29 красавiка 2024, панядзелак, 10:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Курапаты: Клінтан быў, Лукашэнка - ні разу

29

На ўскраіне Менска знаходзіцца сумна вядомае ўрочышча Курапаты - месцы расстрэлу і пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.

Дакладная колькасць пахаваных там людзей невядомая, называюць лічбы ад 30 000 да 200 000 чалавек. Імёны людзей таксама невядомыя. Месца масавай расправы над людзьмі падзеленае кальцавой магістраллю, а побач з ім хутка будзе адкрыты забаўляльны цэнтр, піша ru.delfi.lt.

Паводле звестак беларускай пракуратуры, урочышча з'яўлялася месцам расстрэлаў і пахаванняў органамі НКУС у 1937-1941 гг. Мяркуюць, што такіх участкаў у Менску было восем.

Лясны масіў Курапаты ўнесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, займае плошчу каля 30 гектараў і ахоўваецца дзяржавай.

Падчас свайго візіту ў Беларусь ў 1994 годзе ўрочышча наведаў тагачасны прэзідэнт ЗША Біл Клінтан. У адрозненне ад яго, за ўсе гады кіравання цяперашні прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка не ўдастоіў Курапаты сваёй увагай і наведваннем. Зусім нядаўна там пабывалі прадстаўнікі Польшчы, а яшчэ раней - польскія байкеры.

Урочышча адзначана на мапе Менска і знаходзіцца на самай мяжы горада. Месца масавага расстрэлу пазначана камянямі, крыжамі, якія сталі ўсталёўваць пасля таго, як у свой час лідар Беларускага народнага фронту Зянон Пазняк правёў на гэтым месцы раскопкі.

Як распавёў супрацоўнік міжнароднай арганізацыі «Мемарыял», былы палітвязень і дысыдэнт Сяргей Ханжанкоў, перыядычна група энтузіястаў праводзіць на гэтым месцы ўборку, прыглядае за тэрыторыяй.

У Сяргея багатая біяграфія, больш за 10 гадоў ён правёў у мардоўскіх лагерах за тое, што ў пачатку 1960-х гадоў ён і група яго таварышаў планавалі падарваць «глушылку», якая не давала магчымасці слухаць замежнае радыё. Аднак выявіўся правакатар і ў выніку - арышт, закрыты суд, лагер. Сваё знаходжанне ў лагеры ён называе «курсамі павышэння антысавецкай кваліфікацыі», паколькі ў мардоўскіх лагерах утрымліваліся палітычныя зняволеныя, дысыдэнты.

«З 2007 года ў нас з'явілася яшчэ адна традыцыя, кожнае 29 кастрычніка мы тут збіраемся, каб успомніць пра ахвяраў, у гэты дзень быў масавы расстрэл. Мы зрабілі гэты дзень днём памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі», - распавёў Ханжанкоў.

«Ніхто не ведае дакладна, колькі тут пахавана людзей, спісаў няма», - працягвае ён. Па розных ацэнках тут можа пакоіцца ад 30 000 да 200 000 чалавек. Раскопкі былі праведзеныя толькі на пяці адсотках тэрыторыі.

«Ёсць беларусы, рускія, палякі, літоўцы, яўрэі - усе, хто тут жыў», - распавядае далей Ханжанкоў і дадае, што амбасадары замежных дзяржаў прыязджаюць у Курапаты, каб аддаць даніну памяці расстраляным жыхарам Беларусі.

Усе прозвішчы невядомыя, але два прозвішчы, па словах суразмоўцы, усё ж ёсць. У адной з ям знайшлі квітанцыі, дзякуючы якім і высветлілі прозвішчы двух чалавек. Імёнаў іншых загінулых на гэтым месцы ніхто не ведае.

«Мы некалькі разоў звярталіся ў КДБ, там казалі, што спісаў няма, усё ў Маскве», - кажа Ханжанкоў.

Першы памятны знак на гэтым месцы масавых рэпрэсій з'явіўся ў 1988 годзе. Калі ехаць па аўтастрадзе, то можна ўбачыць паказальнік на Курапаты, калі ж карыстацца грамадскім транспартам, то з канчатковай станцыі трэба прайсці пешшу каля 30-40 хвілін.

«Самае галоўнае, што Лукашэнка тут ніколі не быў, Клінтан быў, а Лукашэнка не Памятны знак абяцалі паставіць яшчэ камуністы, але забыліся», - удакладняе аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Час ад часу сюды наведваюцца вандалы, апаганьваюць крыжы, некалькі разоў разбівалі так званую «лаву Клінтана» - памятны знак ад імя амерыканскага народа. Побач, і гэта можна ўбачыць на фоне крыжоў, ужо амаль скончанае будаўніцтва забаўляльнага комплексу. А магістраль, якая знаходзіцца побач, разбівае Курапаты на дзве часткі.

Урочище Куропаты. Фото: Delfi
Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках