3 траўня 2024, Пятніца, 11:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Deutsche Welle: Беларуская міліцыя - ударная сіла рэжыму

18
Deutsche Welle: Беларуская міліцыя - ударная сіла рэжыму

Большасць беларусаў не лічыць міліцыянтаў сваімі абаронцамі.

На думку экспертаў, у Беларусі органы ўнутраных спраў ператварыліся ў рэпрэсіўную машыну, прычым не толькі ў дачыненні да апазіцыі, перадае Deutsche Welle.

Звычайнай практыкай сталі фальсіфікацыі адміністрацыйных спраў і ілжэсведчанні міліцыянтаў у судах. Як паведамляе газета міністэрства ўнутраных спраў Беларусі «На страже», спасылаючыся на вынікі нядаўняга афіцыйнага даследавання, толькі 34,7 адсотка грамадзян краіны цалкам давяраюць органам унутраных спраў.

Юрыст Тамара Сяргей адзначае, што праваахоўныя органы Беларусі больш за ўсё знаходзяцца ў залежнасці ад розных структур выканаўчай улады. Яны выконваюць часам незаконныя ўказанні чыноўнікаў, таму грамадзяне зразумелі, што міліцыя больш не абараняе іх правы, кажа юрыст. «Я асабіста баюся тых асоб, якія служаць у гэтай сістэме», - падкрэсліла Тамара Сяргей. Паводле яе слоў, праваахоўная сістэма ў Беларусі ператварылася ў структуру гвалту. Для міліцыянтаў няма розніцы, ці ажыццяўляецца гэта гвалт у дачыненні да злачынца або ў адносінах да чалавека, на якога пакажа службовая асоба.

Беззаконне з боку міліцыі

Сябра Савета Праваабарончага цэнтра «Вясна» Уладзімір Лабковіч канстатуе, што ў Беларусі звычайнай з'явай апошніх гадоў стала беспадстаўнае затрыманне грамадзян міліцыянтамі з наступным абвінавачваннем іх у дробным хуліганстве. Супрацоўнікі праваахоўных органаў, як правіла, абвінавачваюць затрыманых у брыдкаслоўі ў грамадскім месцы. Потым самі ж сведчаць супраць іх у судах. А суды прыслухоўваюцца выключна да іх слоў, ігнаруючы паказанні процілеглага боку.

Ад ілжэсведчанняў з боку міліцыі да нядаўняга часу пакутавалі ў асноўным актывісты апазіцыйных партый, дэмакратычных моладзевых арганізацый. Але не толькі яны. Па надуманых прычынах затрымліваліся і абвінавачваліся ў дробным хуліганстве вядомыя мастакі, журналісты, праваабаронцы і нават навукоўцы.

Акрамя таго, праваабаронцы нагадваюць пра «прафілактычныя» аблавы, якія праводзяцца міліцыяй на дыскатэках як у Менску, так і ў рэгіёнах. У выніку такіх рэйдаў за дробнае хуліганства былі затрыманыя дзясяткі маладых людзей, якія падвергліся пакаранню ў выглядзе штрафу альбо адміністрацыйнага арышту. Урываліся супрацоўнікі міліцыі і ў прыватныя дамы, дзе праводзіліся набажэнствы, абвінавачваючы грамадзян у правядзенні несанкцыянаванага мерапрыемства.

Затрыманыя ўдзельнікі акцый пратэсту, а таксама леташніх флэшмобаў адзначалі незвычайную жорсткасць прадстаўнікоў праваахоўных органаў як у «аўтазаках», так і ў пастарунках. Там затрыманых збівалі, не давалі хадзіць у туалет, пакідалі без ежы і вады на працяглы час, прымушалі гадзінамі стаяць на холадзе тварам да сцяны з паднятымі рукамі.

Слугі рэжыму

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі лічыць, што спецыфіка палітычнага кіраўніцтва ў Беларусі дэфармавала інстытут міліцыі. Зацікаўлены ў захаванні ўлады рэжым настойвае на падаўленні любой актыўнасці. Таму міліцыя ператварылася ва ўдарную сілу рэпрэсій. А гэта ідзе на шкоду яе асноўнай дзейнасці па ахове правапарадку, упэўнены Аляксандр Класкоўскі. На думку юрыста Тамары Сяргей, супрацьстаяць беззаконню можа толькі моцная грамадзянская супольнасць. Але яна ў Беларусі знаходзіцца яшчэ толькі ў стадыі станаўлення.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках