3 траўня 2024, Пятніца, 7:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Саудаўская Аравія адмовілася ад месца ў Радзе Бяспекі ААН

11
Саудаўская Аравія адмовілася ад месца ў Радзе Бяспекі ААН

Саудаўская Аравія адмовілася ад месца непастаяннага ўдзельніка ў Радзе Бяспекі ААН у знак пратэсту супраць «няздольнасці гэтага органа спыняць войны».

«Саудаўская Аравія мяркуе, што метады і механізмы працы, двайныя стандарты ў РБ ААН не дазваляюць ёй выконваць абавязкі, несці адказнасць за падтрыманне міжнароднай бяспекі і міру», - гаворыцца ў заяве саудаўскага знешнепалітычнага ведамства.

Адпаведная заява была апублікаваная Міністэрствам замежных спраў краіны адразу пасля таго, як дзяржава была абраная непастаянным удзельнікам Рады бяспекі ААН на двухгадовы тэрмін, паведамляе агенцтва Saudi Press.

Акрамя Саудаўскай Аравіі, у лік непастаянных удзелькаў Рады бяспекі на 2014-2015гг. увайшлі Чад, Чылі, Літва і Нігерыя. Гэтыя дзяржавы заменяць пяцёрку краін, чые паўнамоцтвы мінаюць ў канцы 2013г. - Азербайджан, Гватэмалу, Марока, Пакістан і Тога. Пры гэтым у дзесятцы непастаянных удзельнікаў да канца 2014г. застаюцца Аўстралія, Аргенціна, Люксембург, Рэспубліка Карэя і Руанда, паведамляе РБК.

Адзначым, што раней Саудаўская Аравія ніколі не абіралася ўдзельнікам Рады Бяспекі, як і 70 іншых дзяржаў-удзельніц ААН (усяго ўдзельнікамі ААН з'яўляюцца 193 краіны). Дзяржава, якая з'яўляецца ўдзельнікам ААН, але не з'яўляецца ўдзельнікам РБ, можа ўдзельнічаць у абмеркаваннях без права голасу, калі Рада лічыць, што разгляданае пытанне закранае інтарэсы гэтай краіны.

Акрамя 10 непастаянных удзельнікаў, у Раду бяспекі ўваходзяць пяць пастаянных: Расея, ЗША, Кітай, Велікабрытанія і Францыя.

Рада Бяспекі была створаная ў 1945г. з прыняццем Статута ААН. Да 1965г. яна складалася з 11 удзельнікаў, аднак затым колькасць непастаянных удзельнікаў была павялічаная з шасці да 10, а агульная колькасць - да 15.

Усе дзяржавы-удзельніцы ААН падзеленыя на пяць груп, кожная з якіх мае пэўнае прадстаўніцтва ў Радзе Бяспекі: Афрыканская група (тры краіны), Усходне-еўрапейская група (адна краіна плюс адзін пастаянны ўдзельнік), Азіяцкая група (дзве краіны плюс адзін пастаянны ўдзельнік), Лацінаамерыканская група (дзве краіны), група Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі (дзве краіны плюс тры пастаянных удзельніка).

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках