8 траўня 2024, Серада, 23:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейскі навуковец: Заснавальнік нашай дзяржавы - хан Батый

126
Расейскі навуковец: Заснавальнік нашай дзяржавы - хан Батый

Кіраванне Расеяй да гэтага часу праходзіць паводле сістэмы, закладзенай у Залатой Ардзе.

Пра гэта ідзе гаворка ў кнізе расейскага вучонага Генадзя Цюньдзешава «Вялікі хан Батый - заснавальнік Расейскай дзяржаўнасці». Назва кнігі дакладна адлюстроўвае сутнасць - кіраванне Расеяй да гэтага часу праходзіць паводле Сістэмы, закладзенай у Залатой Ардзе (ад канфуцыянскай законнасці да шанавання Начальніка), піша сайт «Толкователь».

Тое, што парэшткі Кіеўскай Русі і Залатой Арды існавалі ў своеасаблівым сімбіёзе, гэта аснова не толькі еўразійскай тэорыі (якая ўзнікла ў першай трэці ХХ стагоддзя), але і сістэма светапогляду мноства расейскіх гісторыкаў. Таму Генадзь Цюньдзешаў, дацэнт Інстытута гісторыі і права Хакаскага дзяржаўнага ўніверсітэта і кандыдат юрыдычных навук, у сваёй кнізе толькі сістэматызаваў гэтыя тэорыі.

Створаная ханам Батыем дзяржава існуе да гэтага часу, хоць дзяржаўнай мовай цяпер з'яўляецца расейская (сумесь славянскай з цюркскай), пра мову заснавальніка Расейскай імперыі нагадваюць тэрміны ў назвах інстытутаў дзяржаўнай улады і права, як: «казначэйства», «мытня», «закон», «грошы», «дума», «Ямская служба», «кара», «варта» і г.д. Дзякуючы хану Батыю воіны і пастухі стэпаў сталі жыхарамі гарадоў - чыноўнікамі, купцамі, прамыслоўцамі, рамеснікамі, уладальнікамі зямлі і земляробамі, будаўнікамі дарог, «караван-сараяў», бальніц і школ. У расейскай жа мове пра гэта нам нагадваюць наступныя словы: «кніга», «аловак», «настаўнік», «вучоны», «час» і г.д.

Маскоўская протадзяржава была такой жа часткай Арды, як Крымскае, Казанскае, Астраханскае ханства, Узбекскі ўлус, на руінах якога паўсталі Нагайская Арда, Казахскае і Сібірскае на Таболе, Хівінскае ханства. Дэ-юрэ Расея канчаткова выйшла з-пад кантролю Арды толькі напачатку XVIII стагоддзя, калі Пётр I спыніў выплату даніны Крымскаму ханству (самаму моцнаму аскепку Арды да таго часу). З гэтага моманту Расея становіцца адзінай правапераемніцай Арды.

Рускія княствы плацілі даніну сарайскім ханам, за што мелі гандлёвы флот на Волзе, рэлігійную рэзідэнцыю ў Сараі, вызваленне рускай праваслаўнай царквы ад усіх відаў падаткаў. У асобе метраполіі, якой для іх была Залатая Арда, яны мелі духоўную і вайсковую падтрымку ў шматлікіх войнах са сваімі паўночна-заходнімі суседзямі, такімі як Шведскае каралеўства і нямецкі Тэўтонскі ордэн, Польшча і Вялікае княства Літоўскае, Венгерскае каралеўства, Галіцкая Русь.

«Цяперашняя Расія фарміравалася не на глебе Кіеўскай Русі, якая распалася на некалькі суверэнных дзяржаў яшчэ ў XII стагоддзі, за стагоддзе да з'яўлення «манголаў», не ў спаборніцтве з ардынцамі, з якімі не было ў рускіх трэнняў на рэлігійнай ці культурнай глебе. Расея паўстала на цалкам новай маскоўскай глебе, якая была арганічнай часткай залатаардынскай дзяржаўнасці; яна вырасла са спаборніцтва Масковіі з ханствамі, якія раней уваходзілі ў Залатую Арду, за права спадчыны вялікай дзяржавы, якая распадалася», - піша аўтар кнігі.

Традыцыі Залатой Арды надоўга ўкараніліся ў жыцці Расеі. Многія законы і элементы культуры Залатой Арды былі настолькі трывалыя, што існавалі не толькі ў эпоху нямецкіх цароў Расеі, але і дажылі да нашых дзён.

«Дзяржаўная сістэма, уведзеная заваёўнікамі ў пераможанай краіне, уяўляла сабою верх абдуманасці і дысцыпліны ў параўнанні з тым патрыярхальным укладам, які існаваў на Русі да татараў. «Азіяцкая» спадчына была прадметам гонару, а не асуджэння. Яна была арганічным элементам рускага жыцця: руская мова і культура проста прасякнуты цюркскімі запазычаннямі.

Масква, як цэнтр фарміравання рускай дзяржаўнасці, у адрозненне ад Суздаля, Уладзіміра або Ноўгарада, з'явілася непасрэдна з залатаардынскага асяроддзя. Прычым не столькі дзякуючы збору падаткаў, колькі таму, што яна ўспрыняла шматлікія «татарскія» законы і палітычныя традыцыі», - пісаў пра гэта іншы расейскі гісторык Міхаіл Худзякоў.

Мовай маскоўскай бюракратыі была нейкая мета-цюркская мова - транслітараваная калька цюркска-татарскіх формул і формаў. Ва ўсім відаць, маскоўскія бюракратычныя паперы афармляліся паводле нейкага ардынскага фармату, аж да іх мастацкага афармлення.

Канцылярская мова Залатой Арды была цюркскай, напісанай спачатку ўйгурскай пісьменнасцю, а затым і арабскай графікай. Практычна імгненна яна стала і мовай міжнацыянальных стасункаў на тэрыторыі ўсяго Улуса Джучы. Рускія пісцы валодалі як цюркскай мовай, так і арабскай графікай. Гэта пацвярджаецца шматлікімі знаходкамі арабскай вязі на дакументах і прадметах рускага побыту тых гадоў, вырабленых рускімі майстрамі, і нават цалкам натуральным пераходам з рускай на цюркскую ў «Хаджэнні за тры моры» цвярскога купца Афанасія Нікіціна».

Існаваў у Залатой Ардзе і калегіяльны орган народнага прадстаўніцтва - так званы курултай. У ім удзельнічалі сыны хана, яго бліжэйшыя сваякі (царэвічы), удовы ханаў, эміры, наёны, цёмнікі і іншыя. Воля хана, яго пастановы на курултаі з'яўляліся канчатковымі і бясспрэчнымі. Сёння амаль поўны яго аналаг - Дзяржаўная Дума.

Князь і гісторык Мікалай Трубяцкой пісаў у сваіх працах, што «рускі цар з'явіўся спадчыннікам мангольскага хана. «Звяржэнне татарскага іга» звялося да замены татарскага хана праваслаўным царом і да перанясення ханскай стаўкі ў Маскву». Выснова нечаканая з пункту гледжання звыклых нам падручнікаў, але падзеі наступнай рускай гісторыі прама паказваюць на яго справядлівасць.

Мы прыводзім урывак з кнігі Генадзя Цюньдзешава «Вялікі хан Батый - заснавальнік Расейскай дзяржаўнасці», у якім ён апісвае элементы ардынскай дзяржаўнасці, якія не толькі дажылі да сучаснай «вертыкалі ўлады» і «суверэннай дзяржаўнасці», але і сталі іх асновай.

«З праўлення хана Удэгэя пачаўся кітайскі ўплыў на сістэму кіравання дзяржавай, падмена права канфуцыянствам.

У цюркска-мангольскай дзяржаве стаў дамінаваць «тып грамадства, які існаваў у Кітаі і ўсяляк падтрымліваўся на працягу стагоддзяў, і, адпавядаў таму, што прапанавала канфуцыянства. Ячэйка грамадства - гэта сям'я з іерархічнай арганізацыяй і амаль абсалютнай уладай кіраўніка сям'і. Абшчына і сама дзяржава павінны адпавядаць гэтай мадэлі сям'і і пазбягаць колькі-небудзь значнага ўмяшання ў адведзенае ёй шырокае кола спраў. Жыхару абшчыны належала строга прытрымлівацца рытам, якія адпавядаюць статусу, што жыхар мае ў суполцы. Захаванне рытаў, які прадпісваліся звычаем, замяняла ў Кітаі законапаслухмянасць.

У гэтай статычнай канцэпцыі грамадства ў якасці асноўных прынцыпаў выступалі: сыноўняя любоў, падпарадкаванне вышэйшым ў іерархіі, забарона ўсялякіх эксцэсаў і абурэнняў». У кітайскай канцэпцыі закон мае другарадную ролю, у асноўным рэпрэсіўную. «У VII стагоддзі імператар Кан Шы адкрыта заявіў :«Колькасць цяжбаў бяспрыкладна ўзрастае, калі людзі не будуць баяцца звяртацца ў суды, спадзеючыся лёгка знайсці там справядлівасць... Паловы нашых падданых не хопіць, каб вырашаць спрэчкі другой паловы. Таму я патрабую, каб з тымі, хто звяртаецца ў суды, абыходзіліся бязлітасна, так, каб яны адчулі агіду да закону і трэсліся ад страху адной думкі паўстаць перад судом».

Таму, гэтыя гістарычныя фактары павялічвалі непрыязнасць да закона. Акрамя таго, ёсць і іншыя фактары, «сярод іх на першым плане дрэнная (наўмысна дрэнная) арганізацыя правасуддзя, што зусім не хвалюе ўлады.

Чыноўнік, на якога ўскладзеная задача вяршыць правасуддзе, вельмі далёкі ад тых, што судзяцца, бо паводле агульных правіл, ён запрашаецца на гэты пост з іншай правінцыі і таму дрэнна ведае мясцовыя прыслоўі і звычаі. Яго служачыя, з якімі непасрэдна маюць справу тыя, хто судзіцца, карумпаваныя. Яны наўмысна зацягваюць працэс, бо кормяцца ад яго. Зварот да тых, хто судзіцца, зневажальны, а зыход працэсу заўсёды сумнеўны. «Выйграны працэс - страчаныя грошы», - кажа народная прымаўка.

Усё гэта падахвочвае кітайцаў абыходзіць суды і развязваць спрэчкі шляхам пазасудовых працэдур». Іншымі словамі для кітайскага грамадства законы не з'яўляюцца нармальным сродкам развязання канфліктаў паміж людзьмі. «Законы, з пазіцыі канфуцыянства, ніякага значэння для паляпшэння грамадства не маюць, чым іх менш, тым лепш, зварот да правасуддзя амаральны, і ўсе гэтыя пастулаты цвёрда ўмацаваліся ў грамадскай свядомасці», пачынаючы з Залатой Арды і да сучаснай Расейскай Федэрацыі».

Аўтар кнігі падкрэслівае, што такое стаўленне да права ў Расеі існуе да гэтага часу. Гэта адзін з доказаў таго, што заснавальнік і першы кіраўнік Залатой Арды - хан Батый - з'яўляецца заснавальнікам сучаснай Расейскай дзяржавы.

Напісаць каментар 126

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках