18 траўня 2024, Субота, 16:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пенсіянеры аб падвышэнні пенсій: «Гэта ж курам на смех»

86
Пенсіянеры аб падвышэнні пенсій: «Гэта ж курам на смех»

Становішча беларускіх пенсіянераў не палепшыцца пасля мізэрнага павелічэння пенсій.

У Беларусі з 1 лістапада падвышаюцца пенсіі. Адпаведны ўказ Лукашэнка падпісаў 21 кастрычніка. У выніку працоўныя пенсіі грамадзян павялічацца ў сярэднім на 5,1%. Як да такога падвышэння ставяцца самі пенсіянеры?

Апошні раз пенсіі падвышаліся ў верасні - на 11%. Сярэдняя сума пенсіі цяпер складае 2 мільёны 200 тысяч рублёў, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. На думку эканаміста, прафесара Барыса Жалібы, агулам пенсійны ўзровень у Беларусі вельмі нізкі, паведамляе «Радыё Свабода».

«Мы саступаем усім суседзям: Расеі, краінам Балтыі, не кажучы ўжо пра заходнія краіны. Выключэнне - толькі Украіна, але там значна ніжэйшыя кошты. Я мяркую, што гэта чарговае падвышэнне - мізэрная кропля ў моры. 5% - гэта амаль што нічога. Тым больш, што ўвосень падвысіліся тарыфы на электрычнасць, на камунальныя паслугі, на шэраг тавараў. У нас інфляцыя, калі кошты верасня 2013 года параўнаць з вераснёўскімі коштамі ў мінулым годзе - 15% у гадавым вылічэнні. Так што такое падвышэнне не кампенсуе інфляцыі», - адзначае экспэрт.

Пенсіянерка Валянціна Сямёнаўна адзначае, што з кастрычніка мінулага года да верасня 2013 года цэлы год падвышэння пенсій не было. Што да абяцанага падвышэння ў лістападзе, жанчына кажа:

«Гэта ж курам на смех! Са студзеня да верасня не падвышаў, а тут аж на 5%. Ужо лепш бы не ганьбіўся наш Аляксандр Рыгоравіч! Кошты стала падвышаюцца. Колькі дададуць? 100 тысяч? Ну што на іх можна купіць? Правільна, ён зэканоміў на нас, бо грошай у яго няма, бо ён усё будуе, будуе. Навошта гэты Палац незалежнасці на Арлоўскай, лядовы палац у Чыжоўцы? Гэтыя ж усе выдаткі на бюджэце адбіваюцца. Не, мы незадаволеныя, шчыра вам кажу».

Пенсіянерка Галіна Мікалаеўна таксама абураецца:

«Ах, ты Божа мой, падвысілі, называецца! Яны б успомнілі, як месяц таму прамінулай датай падвысілі кошты на газ, на ацяпленне, на гарачую ваду, на электрычнасць. Хлеб даслоўна кожны тыдзень даражэе. Вось так паціху кошты паўзуць уверх. Так што гэтыя 5% - яны што ёсць, што няма - мы і не заўважым. Нават з улікам гэтых 5% мы ўсё роўна будзем у мінусе, яшчэ ў якім мінусе».

Паводле інфармацыі Белстата, за студзень-жнівень 2013 года да адпаведнага перыяду 2012 года сярэдняя сума пенсіі па ўзросце павялічылася на 48,5%, а ў рэальным выражэнні - на 24%. А стасунак гэтай пенсіі да сярэдняга заробку падтрымліваецца на ўзроўні 40%.

Барыс Жаліба статыстыцы Белстата не давярае:

«Гэтыя падлікі, што пенсія вырасла больш чым на 40% - я не веру Белстату. Я сам пенсіянер і ведаю, што на пенсію пражыць немагчыма. Як гэта было, так гэта і застаецца».

Напісаць каментар 86

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках