27 красавiка 2024, Субота, 1:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канфлікт Грузіі і Расеі: ПАРЕ патрабуе доступу

2
Канфлікт Грузіі і Расеі: ПАРЕ патрабуе доступу

Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прыняла ў сераду рэзалюцыю аб гуманітарных наступствах расейска-грузінскага канфлікту 2008 года.

У дакуменце даюцца практычныя рэкамендацыі ўсім бакам, як палепшыць становішча спраў у гэтай зоне. Дэлегацыя Расеі палічыла даклад «палітызаваным» і выступіла супраць, паведамляе руская служба Бі-бі-сі.

«Доступ, доступ і яшчэ раз доступ» - так пачала свой выступ дакладчык ПАРЕ па гуманітарных наступствах расейска-грузінскага канфлікту Ціна Акетофт. Сябра парламента Швецыі, якая прысвяціла падрыхтоўцы свайго дакладу два гады, кажа, што ў праблему доступу ўпіраецца ўсё - ад магчымасці бежанцаў з закранутых вайной сёлаў наведваць магілы сваіх сваякоў да візітаў міжнародных назіральнікаў у Абхазію і Паўднёвую Асецію.

«Як гэта ні сумна, у Паўднёвай Асеціі я так і не пабывала. Мой доступ туды быў блакаваны. Праблема таго, адкуль я прыеду на гэтую тэрыторыю і якім шляхам я яе пакіну, была для палітыкаў важней, чым прадастаўленне мне магчымасці даследаваць гуманітарныя праблемы на месцы», - адзначыла Ціна Акетофт.

Паводле яе слоў, нават дакладная колькасць людзей, якія жывуць у гэтым раёне, ёй не вядомая - нешта паміж 15 і 30 тысячамі жыхароў, і ацаніць становішча ў Паўднёвай Асеціі яна магла, толькі атрымліваючы некаторыя дадзеныя ў Маскве. Нават з гэтых дадзеных вынікае, што праблемы ў раёне Цхінвалі вельмі сур'ёзныя і ніякай постканфліктнай рэабілітацыі на гэтай тэрыторыі фактычна не адбываецца.

У Абхазію дакладчыцы ПАРЕ з'ездзіць атрымалася, і яна кажа, што там для людзей, якія пацярпелі падчас канфлікту 2008 года, сёе-тое робіцца - вырашаюцца бытавыя праблемы, пачалася барацьба з карупцыяй і рэкетам, палегчаны праезд праз адміністрацыйную мяжу.

Ціна Акетофт зрабіла выснову, што расейская ваенная прысутнасць на «акупаваных тэрыторыях» (гэты тэрмін ПАРЕ ў выніковай рэзалюцыі пакінула) успрымаецца дваяка: для абхазаў і паўднёвых асецін гэта гарантыя іх бяспекі, для грузінаў і большай часткі міжнароднай супольнасці - прыкмета таго, што частка Грузіі акупаваная суседняй дзяржавай.

Расея не згодная

Менавіта слова «акупаваныя», а таксама тое, што Ціна Акетофт не пагадзілася ўязджаць на тэрыторыю Паўднёвай Асеціі з боку Расеі, выклікала незадавальненне расейскіх сябраў ПАРЕ.

Кіраўнік дэлегацыі Расеі ў Асамблеі, старшыня камітэта Дзяржаўнай Думы па міжнародных справах Аляксей Пушкоў ужо пасля галасавання скардзіўся журналістам: «Па змесце даклад быў нядрэнным, але сам факт знаходжання ў яго тэксце згадкі Абхазіі і Паўднёвай Асеціі як тэрыторый Грузіі зрабіў для нас немагчымым яго падтрымаць. Я быў вельмі здзіўлены словамі спадарыні Акетофт аб тым, што расейская дэлегацыя палітызуе гэтыя дэбаты - бо яна сама зрабіла гэты даклад палітычным, як толькі назвала гэтыя два раёны часткай Грузіі».

Сама Ціна Акетофт, каментуючы гэтыя словы расейскага дэпутата ў інтэрв'ю Рускай службе Бі-бі-сі, сказала, што яе магчымы візіт у Паўднёвую Асецію з боку Расеі быў бы расцэнены і Масквой, і Тбілісі як ускоснае прызнанне незалежнага статусу гэтай тэрыторыі. Як кажа шведскі дэпутат, ёй вельмі прыкра, што размовы аб статусе з'яўляюцца галоўнымі, а рэальныя крокі ў бок паляпшэння становішча людзей, якія страцілі свае дамы і сваіх блізкіх чатыры з паловай гады таму, тармозяцца.

У сваім дакладзе яна адзначыла, што грошы, выдзеленыя Расеяй Паўднёвай Асеціі на аднаўленне, большай часткай падзеліся невядома куды - і пра гэта, а таксама пра тое, як наладзіць для дзяцей розных нацыянальнасцяў навучанне на роднай мове, трэба гаварыць да ўсякіх размоў аб статусе.

Скрыня Пандоры

Наступствы расейска-грузінскай вайны 2008 года, па словах Ціны Акетофт - гэта «адкрытая скрыня Пандоры», якую не асабліва імкнуцца закрыць. «Улады Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, не саромеючыся, заяўляюць аб тым, што не дапусцяць вяртання ўцекачоў-грузінаў у свае дамы», - кажа яна з горыччу.

Зрэшты, пра абхазскіх чыноўнікаў Ціна Акетофт гаворыць з меншай крытыкай - менавіта яны дазволілі ёй прыехаць у Сухумі з Грузіі.

Большасць дэлегацый у ПАРЕ выказала падзяку Ціне Акетофт за яе працу і прагаласавала за рэзалюцыю, якая, сярод іншага, заклікае Расею і Грузію забяспечыць жыллём адпаведна асяцінскіх і грузінскіх уцекачоў, весці справу да размяшчэння міжнародных міратворчых сіл і ўсё ж дапусціць прадстаўнікоў ПАРЕ ў раён Цхінвалі. Таксама Асамблея рэкамендавала Еўрапейскаму суду па правах чалавека паскорыць слуханні па міждзяржаўнай справе «Грузія супраць Расеі», якая знаходзіцца на разглядзе ў гэтым судзе.

Асобна і ў рэзалюцыі, і ў рэкамендацыях Асамблеі сказана аб неабходнасці для дзяцей у рэгіёне канфлікту атрымліваць адукацыю на роднай мове. І як раз пры абмеркаванні гэтага патрабавання у двух дэлегацый, якія спрачаліся з-за асобных фармулёвак дакумента, з'явілася магчымасць праявіць велікадушнасць.

Грузіны, якія першапачаткова патрабавалі згадкі ў рэзалюцыі гарантый навучання на грузінскай, з лёгкасцю пагадзіліся дадаць у гэты пункт і абхазскую мову. Прадстаўнікі Расеі нават з такім дадаткам падтрымліваць гэты абзац у рэзалюцыі ПАРЕ не сталі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках