5 траўня 2024, Нядзеля, 12:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Вайтовіч: Краіна бедных настаўнікаў багатай не будзе

28
Аляксандр Вайтовіч: Краіна бедных настаўнікаў багатай не будзе

Без развіцця навукі Беларусь не стане паспяховай дзяржавай.

Пра гэта заявіў загадчык лабараторыі Інстытута фізікі НАН Беларусі, былы прэзідэнт НАНБ Аляксандр Вайтовіч каментуючы сайту charter97.org патрабаванне Лукашэнкі да акадэмікаў апярэдзіць урад.

«Незразумела, у чым Акадэмія навук павінна апярэдзіць урад і яго кіраўніка Міхаіла Мясніковіча - у бегу на 100 метраў? Зразумела, што ў некаторых справах Акадэмія навук павінна апярэджваць усіх іншых і тым больш чыноўнікаў. Гэта не дзіўна, што ў навуцы яна павінна апярэджваць урад, але калі проста павінна апярэджваць, то я не ведаю, як гэта каментаваць», - адзначыў навуковец.

Палітык лічыць, што эфектыўнасць трэба павышаць ва ўсім, нават у краіне, у якой, здавалася б, усё ідзе добра.

«Працэс павышэння эфектыўнасці непарыўны. Таму павышаць яе трэба ўсюды, у тым ліку і ў Акадэміі навук. Мне здаецца, што з боку ўлады ўвага да навуковай сферы вельмі недастатковая. І той факт, што Акадэмія навук больш за год была без кіраўніка, таксама паказвае на гэта. Навуковая сфера Беларусі знаходзіцца ў вельмі цяжкім стане, і вядома, што яе фінансаванне таксама недастатковае. Але так можна сказаць аб фінансаванні многіх сфер у краіне. Узяць хоць бы адукацыю, бо заробкі ў нашых настаўнікаў жудасна нізкія. Краіна бедная, і, на жаль, такога развіцця, якое мы меркавалі, няма, і невядома, калі яно будзе», - працягнуў фізік.

Былы прэзідэнт Акадэміі навук дадаў, што пры гэтым заробкі чыноўнікам павышаюць.

«Напэўна, у Беларусі чыноўнікі з'яўляюцца самымі багатымі людзьмі. Але гэта не супярэчыць меркаванню аб тым, што Беларусь з'яўляецца беднай краінай. На мой погляд, навука - гэта вельмі важная галіна. Я б сказаў, што без навукі няма паспяховай дзяржавы. І гэта разумеюць ва ўсім свеце», - падкрэсліў Аляксандр Вайтовіч.

Фізік перакананы, што ў НАН ёсць мноства праблем, якія не вырашаюцца гадамі.

«Напрыклад, 10 гадоў Акадэміяй навук кіраваў чыноўнік, а не прафесіянал, што вельмі адмоўна адбілася на развіцці НАН. У выніку была запушчаная кадравая сістэма ў навуцы, матэрыяльная база вельмі састарэла. Наогул, у краіне няма наладжанай сістэмы інавацый», - заявіў навуковец.

Аляксандр Вайтовіч мяркуе, што пры аўтарытарнай уладзе магчымае паспяховае развіццё навукі.

«Савецкая ўлада таксама была аўтарытарнай, але навука развівалася, і ўвага да навуковай сферы была вялікай. Навука зрабіла моцны рывок, у тым ліку і ў Беларусі. Зразумела, што гэта залежыць ад формы ўлады, але не наўпрост. Калі ўлада разумее важнасць навукі, нават калі яна аўтарытарная, як савецкая, то яна яе развівае. Але калі наша не разумее, то і не развівае яе», - падсумаваў былы прэзідэнт НАН.

Нагадаем, ўчора пры прызначэнні Уладзіміра Гусакова старшынёй прэзідыума НАН Беларусі Лукашэнка заявіў пра неабходнасць павышэння эфектыўнасці работы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках