27 красавiка 2024, Субота, 21:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аддзелы кадраў дзяржпрадпрыемстваў працуюць на КДБ

31
Аддзелы кадраў дзяржпрадпрыемстваў працуюць на КДБ

Пры прыёме на працу патэнцыйным супрацоўнікам прапануюць запоўніць анкету, частка пытанняў якой носіць асабліва асабісты характар.

Гэтая інфармацыя можа быць перададзена спецслужбам.

Магілёўскія праваабаронцы, вывучыўшы тыпавую анкету для напісання аўтабіяграфіі пры паступленні на працу, былі збянтэжаныя пытаннямі, на якія трэба адказваць. З дзесяці пунктаў як мінімум два, на іх думку, супярэчаць беларускаму заканадаўству, паведамляе «Нямецкая хваля».

Пасля пашпартных дадзеных і інфармацыі аб ранейшых месцах працаўладкавання патэнцыйныя работнікі павінны паведаміць, ці былі яны за мяжой, «калі, дзе і з якой мэтай». Акрамя таго, у анкеце трэба пазначыць, ці падтрымліваюць суіскальнікі працоўнага месца або іх сваякі «неслужбовыя сувязі з асобамі, якія пастаянна пражываюць за мяжой».

Баяцца казаць

Юрыст Магілёўскага праваабарончага цэнтра (МПЦ) Барыс Бухель перш за ўсё адзначае незвычайнасць сітуацыі, пры якой у дадзеным выпадку спатрэбілася яго ўмяшанне. Грамадзяне пры прыёме на працу абурыліся дылемай, якая стаіць перад імі: ці паведамляць новаму працадаўцу асабістую інфармацыю або шукаць іншую працу.

Копію ўжо запоўненай анкеты яны перадалі ў МПЦ, але папрасілі захаваць гэты факт у таямніцы. Барыс Бухель здзіўлены тым, што людзі ўжо баяцца казаць пра такую быццам бы звычайную справу, як умовы працаўладкавання.

Яшчэ больш ён быў здзіўлены, калі ў адказ на запыты кіраўнікі дзяржпрадпрыемстваў і ўстаноў сталі катэгарычна адхрышчвацца ад згаданых анкет. Прааналізаваўшы пытанні, Бухель зразумеў, што ніхто не хоча браць на сябе адказнасць за патрабаванні, якія супярэчаць заканадаўству. «Гэтая анкета - незаконнае ўварванне ў асабістае жыццё грамадзян», - упэўнены праваабаронца.

Аддзелы кадраў і ідэалогія

Кадравік адной з дзяржаўных устаноў Тамара, папрасіўшы не называць яе прозвішча, пагадзілася растлумачыць сітуацыю. Яна пацвердзіла, што такая анкета з'яўляецца тыпавой. І ўжо дзесяць гадоў, што Тамара працуе ў гэтай установе, усе прэтэндэнты на працоўнае месца даюць адказы на ўсе пытанні такой анкеты.

Калісьці, узгадвае Тамара, быў перыяд, калі аўтабіяграфію можна было пісаць адвольна, але праз некаторы час вырашылі вярнуцца да практыкі анкет. Хто быў ініцыятарам новаўвядзення, якое праваабаронцы кваліфікуюць як уварванне ў прыватнае жыццё, для яе застаецца загадкай.

Зрэшты, па словах Тамары, людзі пішуць не ўсю праўду пра сябе, і ніякіх санкцый у такіх выпадках не прадугледжана. Некаторая палітызацыя пасады кадравіка, па яе прызнанні, адбылася шэсць гадоў таму.

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года на прадпрыемствах з колькасцю менш за 500 чалавек начальнікі аддзелаў кадраў сталі сумяшчаць сваю пасаду з абавязкамі намесніка дырэктара па ідэалагічнай працы. Але ўсе калегі Тамары, па яе словах, успрынялі гэта як непатрэбную дадатковую нагрузку і новыя абавязкі выконваюць без энтузіязму.

Анкета для спецслужбаў

Між тым магілёўскі актывіст Партыі Беларускага народнага фронту (БНФ) Уладзімір Трызуноў ставіцца да беларускіх кадравікоў з недаверам. Як працуе дадзеная сістэма, ён адчуў на сабе. Па назіранні Трызунова, пакуль грамадзянін дэманструе лаяльнасць уладам, ён можна жыць спакойна.

Але калі хтосьці быў затрыманы на апазіцыйнай акцыі ці праявіў прынцыповасць на вытворчасці, то менавіта ў аддзел кадраў у сувязі з гэтым наносяць свой першы візіт супрацоўнікі спецслужбаў. У гэтым выпадку, па выразе актывіста, бяскрыўдная, на першы погляд, анкета «становіцца выдатнай крыніцай для збору інфармацыі».

Улетку, працуючы на магілёўскім хлебазаводзе, Уладзімір Трызуноў стаў сведкам парушэння правілаў захоўвання інгрэдыентаў, якія выкарыстоўваюцца для вырабу печыва. Калі ўстанавілася спякота, маргарын, які растаў, работнікі прадпрыемства збіралі прама з падлогі. Трызуноў сфатаграфаваў гэта на мабільны тэлефон, а фота адаслаў на электронную пошту ў пракуратуру і ў незалежныя СМІ. Літаральна праз дзень да яго на працу прыйшоў прадстаўнік спецслужбаў. А неўзабаве пасля гэтага апазіцыйны актывіст быў звольнены.

Уладзімір Трызуноў звяртае ўвагу на чацвёрты пункт анкеты. Там патрабуецца пазначыць звесткі аб усіх блізкіх сваяках, месцах іх работы і нават, у выпадку, калі яны памерлі, пазначыць месца іх пахавання. Пазней, калі Трызуноў збіраў подпісы за вылучэнне аднаго з апазіцыянераў кандыдатам у дэпутаты парламента, ён быў нямала здзіўлены візіту двух «супрацоўнікаў у цывільным» на кватэру яго бацькоў, якія захацелі агледзець яго асабістыя рэчы.

«Кантроль узмацняецца, КДБ ведае пра нас практычна ўсё», - лічыць Уладзімір Трызуноў.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках