3 траўня 2024, Пятніца, 13:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Раду паступіў закон аб «вызваленні» Цімашэнка

5
У Раду паступіў закон аб «вызваленні» Цімашэнка

У парламент Украіны ўнесены законапраект, які дазваляе адпраўляць зняволеных на лячэнне за мяжу.

Пра гэта паведамляе РІА Новости.

Аўтарам дакумента з'яўляецца дэпутат з фракцыі кіруючай Партыі рэгіёнаў Мікалай Рудзькоўскі. Канкрэтны змест законапраекта пакуль невядомы.

Папраўкі ў заканадаўства, якія дазваляюць зняволеным лячыцца за мяжой, могуць быць ужытыя да былой кіраўніцы ўрада, апазіцыянерцы Юліі Цімашэнка. Экс-прэм'ер, прысуджаная да пазбаўлення волі, ужо больш за год знаходзіцца ў харкаўскай лякарні ў сувязі з захворваннем хрыбетніка. Пры гэтым яна выказвала жаданне працягнуць лячэнне ў Германіі, піша Lenta.ru.

На думку назіральнікаў, дазвол на выезд Цімашэнка за мяжу з боку ўкраінскіх уладаў фактычна можа азначаць яе вызваленне. Афіцыйна вызваляць апазіцыянерку - праз працэдуру памілавання - украінскі прэзідэнт Віктар Януковіч не стаў.

17 кастрычніка, нагадаем, Януковіч перадаручыў Вярхоўнай Радзе вырашэнне пытання аб выездзе Цімашэнка за мяжу. Ён паабяцаў, што падпіша адпаведны закон, калі дэпутаты яго прымуць. У прэсе расцанілі гэта як спробу прэзідэнта падзяліць з дэпутатамі адказнасць за саступку ў справе Цімашэнка.

У кіруючай Партыі рэгіёнаў пры гэтым заяўлялі, што адпаведны законапраект (аб лячэнні зняволеных за мяжой) павінна падаць у парламент апазіцыя. Раніцай у пятніцу, 18 кастрычніка, у прэсе з'явілася інфармацыя, што партыя ўлады пагадзілася сама падрыхтаваць дакумент. Дэпутат з ПР Уладзімір Алейнік, у сваю чаргу, гэта адмаўляў.

Рудзькоўскі, які падаў законапраект, хоць і ўваходзіць у парламенцкую фракцыю Партыі рэгіёнаў, але пры гэтым з'яўляецца членам іншай партыі - Сацыялістычнай. Нядаўна ён быў абраны яе старшынёй.

Справа Цімашэнка з'яўляецца адной з перашкод на шляху еўраінтэграцыі Украіны. Прадстаўнікі ЕЗ неаднаразова крытыкавалі кіраўніцтва рэспублікі за пераслед былой кіраўніцы ўрада і заклікалі яе вызваліць. У выпадку, калі Кіеў не вырашыць гэтае пытанне, пад пагрозай можа апынуцца падпісанне пагаднення аб асацыяцыі і свабодным гандлі з Еўразвязам (падпісаць пагадненне плануецца на саміце ЕЗ, які пройдзе ў лістападзе).

Юлія Цімашэнка была арыштаваная ў 2011 годзе - праз год пасля таго, як да ўлады прыйшлі яе палітычныя апаненты Віктар Януковіч і яго Партыя рэгіёнаў. Экс-прэм'ера абвінавацілі ў перавышэнні паўнамоцтваў пры заключэнні газавых пагадненняў з Расеяй, суд прыгаварыў яе да сямі гадоў турмы. На Цімашэнка былі заведзеныя і іншыя крымінальныя справы. Сама яна адхіляе ўсе абвінавачванні ў свой адрас, заяўляючы, што ўлады пераследуюць яе па палітычных матывах.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках