18 траўня 2024, Субота, 15:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка рыхтуе рэйдарскі захоп «Уралкалію»

150
Лукашэнка рыхтуе рэйдарскі захоп «Уралкалію»

Беларускі кіраўнік спрабуе купіць праз падстаўных асоб пакет акцый Керымава.

Пра гэта заявіў палітолаг Андрэй Суздальцаў, каментуючы сайту charter97.org сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі на саміце СНД у Менску.

«З аднаго боку, Лукашэнка даказваў, што Баўмгертнера неабходна судзіць у Расеі і што ён нанёс большую шкоду не Беларусі, а Расеі. У прынцыпе, Расея пайшла на некаторыя саступкі, таму што незразумела, што будзе далей з «асабістым ворагам Лукашэнкі», і таму чалавека трэба вывозіць з Беларусі. 11 кастрычніка, выступаючы перад расейскімі журналістамі, Лукашэнка ці ледзь не марыў, што Уладзіслава Баўмгертнера схопяць, прывязуць і пасадзяць у «Бутырку», - адзначыў эксперт.

Палітолаг падкрэсліў, што на дадзены момант справа заведзеная, выпісаны ордэр на арышт, гатовыя ўсе дакументы для экстрадыцыі Баўмгертнера ў Расею.

«Масква ўсё зрабіла, і ўзнікае новае пытанне: а грошай яшчэ дасце? Калі беларускі бок настойвае на нейкіх грошах, то павінен гэта абгрунтаваць, таму што кампенсацыя ў такіх выпадках ажыццяўляецца толькі па суду. Таму размова прыкладна зразумелая. Словы Уладзіміра Пуціна будуць канкрэтныя: «Мы ўсё зрабілі - дзе чалавек?». Словы Лукашэнкі: «Дайце яшчэ грошай». Пуцін: «Але на якой падставе, бо рашэння суда і зафіксаваных стратаў няма». Такім чынам атрымліваецца замкнёнае кола», - лічыць эксперт.

Андрэй Суздальцаў перакананы, што таму гэтае пытанне абавязкова трэба будзе растлумачыць.

«Па-другое, узнікаюць пытанні пра перспектывы захопу «Уралкалію». Ясна, што Лукашэнка дае грошы на скупку сярэдняга пакета акцый «Уралкалію». Гэта значыць фактычна сталі весціся размовы аб рэйдарскім захопе «Уралкалію». Гэта тым больш цікава, таму што са жніўня месяца менавіта «Уралкалій» вінавацяць у спробе рэйдарскага захопу дзяржаўнага аб'яднання «Беларуськалій». Зразумела, што каб захапіць дзяржаўнае аб'яднанне, то трэба захапіць усю дзяржаву. Але, тым не менш, Лукашэнка працягвае казаць пра гэта. «Уралкалій» - камерцыйная кампанія, і, вядома, яе акцыі прадаюцца. Гэта таксама цікавае пытанне. Я думаю, што Лукашэнка хоча купіць пакет акцый Сулеймана Керымава праз падстаўных асоб, і гэтая тэма напэўна будзе таксама абмяркоўвацца на сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам», - мяркуе палітолаг.

Эксперт упэўнены, што ўвесь комплекс адносінаў паміж Расеяй і Беларуссю блакаваны пытаннем аб тым, што ёсць закладнік, за якога патрабуе грошы.

«Ну як можна весці іншыя размовы пра шосты транш крэдыту ЕўрАзЭС, пра новы крэдыт, пра пастаўкі расейскай нафты ў чацвёртым квартале і наступным годзе, калі ёсць закладнік? Таму ў вырашэнні гэтых пытанняў у Лукашэнкі няма іншага шляху, як станоўча вырашыць сітуацыю з гендырэктарам «Уралкалію». У адваротным выпадку Лукашэнка ператворыцца ў поўнага ізгоя і стане другім Кім Чэн Ынам», - падсумаваў Андрэй Суздальцаў.

Нагадаем, прэзідэнт Расеі сустрэнецца з беларускім кіраўніком «на палях» пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое пройдзе 24-25 кастрычніка ў Менску.

Напісаць каментар 150

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках