8 траўня 2024, Серада, 8:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчук тры тыдні стаяў у метро з плакатам «Здыму кватэру»

24

Менгарвыканкам адмовіў яму ў дазволе на «адзіночнае пікетаванне».

Фота гэтага хлопца сабрала сотні лайкаў і каментароў у сацыяльнай сетцы «Вконтакте». Адны крытыкавалі, іншыя спачувалі, трэція проста смяяліся, піша «Наша Нiва».

«Мяне ўжо палова Менска ведае. Але эфект зваротны: мне не прапаноўваюць, а пытаюцца, дзе б зняць пакой ці кватэру», - кажа хлопец.

Аляксандр Кіклевіч стаяў з плакатам «Здыму кватэру» каля выхадаў з метро і ў іншых людных месцах горада. У мінулым годзе ён скончыў ВНУ, а цяпер у яго свой бізнэс. Малады прадпрымальнік вырабляе фільтры ад пылу для кампутараў па ўласнай запатэнтаванай тэхналогіі. Вытворчасць знаходзіцца ў Слоніме, на радзіме хлопца, а кліенты - у Менску. Таму і жыллё спатрэбілася менавіта ў сталіцы.

Раней ён здымаў за $220 двухпакаёўку ў Серабранцы разам з сябрам. Паўтара месяца таму гаспадар папрасіў вызваліць кватэру, бо з-за мяжы вяртаецца сваяк. Новае жыллё спачатку шукаў праз інтэрнэт. Але калі там і з'яўляліся танныя прапановы, то іх адразу ж забіралі з перадаплатай на паўгода наперад.

Пасля развешваў аб'явы, абклеіў блізу ста пад'ездаў. Вынік - адзін званок - і той з агенцтва. Нарэшце вырашыў стаць з шыльдай у людным месцы.

У пошуку кватэры «ўжывую» Аляксандр Кіклевіч бачыў свае плюсы: «Да мяне падыходзіць гаспадар, ён бачыць, хто будзе здымаць яго кватэру. А я бачу адразу, што з сябе ўяўляе ён».

Але ёсць і мінусы. Сярод іх - непазбежныя праблемы з праваахоўнымі органамі. «На «Каменнай Горцы» міліцыянты запатрабавалі паказаць дазвол ад Менгарвыканкама на рэкламу. Я растлумачыў, што гэта не рэклама, а аб'ява. Потым мне сказалі, каб не стаяў ля выхаду з метро, бо перашкаджаю людзям. Я прапанаваў адысці да сцяны. Але ўсё роўна пагражалі затрымаць. Ёсць месцы, дзе міліцыя не ганяе, - кажа ён. - На адной станцыі міліцыянт падышоў і прапанаваў мне здымаць у яго пакой!»

Пасля некалькіх гутарак з людзьмі ў форме Аляксандр Кіклевіч накіраваўся ў Менгарвыканкам.

«Я хацеў узяць дазвол на тое, каб стаяць з таблічкай у метро. Але дакумент не далі. Крыху пажартавалі з мяне і сказалі, што нельга - і ўсё», - сказаў ён.

З Менгарвыканкама хлопца адправілі ў метрапалітэн. У адным з кабінетаў яму заявілі: «І правільна, што цябе ганяе міліцыя». Маўляў, раптам ты стаіш з шыльдай «здыму кватэру», а людзям прапануеш нешта іншае - дзяўчат ці наркотыкі.

Больш чым за тыдзень «адзіночнага пікетавання» жыллё сабе хлопец так і не абраў, хаця прапановаў было шмат. У першы ж дзень на «Каменнай Горцы» кожныя 10-15 хвілін хтосьці падыходзіў. За аднапакаёвую кватэру прасілі ад $400, за дарагія кватэры - да $1000.

Здаралася, што да Аляксандра Кіклевіча падыходзілі і прасілі пастаяць побач. Так ён ужо дапамог некалькім шукальнікам жылля: «Прапанавалі ў Чыжоўцы кватэру за $350. Я адмовіўся, а хлопец, які стаяў побач, пагадзіўся. За ўвесь час чалавек шэсць дакладна засяліліся».

У канцы гутаркі Аляксандр Кіклевіч задаецца пытаннем:

«Нараджаецца дзіця - табе выдаецца кватэра, амаль бясплатна. Я дзяцей люблю і хачу, каб іх было шмат. А дзе іх рабіць, гэтых дзяцей, калі месца няма?»

7 кастрычніка ён усё ж такі знайшоў жыллё - пакой у Серабранцы за 120 даляраў.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках