15 траўня 2024, Серада, 20:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пікет «За сумленныя выбары без Лукашэнкі» у цэнтры Менска (Фота)

15

13 верасня ў Менску, каля гандлёвага цэнтра «Рыга», прайшоў пікет прадстаўнікоў Аб'яднанай грамадзянскай партыі «За сумленныя выбары без Лукашэнкі!».

У мерапрыемстве прынялі ўдзел спікеры АГП Анатоль Лябедзька, Станіслаў Багданкевіч, Уладзімір Раманоўскі, Мікалай Казлоў, Ганна Канапацкая, Ніна Каляда, піша БелаПАН.

Выступаючы перад прысутнымі, Лябедзька заявіў, што правядзенне гэтага пікету - своеасаблівы адказ на нявыхад у эфір «нават тых выступаў, якія доўжыліся пяць хвілін, і то ў запісу і пад цэнзурай». Ён адзначыў, што за чатыры гады цяперашняе 4-е скліканне «палаты прадстаўнікоў» распрацавала толькі тры законапраекта. «Гэта ўсё роўна, калі б рабочы заводу «Гарызонт» за чатыры гады сабраў тры тэлевізары, але зарплату атрымаў за чатыры гады», - сказаў Лябедзька.

Ён адзначыў, што ні адзін чалавек не змог назваць трох дзейсных «дэпутатаў» «палаты прадстаўнікоў». «А гэта ж тыя, за каго мы нібыта галасавалі ўсяго чатыры гады таму», - сказаў Лябедзька.

Палітык заявіў, што такая сітуацыя склалася таму, што «дэпутаты» не абіраюцца, а прызначаюцца. «Таму мы здымаемся з псеўдавыбараў і заклікаем вас не хадзіць і не галасаваць на гэтых «выбарах», - заявіў Лябедзька.

Тым, каго прымусяць прыйсці на «выбары», ён прапанаваў галасаваць супраць усіх кандыдатаў у «дэпутаты», «якімі б сімпатычнымі вам яны ні здаваліся». Астатніх жа заклікаў данесці гэты сцэнар да сваіх блізкіх і знаёмых.

Асобна Лябедзька спыніўся на праблеме палітвязняў. Ён адзначыў, што гэтыя людзі асуджаныя толькі за тое, што мелі адрозны ад улады пункт гледжання на развіццё сітуацыі ў Беларусі.

Экс-кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч заявіў, што зараз рашэнне эканамічных праблем немагчыма без змены ўлады.

Маці палітвязня Ігара Аліневіча Валянціна Аліневіч распавяла аб праблемах палітвязняў, а падпалкоўнік міліцыі Мікалай Казлоў - пра тое, як фальсіфікаваліся выбары ў 2008 годзе.

Пасля гэтага спікеры АГП адказвалі на пытанні грамадзян, прычым больш за ўсё пытанняў паступіла Станіславу Багданкевічу.

Сканчаючы пікет, Лябедзька заклікаў прысутных далучацца да кампаніі АГП «За сумленныя выбары без Лукашэнкі!». Пікет прайшоў без інцыдэнтаў і прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі ў форме.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках