3 траўня 2024, Пятніца, 16:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларуськалій» перайшоў на трохдзёнку

151
«Беларуськалій» перайшоў на трохдзёнку

Праблемы на найбуйнейшым прадпрыемстве краіны працягнуцца, як мінімум, да лютага.

Эканамічны канфлікт з «Уралкаліем», на топ-мэнэджэраў якога беларускія ўлады распачалі крымінальную справу, вельмі негатыўна адбіўся на фінансавым становішчы салігорскага «Беларуськалію», паведамляе «Радыё Свабода».

Немагчымасць утрымаць кошты на сусветным рынку па-за картэля прывяла да імклівага скарачэння валютных даходаў, вынікам чаго стала зніжэнне заробкаў на прадпрыемстве і праблемы з фінансаваннем сацыяльных праектаў. Байкотам спаборніцтваў пагражаюць спартыўныя каманды, якія знаходзяцца на балансе прадпрыемства.

У канцы жніўня пасля разрыву з «Уралкаліем» і абвалу коштаў на ўгнаенні здабыўныя магутнасці «Беларуськалію» былі пераведзеныя ў рэжым мінімальнай здабычы, а два рудніка з чатырох спыненыя. Скарачэнне вытворчасці адбілася на заробках. Па словах мясцовай жыхаркі Ларысы Насановіч, шматтысячны штат «Беларуськалію» пераведзены на 2/3 акладу. Да асобага распараджэння ўведзены скарочаны тыдзень - з трох ці чатырох рабочых дзён. Прычым тычыцца гэта як уласна шахцёраў, так і наземных службаў, і субпадрадчыкаў, якія былі задзейнічаныя на абслугоўванні абсталявання. Нявызначаная сітуацыя прагназуецца да лютага 2014 года, калі прыйдзе час падпісваць новыя кантракты на пастаўку ўгнаенняў за мяжу.

«Шахцёрскія падземныя брыгады - так званыя здабыўныя, якія непасрэдна здабываюць соль, - у нармальныя часы зараблялі ў сярэднім ад 18 да 21 мільёна рублёў. У каго як атрымлівалася. Гэта, лічыце, нават зараз звыш 2 тысяч даляраў, а тады было яшчэ больш. Потым, пасля вядомых падзей, заробкі ўпалі: ужо летам людзі пачалі скардзіцца, што яны знізіліся да 12 мільёнаў рублёў - ці «экспартныя» зніклі, ці яшчэ якія надбаўкі, але даходы пачалі зрэзаць. А цяпер на 2/3 - яшчэ адзін удар. Але пацярпелі не толькі шахцёры. Таксама ў «Беларуськалію» вялікія службы наземнай вытворчасці, якія называюцца абагачальнымі фабрыкамі. У прынцыпе, калі ўзяць нават самыя хадавыя прафесіі - дапусцім, досыць высокага 5 разраду - то не так шмат яны і атрымлівалі. Недзе па 5-6 мільёнаў, у залежнасці ад кваліфікацыі. Але пры гэтым рэгулярна ішлі «бонусы»: нядрэнныя аздараўленчыя плюс надбаўкі. І калі па выніках месяца ўсе гэта складаць, то ў цэлым сума выходзіла нядрэнная. Нармальна людзі жылі», - распавядае яна.

Яшчэ нядаўна Салігорск быў прывабным месцам не толькі для шахцёраў, але і для спартсменаў. За права абараняць колеры мясцовых футбольнай і хакейнай каманд з абавязковай назвай «Шахцёр» змагаліся як беларускія гульцы, так і легіянеры. «Беларуськалій» у статусе генеральнага спонсара дзяліўся сваім прыбыткам і з футбалістамі, і з хакеістамі. Аднак вось ужо некалькі месяцаў прадпрыемства не мае сродкаў для того6 каб утрымліваць спартсменаў. Футбалісты, якія ідуць другімі ў чэмпіянаце краіны, з лета наракаюць на скарачэнне прэміяльных і зацягванне выплат. Нават ішла размова аб распродажы лепшых гульцоў, каб разлічыцца з пазыкамі. А вось хакеісты ўжо дайшлі да пратэсту. «Я не ведаю, як захадзіць да хлопцаў у распранальню і што казаць падапечным. Я проста стаміўся, і ад бяссілля змяніць сітуацыю іншы раз хочацца выць. Людзі прыходзяць на трэніроўку, на гульню, але не думаюць пра хакей. У іх адна думка - як пракарміць свае сем'і.

Я ўжо не ведаю, да каго звяртацца. Толькі што, капітан і яго асістэнты падышлі да мяне і сказалі, што каманда не выйдзе на наступны матч супраць «Віцебска». Таму што працаваць у такіх умовах проста невыносна. Тут няма нічога ад прафесійнага спорту, тут няма нічога ад прафесіяналізму. Людзі рубяцца, змагаюцца, абматаныя усе, у бінтах, з лёдам сядзяць, без зубоў - я заходжу ў распранальню, гляджу на іх, і мне плакаць хочацца», - сказаў галоўны трэнер гарнякоў Андрэй Гусаў учора.

Але калі спартсмены могуць шукаць сабе лепшае месца і маюць магчымасць перайсці ў больш фінансава прадказальную каманду, то прадстаўнікі працоўных спецыяльнасцяў такой альтэрнатывы пазбаўленыя. Ці можа нестабільнасць на «Беларуськаліі» прывесці да сацыяльных пратэстаў? Грамадская актывістка Ларыса Насановіч падобнага варыянту не выключае.

«Пакуль яны атрымлівалі неблагія па беларускіх мерках грошы, то дазвалялі сабе не толькі бягучыя пакупкі, але і крэдыты - набывалі кватэры, прэстыжныя машыны. Крэдыты вялікія, але з тымі заробкамі выкручваліся - і адсоткі плацілі, і жылі нармальна. Зараз тым, хто сядзіць з крэдытамі, стала няпроста - даходы ў некаторых выходзяць менш за пенсіі», - кажа яна.

Нагадаем, «Уралкалій» 30 ліпеня абвясціў аб спыненні экспартных продажаў праз Беларускую калійную кампанію - СП кампаніі і беларускага дзяржаўнага вытворцы угнаенняў «Беларуськалій». На працягу васьмі гадоў «Уралкалій» і «Беларуськалій» прадавалі сваю прадукцыю толькі праз БКК, на долю якой даводзілася, па дадзеных самой кампаніі, звыш 40 адсоткаў сусветнага рынку калійных угнаенняў.

Пасля выхаду «Уралкалію» з БКК, Уладзіслаў Баўмгертнер быў затрыманы 26 жніўня ў Менску пасля завяршэння перамоў з беларускім прэм'ерам Міхаілам Мясніковічам. Затым ён быў узяты пад варту ў межах расследавання крымінальных спраў, узбуджаных Генпракуратурай Беларусі.

Напісаць каментар 151

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках