29 красавiка 2024, панядзелак, 11:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь ігнаруе рэкамендацыі аб будаўніцтве АЭС

14
Беларусь ігнаруе рэкамендацыі аб будаўніцтве АЭС

Экспэрты далі ацэнку выкананню Беларуссю Орхускай канвенцыі ў сувязі з будаўніцтвам АЭС і Нёманскай ГЭС

Шэраг рэкамендацый Камітэта выканання Орхускай канвенцыі ЕЭК ААН у сувязі з будаўніцтвам АЭС і Нёманскай ГЭС у Беларусі застаецца нявыкананым - такое меркаванне выказалі міжнародныя экспэрты пасля нядаўняй сустрэчы Камітэта ў Жэневе.

На сваёй чарговай сустрэчы ў Жэневе 25-27 верасня Камітэт выканання Орхускай канвенцыі разгледзеў даклад Мінпрыроды Беларусі аб захадах для выканання рэкамендацый, якія былі дадзеныя ў сувязі з будаўніцтвам АЭС і Нёманскай ГЭС. У чэрвені 2011 года Камітэт выканання Орхускай канвенцыі прызнаў, што Беларусь парушыла шэраг базавых палажэнняў Канвенцыі пры будаўніцтве Нёманскай ГЭС і Астравецкай АЭС і даў ёй рэкамендацыі для змянення заканадаўства і праваўжывальнай практыкі. І, паколькі парушэнні тычыліся абмежавання грамадскасці ў экалагічных правах, то і рэкамендацыі былі збольшага накіраваныя на аднаўленне гэтых правоў.

Мінпрыроды Беларусі падала Камітэту ў якасці справаздачы аб выкананні рэкамендацый інфармацыю аб распрацаваных законапраектах, якія рэгулююць абмеркаванне з грамадскасцю экалагічна значных пастаноў. Экспэрты Камітэта адзначылі, што некаторыя рэкамендацыі сапраўды выконваюцца прыняццем прапанаваных законапраектаў, аднак шэраг іншых застаецца нявыкананым і не знаходзіць адлюстравання ў прапанаваных Беларуссю мерапрыемствах.

У прыватнасці, скасаваўшы старыя заканадаўчыя акты, якія рэгулююць удзел грамадскасці ў прыняцці пастаноў у ядзернай сферы, Беларусь не прыняла ніякіх іншых заканадаўчых актаў, мяркуе Андрэй Андрусевіч, юрыст Еўрапейскага «Экафоруму». У той жа час, паводле ягоных слоў, у дзейным заканадаўстве так і не знайшла адлюстраванне рэкамендацыя Камітэта для вызначэння таго, якая менавіта пастанова з'яўляецца канчатковай, у дачыненні да будаўніцтва АЭС. На думку Ежы Ендрошкі, куратара справы Беларускай АЭС у Камітэце выканання Орхускай канвенцыі, не была ўлічаная і рэкамендацыя Камітэта ў сувязі з будаўніцтвам АЭС даваць асобе, якая прымае пастанову, рэкамендацыі і пажаданні грамадскасці ў поўным аб'ёме.

Нягледзячы на асобныя пазітыўныя зрухі ў законатворчай сферы, якая рэгулюе абарону экалагічных правоў грамадзян, Беларусь працягвае парушаць Орхускую канвенцыю пры будаўніцтве АЭС. Самымі абуральнымі з'яўляюцца прыклады адмовы ў выдачы грамадскасці інфармацыі, у прыватнасці, выпадак, калі групу маладых эколагаў не пусцілі ў інфацэнтр АЭС. Гэтае меркаванне падало Камітэту Грамадскае аб'яднанне «Экадом».

Пасля абмеркавання беларускага пытання, чальцы Камітэта выканання Орхускай канвенцыі, разважылі, што з улікам негатыўнай праваўжывальнай практыкі і вынікаў выканання Беларуссю рэкамендацый не выключаная магчымасць змены саміх рэкамендацый.

«Аднак гэтыя рэкамендацыі, на мой погляд, павінны быць пашыраныя і канкрэтызаваныя ў галіне праваўжывальнай практыкі ў сувязі з будаўніцтвам АЭС, як напрыклад, рэкамендацыі камітэта Эспо. Атамная энэргетыка найбольш экалагічна небяспечная, таму гэтак важна ўлічваць меркаванне грамадзян, гэта значыць выконваць міжнародныя экалагічныя канвенцыі. Там жа, дзе меркаванне грамадзян ўлічваецца, напрыклад, у Італіі, Нямеччыне, Аўстрыі, Швайцарыі, Бельгіі, Літве і шэрагу штатаў ЗША атамныя электрастанцыі ўжо не будуюць», - заявіла сайту charter97.org эколаг Таццяна Новікава.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках