29 красавiка 2024, панядзелак, 7:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Зайчыка» дэвальвуюць на сто рублёў штомесяц

25
«Зайчыка» дэвальвуюць на сто рублёў штомесяц

Рост курсу даляра роўна на 100 рублёў штомесяц - мэтанакіраваная палітыка Нацбанка.

Такое меркаванне выказалі экспэрты, апытаныя БелаПАН, каментуючы змяненне каціровак на валютным рынку краіны.

Нагадаем, паводле стану на 1 кастрычніка афіцыйны курс даляра складае 9090 рублёў і вырас за верасень на 100 рублёў. У папярэднія месяцы назіралася практычна аналагічная дынаміка - даляр даражэў на 100 рублёў у месяц. Так, калі на 1 чэрвеня афіцыйны курс даляра складаў 8690 рублёў, то на 1 ліпеня - 8790 рублёў, на 1 жніўня - 8880 рублёў (на 2 жніўня - 8890 рублёў ), на 1 верасня - 8990 рублёў.

На думку экспэртаў, паслабленне курсу нацвалюты ў дачыненні да даляра роўна на 100 рублёў штомесяц - мэтанакіраваная палітыка Нацбанка.

«Рост курсу даляра роўна на 100 рублёў у месяц - гэта і ёсць рэжым «кіраванага плавання» курсу нацвалюты, які раней абвясціў Нацбанк. Усталяваны пэўны парог паслаблення курсу рубля, які рэгулятар, мабыць, лічыць плаўнай дэвальвацыяй. Тое, што мы бачым, - мэтанакіраваная палітыка Нацбанка», - мяркуе старэйшы аналітык Forex Club Валерый Палхоўскі.

Экспэрты сыходзяцца ў меркаванні, што Нацбанк дапускае рост курсу даляра ў межах 100 рублёў у месяц, каб не траўмаваць насельніцтва.

«Наўрад ці 100 рублёў - гэта матэматычна вывераная лічба. Хутчэй за ўсё, меў месца псіхалагічны разлік. Мабыць, камусьці ў галаву прыйшла думка пра тое, што рост курсу даляра на 100 рублёў штомесяц - гэта цярпіма для насельніцтва, менш нельга, а калі больш - народ пачне панікаваць і пабяжыць у абменнікі», - каментуе змену каціровак на валютным рынку фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра «Альпары» ў Беларусі Вадзім Іосуб.

На думку экспертаў фінансавага рынку, у мэтах недапушчэння большага паслаблення рубля Нацбанк праводзіць жорсткую грашова-крэдытную палітыку, якая прывяла да дэфіцыту рублёвай ліквіднасці і росту адсоткавых ставак на рублёвыя дэпазіты і крэдыты.

«Высокія адсоткавыя стаўкі на грашовым рынку, якія стымулююць насельніцтва захоўваць зберажэнні ў нацвалюце, - рэцэпт стабілізацыі валютнага рынку, які быў «вынайдзены» Нацбанкам яшчэ ў 2011 годзе. Рэгулятар праводзіць сёння жорсткую грашова-крэдытную палітыку, каб не дапускаць большага паслаблення рубля і захаваць стабільнай сітуацыю на валютным рынку», - мяркуе Валер Палхоўскі.

На думку экспэртаў, грашовыя ўлады, ахвяруючы тэмпамі эканамічнага росту, спрабуюць стрымліваць інфляцыю і дэвальвацыю. Лета гэтага года паказала, што зніжэнне адсоткавых ставак вядзе да далярызацыі зберажэнняў і да павелічэння попыту на валюту, кажа Іосуб.

«Калі стаўкі дэпазітаў летам гэтага года знізіліся да 25% гадавых, насельніцтву стала зусім нецікава трымаць зберажэнні ў рублях, і фундатары пачалі масава канвертаваць іх у валюту. Бо курс даляра тады стаў расці», - нагадвае ён.

Экспэрты мяркуюць, што ў цяперашніх умовах, калі адсоткавыя стаўкі захоўваюцца на высокім узроўні і Нацбанк прытрымліваецца жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі, рублёвыя дэпазіты будуць расці, а тэмпы дэвальвацыі рубля захаваюцца на цяперашнім узроўні. «Даляр, як і ў папярэднія месяцы, будзе даражэць прыкладна на 100 рублёў у месяц», - мяркуе Палхоўскі.

Падстаў для рэзкай дэвальвацыі да канца года няма, мяркуюць фінансавыя аналітыкі. «Дэвальвацыя на дзясяткі адсоткаў да канца года не прадбачыцца», - рэзюмаваў Вадзім Іосуб.

Як паведамлялася раней, на 2014 год беларускія ўлады прагназуюць сярэднегадовы курс даляра на ўзроўні 9500 рублёў. Разам з тым, з улікам захавання цяперашняй дынамікі (рост курсу даляра на 100 рублёў у месяц) афіцыйны курс даляра да канца 2013 года можа скласці каля 9400 рублёў. Такім чынам, для дасягнення прагнознага значэння курс даляра ў наступным годзе павінен заставацца практычна нязменным, што, на думку экспэртаў, малаверагодна.

Дзмітрый Заяц, «Беларускія навіны»

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках