6 траўня 2024, панядзелак, 1:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Будучыня Расеі: сцэнар «вялікага выбуху»

16
Будучыня Расеі: сцэнар «вялікага выбуху»

Віцэ-прэзідэнт Амерыканскага савета па знешняй палітыцы Ілан Берман апублікаваў кнігу, у якой выкладаецца сцэнар развіцця Расеі.

У даследаванні, якое мае назву: «Унутраны выбух. Канец Расеі - што ён азначае для Амерыкі» (Implosion. The End of Russia and What it Means for America) ён выказвае здагадку аб тым, як будзе выглядаць Расея ў 2040 годзе: «Дзесяцігоддзі скарачэння колькасці насельніцтва і сацыяльных праблем знішчылі некалі магутную расейскую дзяржаву, пераўтвораную ва ўласны цень. На ўнутранай арэне краіна сутыкаецца з маштабнымі сацыяльнымі зрухамі. Славяне, колькасць якіх памяншаецца, а нацыяналізм узмацняецца, вядуць «халодную вайну» з мусульманскім насельніцтвам, якое расце і радыкалізуецца. У рэспубліках, большасць насельніцтва якіх складаюць мусульмане, набіраюць сілу сепаратысцкія настроі. (...) Прадпрымаючы адчайныя спробы аднавіць парадак, расейскі ўрад звяртаецца да масавых рэпрэсіяй, нябачаных з савецкіх часоў. Гэтыя рэпрэсіі, аднак, толькі радыкалізуюць апанентаў улады і ізалююць Расею ад Захаду».

Згодна з прагнозам Ілана Бермана, у 2040 годзе Кітай будзе фактычна кіраваць расейскім Далёкім Усходам. Каб кампенсаваць страты ў Азіі, Расея паспрабуе аднавіць сваю ўладу на постсавецкай прасторы, абсарбаваўшы Беларусь і правёўшы шэраг ваенных кампаній супраць Украіны і іншых суседніх дзяржаў.

У інтэрв'ю «Голасу Амерыкі» даследчык пракаментаваў свае высновы.

- Верагодна, няма ніводнай дзяржавы ў свеце, якая не сутыкалася з сур'ёзнымі праблемамі. Чаму вы думаеце, што цяперашнія праблемы Расеі могуць прывесці да яе калапсу?

- На тое ёсць шэраг прычын. У кнізе я пішу аб трох галоўных трэндах. Першы з іх - дэмаграфічная праблема, памяншэнне колькасці насельніцтва Расеі ў цэлым; другі - адначасовае павелічэнне колькасці расейскіх мусульман і іх радыкалізацыя, выкліканая іх неадэкватным палітычным прадстаўніцтвам; трэці - праблемы на Далёкім Усходзе, дзе эканамічна і палітычна пачынае дамінаваць Кітай. Праблема ў тым, што ўсе гэтыя тры працэсы адбываюцца адначасова. Кожны з іх сам па сабе - вельмі небяспечны для будучыні Расеі, хоць і не нясе смяротнай пагрозы.

Аднак тое, што ўсе гэтыя працэсы адбываюцца адначасова, дазваляе зрабіць сумныя высновы пра будучыню, з якой можа сутыкнуцца Расея.

Ёсць яшчэ адзін вельмі важны момант: расейская ўлада ў яе цяперашнім стане не гатовая змагацца з гэтымі праблемамі. Урад, створаны і кіраваны прэзідэнтам Пуціным, адказны выключна перад самім сабой, ён не рэпрэзентатыўны, і ён неадэкватна адказвае на выклікі, з якімі сутыкаецца Расейская Федэрацыя. У выніку ён не проста неадэкватна рэагуе на гэтыя пагрозы - у некаторых выпадках ён нават не падазрае аб іх існаванні.

- Аднак апытанні грамадскай думкі дэманструюць, што прэзідэнт Пуцін карыстаецца высокай папулярнасцю сярод расейцаў, а ўрад асігнуе значныя сродкі на той жа Далёкі Усход і Паўночны Каўказ. Чаму ж расейская ўлада неэфектыўная?

- Мы павінны адрозніваць, калі так можна выказацца, «тактычнае задавальненне» і «доўгачасовае адабрэнне» дзеянняў расейскай улады.

Калі ацаніць шматгадовыя трэнды папулярнасці Пуціна, то вымалёўваецца зусім іншая сітуацыя. Паводле апытання Лявада-Цэнтра, праведзенага ў сакавіку, папулярнасць Пуціна складала штосьці каля 34 адсоткаў. Гэта катастрафічна ва ўмовах дэмакратыі і прыводзіць да ўзнікнення праблем нават у дзяржавах, у якіх з дэмакратыяй праблемы, - напрыклад, у Расеі.

Што адбываецца сёння? Папулярнае ўяўленне, што Расея дамінуе на міжнароднай арэне, дзякуючы дзеянням на сірыйскім і іранскім напрамках. У палітыцы заўсёды любяць пераможцаў. Аднак у доўгатэрміновай перспектыве абяцанні расейскай улады аб інвестыцыях у інфраструктурныя праекты і развіццё Далёкага Усходу - гэта адно, а практычная рэалізацыя гэтых абяцанняў - зусім іншае. Абяцанняў было зроблена вельмі шмат, але стратэгічных інвестыцый - вельмі мала. Каб атрымаць поспех, Расеі патрабуюцца вельмі сур'ёзныя ўкладанні ў інфраструктуру, ахову здароўя, сацыяльныя службы і іншыя сферы, якія б дазволілі спыніць дэмаграфічны крызіс.

- З якімі вонкавымі пагрозамі сутыкаецца Расея?

- Расея сутыкаецца з унутранай і знешняй праблемай джыхадызму. Гэтая пагроза зыходзіць звонку, таму што многія замежныя арганізацыі гэтага толку - падобныя «Аль-Каідзе» і Хізб-ут-Тахрыр – прадстаўленыя ў межах Расеі.

Прычына, па якой яны апынуліся здольнымі дамагчыся гэтага, заключаецца ў тым, што ў такіх рэгіёнах, як Дагестан, Чачня і Інгушэція, а таксама ва ўсё большай ступені Татарстан і Башкартастан, яны сустракаюць усё больш цёплы прыём з боку мясцовага мусульманскага насельніцтва, якое адчувае сваю адчужанасць ад расейскай дзяржавы. Гэта - каласальны выклік для Расеі, асабліва таму, што ён патрабуе неадкладнай рэакцыі. У прыватнасці - таму, што да Алімпіяды ў Сочы засталося зусім няшмат часу.

На іншым канцы краіны - кітайская праблема. Гэтая праблема - не толькі палітычная, але і тэрытарыяльная. Расея і Кітай супернічалі за гэтыя землі на працягу сотняў гадоў. Мяжа была канчаткова ўстаноўленая толькі ў 2001 годзе. Але гэта - толькі часовае пагадненне, паколькі тэрмін яго дзеяння заканчваецца ў 2021 годзе. Чаму гэта адбылося? Таму, што ў момант падпісання гэтай дамовы Кітай ведаў, што праз 20-30 гадоў дэмаграфічная сітуацыя ў рэгіёне істотна зменіцца і ён будзе ў стане перагледзець умовы пагаднення. І Кітай правы, таму што цяпер колькасць расейскага насельніцтва Далёкага Усходу мінімальная і працягвае скарачацца. У выніку каласальны і найбагацейшы рэгіён, які можа забяспечыць будучыню Расеі, усё больш пакутуе ад адсутнасці працоўнай сілы. Працоўную сілу ўсё часцей прадастаўляе Кітай .

- Вядома, што негатыўныя прагнозы ў дачыненні да Расеі выказваюцца далёка не ўпершыню. Тым не менш, расейская дзяржава знаходзіла магчымасці пераламаць сітуацыю. Ці можа гэта адбыцца ў цяперашніх абставінах?

- Вядома! У будучыні няма нічога вызначанага. Цалкам магчыма, што Расея не проста здолее пераламаць гэтыя негатыўныя працэсы, але і апынецца ў адносна добрым становішчы.

У сваёй кнізе я хацеў падкрэсліць той факт, што Расея знаходзіцца на старце працэсу гэтай трансфармацыі: праз дзесяць гадоў яна можа цалкам інакш выглядаць дэмаграфічна, і, верагодна, тэрытарыяльна. Тое, якой стане Расея ў выніку гэтых канфліктаў, у першую чаргу залежыць ад расейскай улады.

На мой погляд, надзвычай паказальна, што Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі РФ зазірае наперад прыкладна на 15 гадоў. Урад Уладзіміра Пуціна паглынуты бліжэйшым будучым, але не робіць доўгатэрміновых укладанняў ва ўстойлівае развіццё Расеі. Гэта вельмі важны момант.

- Аднак многія расейцы ўпэўненыя, што ў параўнанні з адміністрацыяй ЗША ўрад Расеі нашмат больш эфектыўны...

- Зусім правільна. Таму што ўрад ЗША сёння выглядае паралізаваным. Аднак адно не абавязкова наўпрост звязана з іншым.

Калі казаць аб эканамічнай стабільнасці і палітычнай гармоніі, то ў ЗША ёсць вялізныя праблемы - дастаткова ўспомніць аб закрыцці федэральнага ўрада. Але гэта - функцыянальныя праблемы цяперашняй палітычнай сістэмы Злучаныя Штаты.

У кнізе я пішу пра тое, што праблемы Расеі носяць структурны характар. Гаворка ідзе не проста пра тое, якія палітычныя рашэнні прымаюцца, а пра тое, як пабудаваная расейская дзяржава. Для гэтага дастаткова прааналізаваць: у што інвесцтуе Расея - яна траціць грошы на такія рэчы, як стратэгічныя ядзерныя ўзбраенні і пераўзбраенне арміі, неабходныя для ўмацавання аўтарытэту расейскай дзяржавы на міжнароднай арэне, аднак практычна нічога не робіць для таго, каб супрацьстаяць «ціхім катастрофам» унутры краіны.

- Калі спраўдзіцца самы негатыўны сцэнар развіцця Расеі, то якімі могуць быць наступствы для навакольнага свету?

- Гаворка не ідзе пра поўны распад Расеі. Найбольш верагодны сцэнар выглядае так: расейская дзяржава захоўваецца, аднак яе ўнутраныя праблемы кардынальна абвастраюцца. Пры гэтым вельмі магчыма, што гэты крызіс выплюхнецца за межы Расеі. Напрыклад, па меры таго, як Расея будзе губляць пазіцыі на Далёкім Усходзе, яна, хутчэй за ўсё, распачне сур'ёзныя крокі, каб замацавацца на Захадзе. Расея будзе рухацца на Захад - яна актывізуе намаганні, спрабуючы аднавіць імперыю, што асабіста Уладзімір Пуцін называў мэтай свайго ўрада. Выклікае неспакой, што негатыўныя працэсы ўнутры Расеі падштурхоўваюць яе ідэалагічна і палітычна да канфлікту з Еўропай.

- Як да вашай кнігі паставіліся спецыялісты, якія займаюцца Расеяй?

- Гэта вельмі цікавы момант. Зараз у Вашынгтоне - як сярод кансерватыўных, так і сярод ліберальных аналітыкаў - прынята звязваць знешнепалітычныя манеўры Расеі з яе ўнутранай моцай. Ім уяўляецца, што Расея перамагае на сусветнай арэне, асабліва - у апошнія тыдні - на Блізкім Усходзе. У выніку яны прыходзяць да высновы, што ўнутраная сітуацыя ў Расеі стабільная. Але калі глядзець не на загалоўкі газет, а ўважліва прыгледзецца да таго, што адбываецца ўнутры Расеі, то пагадзіцца з гэтай высновай цяжка.

Пасля выхаду маёй кнігі многія эксперты, з якімі я размаўляў, казалі пра неабходнасць пераасэнсавання амерыкана-расейскіх адносінаў: «перазагрузка» спынілася, і мы думаем над тым, што рабіць далей. Але для таго, каб зразумець гэта, неабходна дакладна ўяўляць, што Расея ўяўляе сабой у рэчаіснасці.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках