9 траўня 2024, Чацвер, 1:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Індыі ідзе маштабная эвакуацыя праз пагрозу цыклону

2
У Індыі ідзе маштабная эвакуацыя праз пагрозу цыклону

Больш за 400 тысяч чалавек эвакуіруюцца у бяспечныя месцы ў індыйскіх штатах Арыса і Андхра-Прадэш праз набліжэнне цыклону «Фаулін».

Зараз ён прасоўваецца ў паўночна-заходнім кірунку над Бенгальскім залівам і, згодна з прагнозам, дасягне сушы ў раёне горада Гапалпур вечарам у суботу, перадае Бі-Бі-Сі.

Паводле дадзеных мясцовага дэпартамента метэаралогіі, хуткасць ветру дасягае 220 км/г. Эксперты Цэнтра папярэджання тайфунаў ВМС ЗША ў Ганалулу кажуць, што яна можа ўзрасці да 315 км/г.

Згодна з класіфікацыяй лонданскага Цэнтра вывучэння трапічных штармоў «Фаулін» адносіцца да вышэйшай, пятай катэгорыі. Стыхія прынясе лівень і трохметровыя хвалі.

Аналагічнае стыхійнае бедства ў 1999 годзе загубіла ў штаце Арыса больш за 10 тысяч чалавек, але цяпер улады падрыхтаваліся лепш.

«На ўзбярэжжы ні адзін чалавек не застанецца ў глінабітных і саламяных селішчах», - заявіў кіраўнік ведамства па надзвычайных сітуацыях Арыса Сур’я Нарайяна Патры.

Вайсковыя часткі ў Арыса і Андхра-Прадэш прыведзеныя ў гатоўнасць. Прызапашаная вялікая колькасць харчовых паек, каб скідаць іх з верталётаў у зоны бедстваў. Створаны часовыя прытулкі.

У сталіцы Арыса Бубанешвары ўжо дзьме моцны вецер і ідзе дождж. У горадзе прыкметныя адзнакі панікі, насельніцтва спусташае паліцы крамаў.

У перыяд з красавіка па лістапад выкліканыя цыклонамі штармы - звычайная з'ява на ўсходнім узбярэжжы Індыі і Бангладэш. Апошні ўдар стыхіі здарыўся ў снежні 2011 года, калі ахвярамі цыклона «Тан» сталі некалькі дзесяткаў жыхароў індыйскага штата Тамілнад.

Фота: EPA

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках