20 траўня 2024, панядзелак, 14:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Таццяна Рэвяка: Маўчанне Абрамавай паспрыяла фальсіфікацыі «выбараў»

64
Таццяна Рэвяка: Маўчанне Абрамавай паспрыяла фальсіфікацыі «выбараў»

Праваабаронца лічыць, што раскажы былы дэпутат аб злачынстве тады, сёння выбарчыя механізмы маглі б працаваць па-іншаму.

Сябра Савета праваабарончага цэнтра «Вясна» Таццяна Рэвяка пракаментавала сайту charter97.org заяву былога дэпутата Вярхоўнага Савета і «палаты прадстаўнікоў» Вольгі Абрамавай аб механізме фальсіфікацыі «выбараў» у 2008 годзе пасля чатырохгадовага маўчання.

«Мы назіралі за тымі выбарамі ў 2008 годзе, і яшчэ тады паспелі сказаць тое, што сёння распавяла Вольга Абрамава. Вельмі шкада, што ёй спатрэбілася столькі часу, каб распавесці пра фальсіфікацыі. Выбарчыя механізмы, магчыма, зараз маглі бы працаваць па-іншаму, калі б яна раскрыла механізмы фальсіфікацыі адразу. Добра, што яна пра гэта распавяла, але дрэнна, што яна столькі часу маўчала аб злачынстве, пра якое ведала», - сказала праваабаронца.

«На жаль, з часу тых «выбараў» адбыліся ўжо дзве выбарчыя кампаніі. Цяперашняя - трэцяя па ліку. І тое, што Вольга Абрамава тады прамаўчала, паспрыяла таму, што «выбары» працягваюць фальсіфікаваць. Гэта маўчанне мае вельмі вялікія наступствы для ўсяго беларускага народа», - лічыць Таццяна Рэвяка.

«Шкада, што ёй хапіла смеласці заявіць пра фальсіфікацыі толькі цяпер. Я ведаю многіх людзей, якія змагаюцца з фальсіфікацыямі на «выбарах» і губляюць сваю свабоду. А іншым людзям ў гэты ж час не хапае смеласці сказаць пра злачынствы, пра якія яны ведаюць», - адзначыла праваабаронца.

Нагадаем, 10 верасня былы дэпутат Вярхоўнага Савета і «палаты прадстаўнікоў» Вольга Абрамава перад чарговымі «парламенцкімі выбарамі» распавяла журналістам пра тое, як фальсіфікаваліся вынікі «выбараў» па яе менскай акрузе № 108 на папярэдніх «выбарах» - у 2008 годзе. Дэпутат раскрыла дэталі падзей, пра якія маўчала 4 гады.

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках