3 траўня 2024, Пятніца, 8:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менчанка спрабавала абрабаваць універсам, але ёй ніхто не паверыў

26
Менчанка спрабавала абрабаваць універсам, але ёй ніхто не паверыў

Рабаванне крамы «Цэнтральны» ў Карме, якое не адбылося, папоўніла скарбонку крымінальных кур'ёзаў.

Разам з тым яго галоўнай гераіні зараз пагражае рэальны тэрмін. Рамантыка гангстаршы Боні не давала спакою 17-гадовай менчанцы. Мэтай №1 было абрабаваць банк або як мінімум краму. Фантазія жыва малявала карціну, як яна падыходзіць да касіра, эфектна вырывае з сумачкі зброю і страшным голасам крычыць: «Выкладвай грошы, інакш прыстрэлю!»

Але ў Менску такі план наўрад ці спрацуе: усюды поўна камер сачэння, кожная каса абсталяваная «трывожнай кнопкай». «Не паспееш выпаліць «прыстрэлю», як цябе тут жа скруціць ахова», - разважыла юная гангстарша і вырашыла, што для ажыццяўлення яе плана цалкам падыдзе ціхі райцэнтр. Купіла пнеўматычны пісталет, квіток на аўтобус Менск - Карма (маленькі палескі гарадок, пра які яна нічога не ведала, яшчэ больш падаграваў рамантычныя чаканні дзяўчыны) і адправілася ажыццяўляць задуманае, піша onliner.by.

У Карме выбар крам невялікі. Увагу дзяўчыны прыцягнуў самы вялікі і галоўны - універсам «Цэнтральны». За пяць хвілін да яго закрыцця яна падышла да касіра, дастала пісталет і выпаліла завучана: «Ганіце грошы!» Але атрымалася гэта так непераканаўча, што хлопец, які стаяў ззаду, пырснуў са смеху і сказаў: «Разлічыце мяне, калі ласка, спачатку, а потым ужо будзеце ў гульні гуляць».

Але рабаўніца ўзяла сябе ў рукі і паўтарыла спробу. Ужо больш упэўненым тонам яна зноў запатрабавала аддаць ёй грошы, нават націснула на курок, але, мабыць, забылася ўзвесці затвор - стрэлу не было. Прадавец, у адрозненне ад гангстаршы, доўга не думала - схапіла яе за руку, але зламысніца вырвалася і паспрабавала ўцячы.

Аднак уваходныя дзверы ў краму былі ўжо зачыненыя. Дзяўчыну перадалі праваахоўнікам. Злачынства, якое яна здзейсніла, падпадае пад санкцыю частцы 1 артыкула 207 (разбой) КК Рэспублікі Беларусь і прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках