29 красавiка 2024, панядзелак, 9:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

БКДП патрабуе спыніць бязмежжа на Мазырскім НПЗ

7
БКДП патрабуе спыніць бязмежжа на Мазырскім НПЗ

Лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук звярнуўся да міністра працы і сацыяльнай абароны.

Прычынай звароту стала галадоўка лідараў незалежнага прафсаюзу Мазырскага НПЗ Юрыя Швяца і Васіля Альхоўскага. У сваім звароце Аляксандр Ярашук патрабуе экстранага склікання пасяджэння Савета па пытаннях удасканалення заканадаўства ў сацыяльна-працоўнай сферы пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны з запрашэннем адміністрацыі прадпрыемства і кіраўніцтва незалежнага прафсаюза для неадкладнага прыняцця мер па спыненні дыскрымінацыі арганізацыі і расправы над яе сябрамі, паведамляе прэс-служба БКДП.

14 кастрычніка абвясцілі трохдзённы галадоўку старшыня Незалежнага прафсаюза ААТ «Мазырскі НПЗ» Юрый Швец і яго намеснік Васіль Альхоўскі. Прафсаюзныя лідары пайшлі на гэты крок у сувязі з тым, што з 2008 года па цяперашні час з боку кіраўнікоў прадпрыемства ў дачыненні да незалежнага прафсаюза і яго сяброў здзяйсняюцца бесперапынны ціск, пераследы, дыскрымінацыя, парушэнні іх канстытуцыйных, працоўных і грамадзянскіх правоў.

На днях адміністрацыя прадпрыемства звольніла адразу пецярых сяброў незалежнага прафсаюза - работнікаў праектна-канструктарскага аддзела мужа і жонку Генадзя і Таццяну Баброўнікаў, а таксама работнікаў цэха № 12 Уладзіміра Ключнікава, Аляксея Ермака і Івана Шабана. На гэтых работнiкаў па наўмысна сфабрыкаваных абвінавачваннях былі накладзеныя шматлікія спагнанні, якія з'явіліся падставай для таго, каб не падаўжаць з імі тэрміновыя працоўныя кантракты.

У незалежным прафсаюзе ўпэўненыя, што спагнанні, накладзеныя на гэтых работнікаў, ніякім чынам не адпавядаюць цяжару здзейсненых імі парушэнняў, а таксама супярэчаць нормам Працоўнага Кодэкса. Звароты незалежнага прафсаюза ў адміністрацыю прадпрыемства, пракуратуру і суд для таго, каб абараніць сваіх сяброў, у гэтым, як і ў многіх іншых выпадках, ні да чаго не прывялі.

Юрый Швец і Васіль Альхоўскі патрабуюць спыніць супрацьзаконныя дзеянні ў дачыненні да сяброў незалежнага прафсаюзу Мазырскага НПЗ. Яны настойваюць на правядзенні поўнага і аб'ектыўнага расследавання абставінаў звальненняў Генадзя і Таццяны Баброўнікаў, Уладзіміра Ключнікава, Аляксея Ермака і Івана Шабана з прыцягненнем кампетэнтных незалежных спецыялістаў. Прафсаюзныя лідары таксама патрабуюць адмены вынесеных ім дысцыплінарных спагнанняў і падаўжэння працоўных адносінаў на ўмовах, прадугледжаных заканадаўствам краіны і лакальнымі прававымі актамі, якія дзейнічаюць на прадпрыемстве. У выпадку, калі патрабаванні, якія імі вылучаюцца, не будуць выкананыя, Юрый Швец і Васіль Альхоўскі маюць намер абвясціць бестэрміновую галадоўку.

У звароце лідара БКДП падкрэсліваецца, што кіраўніцтва БКДП і Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) спрабавала ўмяшацца ў сітуацыю. Аляксандрам Ярашуком сумесна са старшынёй БНП Мікалаем Зіміным была зробленая спроба сустрэцца з Генеральным дырэктарам ААТ «Мазырскі НПЗ» Анатолем Купрыянавым. Аднак кіраўнік прадпрыемства ад сустрэчы адмовіўся.

Канфлікт, які ўзнік паміж адміністрацыяй і незалежным прафсаюзам ААТ «Мазырскі НПЗ» з нагоды дыскрымінацыі сяброў незалежнага прафсаюза багаты непрадказальнымі наступствамі. Каб не даводзіць справу да крытычнай рысы, лідар БКДП патрабуе тэрмінова склікаць Савет па ўдасканаленні заканадаўства ў сацыяльна -працоўнай сферы пры Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны (створанага ўрадам як інструмент выканання рэкамендацый МАП па аднаўленні правоў рабочых і прафсаюзаў) з запрашэннем адміністрацыі прадпрыемства і кіраўніцтва незалежнага прафсаюза і неадкладна прыняць меры па вырашэнні сітуацыі.

У сувязі з тым, што ціск і дыскрымінацыя сяброў незалежных прафсаюзаў сталі на шэрагу прадпрыемстваў паўсядзённай практыкай, Аляксандр Ярашук лічыць неабходным запрасіць на пасяджэнне Савета, акрамя генеральнага дырэктара ААТ «Мазырскі НПЗ» Анатоля Купрыянава, таксама генеральнага дырэктара РУВП «Граніт» Эдуарда Гаўрылковіча і дырэктара РУП «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў» Аляксандра Аграновіча. На гэтых прадпрыемствах у адкрытай форме ажыццяўляюцца масавыя расправы над сябрамі незалежнага і свабоднага прафсаюза, якія прывялі да звальнення многіх работнікаў за адмову пакінуць арганізацыю.

У звароце падкрэсліваецца, што, «калі з боку ўрада не будуць прынятыя неадкладныя дзеянні па спыненні самавольства і распраў над сябрамі незалежных прафсаюзаў, іх дыскрымінацыі, прыкладу Юрыя Швяца і Васіля Альхоўскага могуць рушыць услед, пайсці на падобныя і яшчэ больш адчайныя акцыі пратэсту іншыя. Сталы пераслед працоўных за прыналежнасць да незалежных прафсаюзаў вымушае іх вырашацца на радыкальныя дзеянні. БКДП не можа і не будзе абыякава назіраць, як здзяйсняецца гвалт і расправа над сябрамі прафсаюзаў, якія ўваходзяць у яго, і не стане абмяжоўвацца толькі заявамі і заклікамі спыніць беззаконне і скончыць з бязмежжам у дачыненні да нашых таварышаў».

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках