19 сакавiка 2024, aўторак, 11:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Казлоўскі: Падначаленыя падманулі Лукашэнку

55
Павел Казлоўскі: Падначаленыя падманулі Лукашэнку

Беларусь наўрад ці зможа стварыць нейкую тэхніку «з нуля» і «да канца».

Дыктатар заклапаціўся беларускай зброяй. Нагадаем, на нарадзе па пытаннях развіцця ваенна-прамысловага комплексу краіны ён запатрабаваў больш актыўна развіваць новыя напрамкі ў абаронным сектары эканомікі і ствараць запатрабаванае на ўнутраным і сусветным рынках узбраенне.

«Размова пойдзе пра бяспеку нашай дзяржавы, нашага войска і яго ўзбраення, - заявіў Лукашэнка, адкрываючы нараду. - Абаронны сектар эканомікі заўсёды з'яўляўся флагманам перадавых тэхналогій і інавацый. Толькі самае надзейнае і лепшае запатрабавана ва ўсіх войсках. І тут нам ні ў якім разе нельга адставаць».

Паводле яго слоў, беларускія абаронныя прадпрыемствы выпускаюць шырокую лінейку ўзбраенняў. Пастаянным попытам у розных краінах карыстаюцца комплексы кіравання войскамі і зброяй, сістэмы абароны ад высокадакладнай зброі, радыёлакацыйныя станцыі, сродкі СПА.

Сёння больш за 70% прадукцыі беларускага ВПК сыходзіць на знешні рынак. А тэхніка такіх прадпрыемстваў, як «Пеленг», МЗКЦ, «Тэтраэдр», практычна ў поўным складзе рэалізуецца замежным заказчыкам. «Нам удалося пераадолець сітуацыю, калі ў структуры экспарту пераважала празмерная ва Узброеных Сілах савецкая тэхніка. Цяпер амаль 90 узбраення і паслуг, якія экспартуюцца, - беларускія. Такую пазітыўную дынаміку трэба замацоўваць», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Між тым, былы міністр абароны Беларусі Павел Казлоўскі лічыць, што беларускага кіраўніка нехта падмануў. У інтэрв'ю карэспандэнту сайта «Товарищ.online» Казлоўскі заявіў, што Беларусь наўрад ці зможа стварыць нейкую тэхніку «з нуля» і «да канца».

«Зрабіць гэта вельмі складана. Беларусь можа быць, і здольная стварыць канкурэнтназдольную ваенную тэхніку, але не «з нуля», і абавязкова ў кааперацыі з кімсьці. У нас проста няма канчатковых узораў тэхнікі, у нас няма такіх вытворчасцяў», - лічыць Казлоўскі.

Ён адзначыў, што наш ВПК - гэта спадчына Савецкага Саюза, а ў СССР у Беларусі не было нейкай канчатковай вытворчасці зброі. «Мы стваралі і ствараем зараз нядрэнныя асобныя кампаненты і сістэмы зброі, напрыклад, сістэмы навядзення і кіравання агнём, БелОМА выпускае добрую оптыку, Баранавіцкі авіябудаўнічы завод рамантуе самалёты. Нават тыя шасі МЗКЦ і МАЗа для цягачоў і ваеннай тэхнікі - гэта ўсяго толькі цягачы. На іх трэба размясціць ваенную тэхніку. Гэта значыць, усё гэта «тавары падвойнага прызначэння» і кампаненты ўзбраенняў, але не канчатковы прадукт», - кажа экс-кіраўнік ваеннага ведамства.

Паводле яго слоў, «як такіх, заводаў па вытворчасці зброі ў Беларусі не было, і я не бачу зараз базы для вытворчасці нейкіх сур'ёзных рэчаў».

Праўда, ён успамінае, што ў сярэдзіне 1990-х гадоў, калі Беларусь стала незалежнай, ваенныя планавалі стварыць у Беларусі ўласную вытворчасць зброі. «У 1994 годзе мы хацелі распрацаваць і вырабляць ўласную стралковую зброю. Быў у нас тут канструктар аўтамата, мы шчыльна прапрацоўвалі гэты праект. Таксама мы вельмі шчыльна і плённа працавалі над магчымасцю вытворчасці ў Беларусі лёгкаматорных самалётаў, шукалі ў гэтай галіне партнёраў і саюзнікаў. Аднак улада змянілася. І новая ўлада вырашыла, што гэта ім не трэба. А цяпер тая ж самая ўлада збіраецца наладзіць у Беларусі вытворчасць беспілотнікаў. Калі б не быў пахаваны праект лёгкаматорнага самалёта, гэта было б зрабіць прасцей», - лічыць Казлоўскі.

Ён адзначае, што само жаданне абсталяваць беларускае войска сучасным узбраеннем цалкам пахвальнае. «У сучасных умовах моцныя краіны абнаўляюць свой парк баявых машын раз у 8-10 гадоў, - кажа былы міністр. - Беларусь, вядома, далёкая ад моцных краін, але і нашай тэхніцы ўжо гадоў 30-40, гэта недапушчальны ўзрост. Мы ўсе яе правім, перастаўляем запчасткі з адной машыны на іншую. І так працягвацца не можа. Але ці здольныя мы самі вырабіць узбраенне сусветнага ўзроўню з нуля да канчатковага прадукту - у гэтым я вельмі сумняваюся».

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках