Пятніца, 18:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ляпіс Трубяцкі»: Свабоду затрыманым мадэратарам!

7
«Ляпіс Трубяцкі»: Свабоду затрыманым мадэратарам!

Музыкі падтрымалі арыштаваных адміністратараў груп у сацыяльных сетках.

Сёння на афіцыйным сайце гурта «Ляпіс Трубяцкі» з'явіўся зварот гурта ў падтрымку арыштаваных сеткавых актывістаў.

Прыводзім тэкст заявы:

«Сёння, 31 жніўня, СМІ паведамілі пра затрыманне ў Менску маладых хлопцаў і дзяўчат - стваральнікаў некалькіх папулярных супольнасцей «Укантакце», у тым ліку супольнасці «Ляпіс Трубяцкі - бясплатны канцэрт у Менску».

Нягледзячы на тое, што гурт «Ляпіс Трубяцкі» не меў ніякага дачынення да гэтай супольнасці і не планаваў у бліжэйшы час даваць канцэрт у Менску (паколькі знаходзіцца ў «чорным спісе» забароненых у Беларусі калектываў), мы лічым сваім абавязкам выступіць у падтрымку затрыманых. Спачатку ўлада абмежавала ў правах музыкаў, зараз пачала пераследваць іх прыхільнікаў. Пераследуюцца не хуліганы, не злодзеі, не бандыты; людзі падвяргаюцца рэпрэсіям за тое, што любяць і прапагандуюць музыку, якая не даспадобы моцным свету гэтага.

Музыка - гэта апошняя тэрыторыя свабоды. Свабоду затрыманым!».

Нагадаем, учора днём былі арыштаваныя адміністратары супольнасцей «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» і «Толькі ШОС!» Павел Еўціхіеў, Андрэй Ткачоў, Алег Шрамук і Раман Пратасевіч. Аднаму з мадэратараў, Сяргею Бяспалаву, удалося ўцячы. Андрэя Ткачова і Паўла Еўціхіева прысудзілі да арышту на 7 і 5 сутак адпаведна. Рамана Пратасевіча збілі і вызвалілі як непаўналетняга. Алега Шрамука пасля допыту вызвалілі позна ноччу. Спэцслужбы таксама канфіскавалі ў мадэратараў кампутарную тэхніку і атрымалі поўны доступ да інтэрнэт-груп. Яны выдалілі суполку «Надакучыў нам гэты Лукашэнка» з 37.000 карыстальнікамі і «Толькі ШОС!» з 15.000 падпісчыкамі. Супрацоўнікі КДБ таксама хацелі выдаліць сустрэчу «Ляпіс Трубяцкі - бясплатны канцэрт у Менску» з 45.000 людзей, але адміністратарам, якія засталіся на волі, удалося выратаваць сустрэчу.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках