2 траўня 2024, Чацвер, 7:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сусветны банк раіць адмовіцца ад луканомікі

15
Сусветны банк раіць адмовіцца ад луканомікі

Макраэканамічныя дысбалансы ў Беларусі маюць глыбокія структурныя карані ў эканамічнай мадэлі, заснаванай на дамінаванні дзяржавы ў эканоміцы.

Для стабілізацыі эканомікі Беларусі і прадухілення яшчэ аднаго крызісу плацёжнага балансу тэрмінова патрабуюцца паслядоўная макраэканамічная палітыка і глыбокія структурныя рэформы, адзначае Эканамічны агляд Сусветнага банка па Беларусі.

У першыя дзевяць месяцаў 2013 года ў Беларусі назіралася значнае запаволенне росту рэальнага ВУП. Прычынай таму з'явіўся слабы знешні попыт у спалучэнні з унутранымі фактарамі, уключаючы непаслядоўную макраэканамічную палітыку, адсутнасць прагрэсу ў галіне структурных рэформаў, а таксама падзенне экспарту. Захоўваецца інфляцыйны ціск, аднавіліся знешнія дысбалансы. У адпаведнасці з прагнозам Сусветнага банка на 2013 год, рэальны ВУП вырасце на 1 адсотак, а дэфіцыт рахунку бягучых аперацый павялічыцца да 9 адсоткаў ВУП, і зноў утворыцца нязначны дэфіцыт бюджэту.

«Правядзенне паслядоўнай макраэканамічнай палітыкі з'яўляецца крытычна важным для зніжэння інфляцыйнага ціску, абмежавання знешніх дысбалансаў і прадухілення паўторнага макраэканамічнага крызісу» - адзначыў г-н Чымяо Фан, дырэктар аддзела Украіны, Беларусі і Малдовы Сусветнага банка.

Сусветны банк таксама падкрэслівае, што макраэканамічныя дысбалансы ў Беларусі маюць глыбокія структурныя карані ў эканамічнай мадэлі, заснаванай на дамінаванні дзяржавы ў эканоміцы. Усёабдымныя і ўстойлівыя структурныя рэформы дапамогуць не толькі ліквідаваць дысбалансы, але і закласці аснову для ўстойлівага росту шляхам павышэння прадукцыйнасці і канкурэнтаздольнасці.

Мэтай структурных рэформаў павінен стаць пераход да новай мадэлі росту, заснаванай на істотным росце прадукцыйнасці. Гэта можа быць дасягнута за кошт узмацнення рыначных стымулаў і стварэння больш спрыяльнага інвестыцыйнага клімату для ўсіх відаў бізнесу. Усёабдымная праграма рэформаў павінна ўключаць у сябе лібералізацыю коштаў, рэструктурызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў, празрыстую прыватызацыю і стварэнне ўстойлівага фінансавага сектара, які працуе на рынкавых прынцыпах.

«Структурныя рэформы дазволяць ліквідаваць глыбінныя прычыны макраэканамічнай нестабільнасці і пакласці пачатак устойлівага росту. Яны таксама дапамогуць замацаваць значныя сацыяльныя дасягненні Беларусі», адзначыў г-н Чымяо Фан. «Сусветны банк гатовы аказаць падтрымку Беларусі ў распрацоўцы і рэалізацыі ўсёабдымных структурных рэформаў».

Бягучы інвестыцыйны крэдытны партфель Сусветнага банка ў Беларусі ўключае 5 праектаў на агульную суму 547,5 мільёнаў даляраў ЗША. З моманту ўступлення Беларусі ў Сусветны банк у 1992 г. абавязацельствы краіны дасягнулі 955 мільёнаў даляраў ЗША. Акрамя таго на рэалізацыю прыкладна 30 праграм, у тым ліку праграмы з інстытутамі грамадзянскай супольнасці, было прадастаўленае грантавае фінансаванне ў аб'ёме 23,7 мільёнаў даляраў ЗША.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках